Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Перасветаў Іван Сямёнавіч

Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Браслаўскі раён, в. Плюсы
Род дзейнасці
пісьменнік, публіцыст

Перасветаў Іван Сямёнавіч, пісьменнік, публіцыст ХVІ стагоддзя, паводле адной з версій вядомага гісторыка А. Зіміна мог паходзіць з Браслаўшчыны. Месцам яго нараджэння называецца вёска Плюсы, якая ў старажытныя часы мела назву Перасвеціца. Таксама лічыцца, што Іван Перасветаў быў выхадцам з заходнерускіх зямель, «каралеўскі дваранін» Вялікага княства Літоўскага.

У 20-30-я гг. XVI стагоддзя служыў у польска-літоўскіх войсках.

У канцы 1538 ці пачатку 1539 гг. Іван Сямёнавіч прыехаў з Літвы ў Маскву. Да гэтага нёс вайсковую службу спачатку ў войсках польскага караля, затым у атрадах Ф. Сапегі і А. Тэнчынскага, прымаў удзел у вайне за вугорскую спадчыну (1532–1534). Пасля заканчэння вайны ў Венгрыі Перасветаў быў пасланы да малдаўскага ваяводы Пятра Рарэша, дзе пазнаёміўся з выхадцам з Масквы Васілём Мярцалавым. Мабыць, тут і была ў яго ахвота вярнуцца на радзіму. Знаходжанне за мяжой дало яму магчымасць добра пазнаёміцца з палітычнай барацьбой, якая вялася ў гэты час у Польшчы і Літве, а таксама засвоіць некаторыя ідэі польскіх і чэшскіх гуманістаў.

Прыехаўшы ў Маскву, Іван Сямёнавіч прапанаваў ураду малалетняга тады Івана Грознага арганізаваць майстэрню для вырабу адмысловых шчытоў македонскага ўзору (гэтыя шчыты маглі спатрэбіцца ў вайне з Казанскім царствам). Прапанова Перасветава была прынята, і ён паступіў на службу да баярына М. Ю. Захар'іна, які павінен быў назіраць за працай. Баярын Захар'ін неўзабаве памёр, работа майстэрні спынілася, маёнтак баярына апусцеў, маёмасць была вывезена за мяжу.

Прыход да ўлады ўрада Сільвестра Адашава некалькі змяніў становішча ў краіне. Скарыстаўшыся гэтым, 8 верасня 1549 года Іван Сямёнавіч падае Івану Грознаму дзве «кніжыцы», у якія ўваходзіла шэраг яго публіцыстычных твораў, у іх ён прапанаваў праект неабходных, на яго думку, дзяржаўных рэформаў. Разам з «кніжыцай» публіцыст уручае цару «Малую» чалабітную, дзе малюе сваё гаротнае становішча і просіць дапамогі. Адказу на яе не было, і таму ён неўзабаве падае другую – Вялікую чалабітную, да якой прыкладае копію пададзеных раней твораў. Хоць прапановы і просьбы яго былі пакінутыя без увагі, аднак рэформы Івана Грознага, праведзеныя ў 50-я гг. XVI стагоддзя, шмат у чым пераклікаюцца з тым, што лічыў неабходным зрабіць Іван Перасветаў.

Апошняя згадка пра Івана Сямёнавіча знаходзіцца ў «Описи царского архива» (1562–1572); тут захаваўся «черный список Ивашки Пересветова да Петра Губастого и иные списки». Верагодна, з-за сваіх поглядаў у сярэдзіне XVI стагоддзя пісьменнік стаў ахвярай рэпрэсій.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Зимин, А. А. И. С. Пересветов и его современники: очерки по истории русской общественно-политической мысли середины XVI в. / А. А. Зимин. – Москва : Издательство АН СССР, 1958. – 498 с.

2. Золотухина, Н. М. Российские мыслители о национальном факторе в государственном устройстве (XI – первая четверть XIX вв.) / Н. М. Золотухина // История государства и права. – 2009. – № 17.– С. 17–23.

3. Перасветаў Іван Сямёнавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2001. – Т. 12 : Палікрат–Праметэй. – С. 287.

4. Перасветаў Іван Сямёнавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: М. В. Біч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1999. – Т. 5 : М–Пуд. – С. 466–467.

5. Перасветаў Іван Сямёнавіч // Мысліцелі і асветнікі Беларусі. X–XIX стагоддзі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1995. – С. 275.

6. Самоваров, А. В. Воин Иван Пересветов : исторический роман / А. В. Самоваров. – Москва : МГП «МИК», 1992. – 298 с.