Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Ракоўскі Лявонцій Іосіфавіч

Дата нараджэння
09.01.1896
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, г. Глыбокае
Дата смерці
15.08.1979
Род дзейнасці
пісьменнік, паэт
Спецыялізацыя
літаратура
Жанр
вершы, апавяданні

Ракоўскі Лявонцій Іосіфавіч нарадзіўся 9 студзеня 1896 года ў г. Глыбокае. Рускі пісьменнік. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Вільні паступіў у 1915 г. ў Кіеўскі ўніверсітэт на гісторыка-філалагічны факультэт. Вучобу перарвала грамадзянская вайна. Будучы пісьменнік пайшоў служыць у Чырвоную Армію, потым некаторы час працаваў у валасным выканаўчым камітэце.

У 1922 г. ён прыехаў у Петраград і скончыў прававое аддзяленне факультэта грамадскіх навук Петраградскага ўніверсітэта. Яшчэ студэнтам пачаў працаваць у газеце «Ленінградская праўда». Яго артыкулы, заметкі, рэпартажы часта з'яўляліся на старонках газеты пад рознымі псеўданімамі.

Пісаць апавяданні і вершы пачаў у дзяцінстве. Друкавацца пачаў у 1924 г. Першае апавяданне «Месть» было надрукавана ў часопісе «Ленінград».

У кніжку «Зялёная Амерыка» (1927) увайшлі: аповесць «Гадзіннік» (1925–1926), апавяданні «Помста» (1924), «Пастаяльцы» (1926), «Вяселле» (1925), «Конь» (1923–1925), «Купля» (1925), «Простая думка» (1926) і «Зялёная Амерыка». Не ўсе творы па сваіх мастацкіх якасцях раўнацэнныя. Але ўжо ў іх Л. Ракоўскі паўстае як добры знаўца жыцця беларускага мястэчка. Яму былі блізкімі і зразумелымі простыя клопаты землякоў, іх беды і радасці. Пісьменнік вельмі трапна, з вялікай сімпатыяй адлюстраваў жыццё і ўзаемаадносіны яўрэйскага насельніцтва Глыбокага, а таксама вобразы людзей, якія яму былі больш блізкія па духу.

Затым з'явіліся і іншыя кнігі – зборнік апавяданняў і аповесцей «Сівапляс» (1928), аповесць «Блудны д'ябал» (1928), раман «Чацвёртая жонка» (1930). Менавіта ён напісаў словы да песні «Фізкультурная».

Ужо ў сярэдзіне 1930-х гг. Л. Ракоўскі абраў у літаратуры гістарычны жанр, пачаў збіраць матэрыялы пра славутых палкаводцаў М. І. Кутузава, А. В. Суворава, вывучаць ваенна-гістарычную літаратуру. Звыш 30 год ён плённа працаваў над патрыятычнай тэмай аб слаўнай рускай і савецкай гісторыі і застаўся верным гэтай тэме назаўсёды.

Першы гістарычны раман «Изумлённый Капитан» пра трагічны лёс капітан-лейтэнанта марскога флота Аляксандра Вазніцына выйшаў у 1936 г.

У 1941 г. з'явілася 1-я частка рамана Л. Ракоўскага «Генералісімус Сувораў», якая стала першай кнігай з трылогіі пра вялікіх рускіх палкаводцаў. Кніга была закончана аўтарам незадоўга да пачатку вайны. Ракоўскі ўжо пачаў працаваць над другой часткай, але вайна пашкодзіла аўтару тады ж прадоўжыць раман пра народнага героя. Абедзве часткі рамана ў закончаным выглядзе змаглі з'явіцца толькі ў 1946 г., калі аўтар з ваеннага карэспандэнта зноў стаў пісьменнікам-гісторыкам.

У гады Вялікай Айчыннай вайны, як і многія пісьменнікі таго часу, ён становіцца ваенным карэспандэнтам, пастаянным аўтарам франтавой газеты «На страже Родины» і газеты народнага апалчэння «На защиту Ленинграда».

У 1943 г. ён прачытаў артыкул пра героя-партызана Канстанціна Заслонава. Гэтая тэма ўзрушыла пісьменніка. Напісаная па гарачых слядах аповесць «Кастанцін Заслонаў» заснавана на сапраўдных фактах. Тут Ракоўскаму, несуменна, прыгадзіўся вопыт гістарычнага раманіста.

Другой кнігай трылогіі стаў раман «Адмірал Ушакоў» пра адмірала Ф. Ф. Ушакова, празванага «марскім Суворавым» за тое, што ён, як Сувораў на сушы, не прайграў ніводнай бітвы на моры. Якія якасці павінен мець чалавек, каб стаць гістарычнай асобай? Імкнучыся адказаць на гэтае пытанне, Ракоўскі паказвае ўвесь жыццёвы шлях выдатнага флотаводца. І пісьменнік як заўсёды бездакорны ў выкарыстанні гістарычных фактаў. У 1952 г. раман пабачыў свет.

Заканчвае трылогію раман пра Кутузава і 1812 год. Тут Ракоўскі не імкнецца спаборнічаць з самім Львом Талстым. Ён ставіў іншую задачу – раскрыць усе падрабязнасці біяграфіі палкаводца, паказаць яго асобу ў развіцці. Над напісаннем рамана «Кутузаў» Ракоўскі працаваў 8 год.

Тэме грамадзянскай вайны Ракоўскі прысвяціў дзве кнігі – «Фронтовая азбука» і «Михаил Тухачевский» (1964) – аповесць пра савецкага палкаводца М. М. Тухачэўскага.

Адной з апошніх работ пісьменніка з'яўляецца кніга «Жизни наперекор. Повесть о Марлинском» (1978). Марлінскі – літаратурны псеўданім Аляксандра Бястужава, двараніна, афіцэра, пісьменніка, дзекабрыста.

У 1925 г. у газеце «Ленинградская правда» Ракоўскі апублікаваў нарысы пра Беларусь («Два гады», «Пісьмы з Барысава», «На Бабруйшчыне», «У Слуцку – усё па-людску» і інш.). Ён пераклаў на рускую мову п'есы «Паўлінка» Я. Купалы і «Вайна вайне» Я. Коласа, раман «Мінскі напрамак» І. Мележа, аповесць «Андрэйка» П. Кісялёва, апавяданні М. Лынькова, зборнік апавяданняў беларускіх дзяцей, якія перажылі жах фашызму «Ніколі не забудзем!».

Агульнапрызнанымі вартасцямі кніг Л. Ракоўскага, па водгуках чытачоў, з'яўляецца глыбокае, усебаковае вывучэнне дакументальнага гістарычнага матэрыялу з жывасцю і яркасцю апавядання. У сваіх творах Л. Ракоўскі імкнуўся прадставіць свежы, малавядомы матэрыял.

У рамане «Кутузаў» аўтар выкарыстоўваў новыя матэрыялы, паказваючыя шырыню і размах партызанскага руху ў айчыннай вайне. Цікавыя і раздзелы, прысвечаныя Напалеону. Яны былі напісаны па невядомых для аўдыторыі крыніцах.

Раманы Л. Ракоўскага пераведзены на нямецкую, польскую, балгарскую, кітайскую, літоўскую, якутскую, башкірскую мовы.

Усё жыццё пісьменніка было запоўнена працай. Ён пісаў кнігі, артыкулы, чытаў лекцыі, працаваў з маладымі пісьменнікамі, перакладаў на рускую мову творы ўкраінскіх і беларускіх празаікаў і драматургаў.

Памёр пісьменнік 15 жніўня 1979 года.

Адна з вуліц г. Глыбокае носіць яго імя. У 2012 годзе да Дня беларускага пісьменства на будынку Глыбоцкай раённай бібліятэкі Лявонцію Іосіфавічу Ракаўскаму была ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Анюціна, А. Вуліца імя Лявона Ракоўскага / А. Анюціна // Веснік Глыбоччыны. – 2009. – 25 крас. – С. 7.

2. Гісторык і пісьменнік у адной асобе // Веснік Глыбоччыны. – 2012. – 28 ліп. – С. 2.

3. Глінская, А. Ён жыў з любоўю да кнігі... / А. Глінская // Веснік Глыбоччыны. – 2012. – 1 верас. – С. 4.

4. Жакаў, А. Р. Ракоўскі Лявонцій Іосіфавіч / А. Р. Жакаў // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2001. – Т. 13 : Праміле–Рэлаксін. – С. 285.

5. Іванова, Г. Глыбоччына багатая на таленты / Г. Іванова // Народнае слова. – 2012. – 1 верас. – С. 6.

6. Ізаітка, І. Лявонцій Іосіфавіч Ракоўскі – наш зямляк / І. Ізаітка // Веснік Глыбоччыны. – 2006. – 18 сак. – С. 6.

7. Лявонцій Іосіфавіч Ракоўскі // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 166–167.

8. Лявонцій Ракоўскі. Трылогія // Веснік Глыбоччыны. – 2017. – 1 ліп. – С. 10.

9. Подлипский, А. Автограф на титульном листе / А. Подлипский // Народнае слова. – 2008. – 14 кастр. – С. 6.

10. Ракоўскі Лявонцій Іосіфавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2001. – Т. 6. Кн. І : Пузелі–Усая. – С. 89.

11. Русецкий, А. В. Свое Глубокое он с честью представил в Ленинграде : очерк о писателе / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий // Дзвіна. Віцебшчына літаратурная : альманах / уклад. Т. І. Краснова-Гусачэнка. – С. 281–293.

12. Скрабатун, У. Ушанавалі памяць славутага пісьменніка-земляка / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2012. – 6 верас. – С. 1.

13. Сутула, Г. Слаўнаму сыну глыбоцкай зямлі / Г. Сутула // Веснік Глыбоччыны. – 2012. – 8 верас. – С. 2.

14. Усцінаў, А. Ведаюць у цэлым свеце / А. Усцінаў // Веснік Глыбоччыны. – 1996. – 9 студз. – С. 3.