Пачопка Янка
Пачопка Янка (сапраўднае прозвішча і імя – Пачопка Іван Пятровіч; псеўданімы Башкір, Праваслаўны) нарадзіўся 8 лістапада 1890 года ў в. Летнікі Дзісенскага павета Віленскай губерні (зараз Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці). Беларускі паэт, празаік, фалькларыст. У 1913 г. скончыў Варанецкую сельскагаспадарчую школу (цяпер у Пастаўскім раёне). Працаваў у Дэпартаменце земляробства Віленскай губерні. Па прапанове паслоў Грамады быў рэдактарам двухтыднёвіка «Праваслаўны беларус» (1925), які выдаваўся ў Варшаве. Працаваў аграномам (1939–1958). У 30-я гг. жыў на ўласнай гаспадарцы.
Літаратурную працу Я. Пачопка пачаў з вершаў. Вёска Летнікі, дзе нарадзіўся пісьменнік, была ўся населена Пачопкамі, дзялілася на два «канцы», якія па-вулічнаму называліся Башкіры і Вушлакі, таму адзін з псеўданімаў Я. Пачопкі – Башкір. Першы яго верш «Дудар» надрукаваны ў «Нашай Ніве» (1913). У 1912 г. з'явіўся пераклад з рускай мовы. Пісаў таксама прозу. Першае апавяданне «Злы лёс» апублікавана ў газеце «Савецкая Беларусь» (1921).
З малых гадоў Я. Пачопка збіраў і запісваў народныя казкі, паданні, з якіх потым нарадзілася кніга «Народныя казкі і апавяданні Дзісненшчыны», якая павінна была друкавацца ў выдавецтве Клецкіна. Аднак разгром Грамады прыпыніў дзейнасць выдавецтва. З друку выйшла толькі адна казка «Дурнішча» (1927). Вершы, народныя апавяданні, казкі, апрацаваныя Я. Пачопкам, друкаваліся на старонках дзіцячых часопісаў «Заранка», «Пралескі», у «Праваслаўным беларусе». Дзякуючы свайму гумарыстычнаму таленту, Я. Пачопка стала супрацоўнічаў з часопісам «Маланка», дзе друкаваў свае вершы і байкі пад псеўданімам Шкірба. Творы яго змяшчаліся таксама ў заходнебеларускіх часопісах «Калоссе», «Хрысціянская думка», газеце «Сялянская ніва».
У 20-я гг. у Вільні выйшлі яго кнігі на сельскагаспадарчую тэматыку: «Малочная карова: як яе выбраць, карміць і даглядаць», «Гародніцтва: як трэба гаспадарыць на гародзе, каб мець добрае ворыва», «Як выбраць добрага каня», «Пчолы і як вадзіць іх у рамовых вуллях».
Я. Пачопка быў блізкім сябрам і земляком беларускага мастака Я. Драздовіча, які зрабіў яго разны партрэт і малюнкі да яго кнігі «Пчолы...».
Памёр Я. Пачопка 26 мая 1977 года. Пахаваны ў в. Малінаўка Глыбоцкага раёна.
ЛІТАРАТУРА
1. Кожан, К. А. Янка Пачопка – паэт і аграном / К. А. Кожан // Памяць: Шаркаўшчынскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Л. М. Драбовіч [і інш.] ; уклад. Л. М. Лабачэўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2004. – С. 144.
2. Марачкіна, І. Паэт з вёскі Летнікі / І. Марачкіна // Літаратура і мастацтва. – 1991. – 11 студз. – С. 7.
3. Пачопка Янка // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1992. – Т. 2 : Верабей–Іваноў. – С. 510–511.
4. Рублеўскі, С. Як Васіль Пачопка надрэзаў помачы на штанах глабальнай дэмакратыі : [апавяданне] / С. Рублеўскі // Народнае слова. – 2004. – 29 крас. – С. 14.