Палітыка Дзмітрый Антонавіч
Палітыка Дзмітрый Антонавіч нарадзіўся 15 мая 1915 года ў в. Гарывец Чашніцкага раёна ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў Мінскім і Лепельскім педагагічных тэхнікумах (1930–1932). Настаўнічаў у пачатковай школе ў в. Копцевічы.
У 1935 годзе скончыў літаратурны факультэт Магілёўскага педінстытута. Працаваў у літаратурным кабінеце гэтага інстытута, у Полацкім педвучылішчы. Служыў у Чырвонай Арміі (1936–1937). Выкладаў рускую літаратуру ў Магілёўскім педвучылішчы (1937–1941), у педінстытуце (1944–1945), быў на педагагічнай рабоце ў Башкірскай АССР (1941–1944).
У 1950 годзе скончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС. З 1950 года загадваў кафедрай рускай і беларускай мовы і літаратуры Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КП Беларусі. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт.
Дэбютаваў вершамі ў 1932 годзе. З 1946 года пачаў выступаць як крытык. Выйшлі брашуры «О значении советской литературы в коммунистическом воспитании трудящихся» (1952), «Великий русский писатель-сатирик М. Е. Салтыков-Щедрин» (1955) і «Беларуская пасляваенная проза» (1958), літаратуразнаўчыя працы «Янка Купала – перакладчык» (1959), «Роман И. А. Гончарова «Обрыв» (1962) і зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў «Сляды часу» (1967).
Архiў Дзмітрыя Антонавіча Палітыкі захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.
Памёр Дзмітрый Антонавіч 18 красавіка 1965 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Дзеячы культуры і навукі – ураджэнцы Чашніччыны // Гістарычна-краязнаўчы курс «Наша Чашніччына». Чашніказнаўства / В. В. Грыбко. – Мінск : Медисонт, 2007. – С. 138–149.
2. Дзмітрый Палітыка // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 414.
3. Палітыка Дзмітрый Антонавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2001. – Т. 12 : Палікрат–Праметэй. – С. 9.
4. Палітыка Дзмітрый Антонавіч // Памяць: Чашніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: М. Ц. Дробыш [і інш.] ; аўт.-уклад. Н. Т. Кіндзяева ; рэд.: А. І. Валахановіч, В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1997. – С. 454.