Пракаповіч Ігар Міхайлавіч
Пракаповіч Ігар Міхайлавіч нарадзіўся 9 снежня 1960 года ў г. Паставы, беларускі пісьменнік.
Маленства правёў у родным горадзе, але часта, асабліва ўлетку, наведваў Мядзельшчыну, Нарачанскі край – радзіму бацькоў. У 1985 годзе скончыў геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам у Апідамскай васьмігадовай школе, старшынёй Палескага сельскага Савета. 3 1986 года – настаўнік геаграфіі СШ № 1 г. Паставы і кіраўнік навуковага краязнаўчага таварыства школьнікаў «Ювента». Займаецца літаратурай, краязнаўствам, турызмам, педагогікай.
У 1994 годзе Ігар Міхайлавіч быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Працуе пераважна ў жанры паэзіі. Першая публікацыя (вершы «Няўтульная асенняя пара», «Гарыць агнём мой даўні лёс...», «I зноў настане дзень...») з'явілася ў пастаўскай раённай газеце «Звязда» 13 снежня 1986 года. Выдаў зборнікі вершаў: «Рэха малітваў» (1993), «Намагнічаны космас» (1996), «Шляхі наканаванага бязмежжа» (1999). За кнігу паэзіі «Рэха малітваў» атрымаў званне лаўрэата прэміі часопіса «Маладосць». Працуе таксама ў жанрах прозы, драматургіі, займаецца перакладамі. Аўтар шэрагу артыкулаў па гісторыі, тапаніміцы, культуры раёна («Старажытная гісторыя Пастаўшчыны», «Пастаўская воласць у сярэдзіне XIX стагоддзя», «Забыты шлях», «Што ў назве?», «3 роду фундатараў і мецэнатаў» і інш.). Адкрыў месца старажытнага паселішча каля возера Саранчаны і курганны могільнік каля в. Міхаліна.
Аўтар шэрагу вучэбных праграм, некалькіх навукова-педагагічных прац, у тым ліку: «Сістэма школьнага краязнаўства», «Методыка вывучэння роднага краю», «Геаграфічныя назвы мацерыкоў». Аўтар краязнаўчых кніг «Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна» (1994), «Адкуль паходзяць назвы. Назвы рэк і азёр Пастаўскага раёна» (2000). Аўтар зборнікаў: «Рэха малітваў» (1993), «Намагнічаны космас» (1996), «Шляхі наканаванага бязмежжа» (1999), «Луска вечнасці» (2005), «Калядны ранак» (2007), «О Беларусь, мая шыпшына...» (2007) і іншыя. У 2014 годзе пабачыла свет невялічкая энцыклапедыя Пастаўшчыны – «Чароўны край – Пастаўшчына».
ЛІТАРАТУРА
1. Гальпяровіч, Н. Сціплая радасць жыцця Ігара Пракаповіча / Н. Гальпяровіч // Літаратура і мастацтва. – 2018. – 4 мая. – С. 5.
2. Гірвель, В. Верш–споведзь і верш–песня... / В. Гірвель // Народнае слова. – 2006. – 1 жн. – С. 4.
3. Гусаченко, Т. И. Прокопович Игорь Михайлович / Т. И. Гусаченко // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 376.
4. Заяц, І. Знаёмцеся – мой настаўнік Ігар Міхайлавіч Пракаповіч / І. Заяц // Голас Радзiмы. – 2006. – 9 лістап. – С. 6.
5. Касаткіна, Ф. Нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі» / Ф. Касаткіна // Пастаўскі край. – 2018. – 17 кастр. – С. 1.
6. Мікола Пракаповіч // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 438.
7. Майсейчык, А. А. Пракаповіч Мікола / А. А. Майсейчык, Г. І. Рэут // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1995. – Т. 5 : Пестрак–Сяўрук. – С. 38–40.
8. Пракаповіч, І. М. Бачыць перспектыву / І. М. Пракаповіч ; гутарыла М. Весялуха // Літаратура і мастацтва. – 2012. – 13 студз. – С. 7.
9. Пракаповіч, І. М. «Божа, як яны ігралі! Як пачнуць іграць – брат мой!» / І. Пракаповіч ; гутарыў У. Сауліч // Сельская газета. – 2018. – 14 апр. – С. 31.
10. Пракаповіч, І. М. «Інтэлігент – гэта той, хто клапоціцца пра нацыянальнае» / І. М. Пракаповіч ; гутарыла Ф. Касаткіна // Пастаўскі край. – 2013. – 20 лістап. – С. 3.
11. Пракаповіч Ігар Міхайлавіч // Памяць: Пастаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад.: К. І. Козак, А. І. Кузняцоў ; рэд.-склад. Г. К. Кісялёў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2001. – С. 521–522.
12. Шпакоўская, Г. Калі радзіма натхняе / Г. Шпакоўская // Народнае слова. – 2008. – 4 студз. – С. 9.