Нікіфароўскі Мікалай Якаўлевіч
Нікіфароўскі Мікалай Якаўлевіч нарадзіўся 17 мая 1845 года ў в. Вымна Віцебскага раёна. Этнограф, фалькларыст, асветнік.
Калі згадаць даследчыкаў матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, то ў лік найбуйнейшых, выбраных з выбраных абавязкова стане імя Мікалая Якаўлевіча Нікіфароўскага – выдатнага збіральніка народна-паэтычных скарбаў, удумлівага даследчыка вуснай паэзіі, народных звычаяў і абрадаў, складальніка змястоўных зборнікаў фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў.
Нарадзіўся Нікіфароўскі на Віцебшчыне ў вёсцы Вымна Веліжскага павета (Віцебскі раён). Яго бацька быў панамаром у вясковай царкве. Сям'я жыла вельмі бедна і была блізкая нават да таго, каб пайсці «з торбамі». Маці трымалася з апошніх сіл. Аднак гэта сардэчная, чулая жанчына рабіла ўсё, каб даць дзецям пачатковую адукацыю. На апошнія грошы яна магла купіць азбуку з малюнкамі, каб навучыць двух сыноў і дачку чытаць. Першымі настаўнікамі Нікіфароўскага былі выпадковыя людзі: адстаўны салдат, хросны бацька, пісьменны падлетак, манах, сельскі святар. Вучыліся дзеці дзе прыходзілася: у хаце, у двары, на беразе возера, у манастыры. У 1854–1855 гг. на задворках панскага маёнтка была арганізавана школа для сялянскіх дзяцей, дзе выкладаў нейкі пан Рэрых – зволены гімназіст Віцебскай гімназіі, і бацькі ўладкавалі хлопчыка туды. Быў яшчэ адзін настаўнік у Мікалая Нікіфароўскага – Іван Зазубовіч, былы слухач Віцебскага духоўнага вучылішча. Менавіта ён падрыхтаваў хлопчыка да паступлення ў Віцебскі архірэйскі хор, а потым – у духоўнае вучылішча. Шэсць гадоў вучобы прайшлі ў напружанай працы, і ў ліпені 1861 г. Нікіфароўскага як лепшага вучня перавялі ў Віцебскую семінарыю. У семінарыі ён зачытваўся кнігамі: біяграфіямі герояў вайны 1812 г., падарожжамі, выпісваў у сшыткі выказванні, выразы, старажытныя народныя вераванні і забабоны. Рыхтуючыся стаць свяшчэннікам, Нікіфароўскі збіраў матэрыялы для будучай барацьбы з перажыткамі паганства. Пасля паспяховага заканчэння семінарыі ў 1867 г. яму прапанавалі паступіць у Пецярбургскую духоўную акадэмію за свой кошт. Грошай не было, ніхто з блізкіх не мог дапамагчы. Са смерцю маці гаспадарка зусім заняпала. На просьбу пра дапамогу і месца свяшчэнніка Нікіфароўскі атрымаў ад архірэя адмову. Тады ён вырашыў стаць настаўнікам і пасля паўтарамесячнай падрыхтоўкі быў прызначаны выкладчыкам народнага вучылішча ў в. Лоўжа. Так пачалася настаўніцкая дзейнасць Нікіфароўскага. Большую частку жыцця ён працаваў у навучальных установах Віцебска. На педагагічнай ніве вышэй настаўніка падрыхтоўчага класа гімназіі ці семінарыі Нікіфароўскі не пайшоў, аднак пакінуў багатую спадчыну па этнаграфічнаму вывучэнню роднай Віцебшчыны, асабліва калі пазнаёміўся з вядомым вучоным П. В. Шэйнам. Нікіфароўскі больш за дваццаць гадоў бескарысліва працаваў яго карэспандэнтам. Ён даслаў Шэйну такое мноства фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, што той у сваіх выданнях змог змясціць толькі іх частку, астатняе ж перадаў у архіў Акадэміі навук. Сваёй папулярнасцю і навуковай каштоўнасцю фальклорна–этнаграфічныя зборнікі Шэйна ў значнай меры абавязаны Нікіфароўскаму, які зусім не клапаціўся пра славу і марыў толькі пра тое, каб усё сабранае ім па роднай Беларусі ўбачыла свет.
У 1890 г. Нікіфароўскі стаў членам Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (ТАПЭ) пры Маскоўскім універсітэце і рэдактарам часопіса «Этнографическое обозрение», пачаў выступаць з самастойнымі працамі. Ён апублікаваў каля дваццаці даследаванняў, якія сталі каштоўнай крыніцай для вывучэння матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, іх вуснапаэтычнай творчасці. Этнаграфічны аддзел ТАПЭ з 1892 г. пачаў выдаваць серыю нарысаў Нікіфароўскага пад агульнай назвай «Нарысы Віцебскай Беларусі». Асноўную ўвагу ў гэтай працы даследчык удзяляў характарыстыцы становішча розных груп насельніцтва Віцебшчыны (старцаў, музыкаў і інш.) у час прыгонніцтва. «Нарысы...» складаліся з васьмі частак і былі завершаны ў 1899 г. Нікіфароўскі з'яўляецца таксама аўтарам буйнейшага даследавання па матэрыяльнай культуры беларусаў XIX ст. «Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку» (1895). У ім змяшчаюцца падрабязныя этнаграфічныя звесткі па матэрыяльнай культуры і вытворчай дзейнасці сялян Віцебшчыны. Трэцяй капітальнай працай Нікіфароўскага стала кніга «Простанародныя прыкметы і павер'і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны» (1897). У ёй апублікавана 2307 розных народных прыкмет, павер'яў, забабонаў, абрадаў, звычаяў, сродкаў народнай медыцыны і ветэрынарыі, а таксама сказы і легенды аб асілках. 3 фальклорных прац Нікіфароўскага заслугоўвае ўвагі першы буйны зборнік беларускіх частушак «Беларускія песні-частушкі» (1911), выдадзены ўжо пасля смерці збіральніка. Ён змяшчае 2356 частушак, сабраных Нікіфароўскім і яго карэспандэнтам з 1860 па 1905 гг. Гэты зборнік дае багаты матэрыял, з дапамогай якога можна прасачыць працэс развіцця частушачнага жанра з сярэдзіны XIX да пачатку XX ст. Нікіфароўскаму належаць таксама зборнікі «Простанародныя загадкі» (1898), «Нячысцікі. Збор простанародных у Віцебскай Беларусі паданняў пра нячыстую сілу» (1907, 2-е выд. Віцебск, 1995), «Напаўпрыказкі і напаўпрыслаўкі» (1928) і інш.
Навуковая дзейнасць Нікіфароўскага была плённай і каларытнай. Кнігі вучонага дапамаглі выпрацоўцы правільных поглядаў на Беларусь і беларускі народ. Яны з'яўляюцца каштоўнай і багацейшай крыніцай усебаковага вывучэння матэрыяльнай і духоўнай спадчыны беларусаў.
Памёр 10 чэрвеня 1910 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Абрамова, И. Знаток Витебской старины / И. Абрамова // Віцебскі рабочы. – 2004. – 10 студз. – С. 3.
2. Арсеньев, А. Портрет в овале / А. Арсеньев // Народнае слова. – 1996. – 28 мая. – С. 2.
3. Іваноў, С. Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі / С. Іваноў // Сцяг Перамогi (Лёзна). – 2007. – 20 лістап. – С. 3.
4. Нікіфароўскі Мікалай Якаўлевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2000. – Т. 11 : Мугір–Паліклініка. – С. 342.
5. Нікіфароўскі Мікалай Якаўлевіч // Новыя кнігі . – 2005. – № 2. – С. 8–10.
6. Нікіфароўскі Мікалай Якаўлевіч // Памяць: Віцебскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: А. П. Красоўскі [і інш.] ; уклад. У. І. Мезенцаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2004. – С. 83–86.
7. Нікіфароўскі Мікалай Якаўлевіч // Камяні тых сядзібаў : шляхі паэтаў ХІХ ст. / К. Цвірка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2004. – С. 297.
8. Подлипский, А. Он знал и любил «Витебскую Белоруссию» / А. Подлипский // Народнае слова. – 1995. – 4 мая. – С. 6.
9. Пятроўская, Г. А. Пачынальнік беларускага народазнаўства М. Я. Нікіфароўскі / Г. А. Пятроўская. – Мінск : Навука і тэхніка, 1991. – 72 с.
10. Степанская, Т. На поклон к автору «Нечистиков» / Т. Степанская // Народнае слова. – 2010. – 27 мая. – С. 10.
11. Ціхамірава, І. Настаўнік, этнограф, краязнаўца / І. Ціхамірава // Сцяг Перамогi (Лёзна). – 2005. – 17 мая. – С. 2.