Рыпінскі Аляксандр Феліксавіч
Рыпінскі Аляксандр Феліксавіч нарадзіўся 22 верасня 1809 года8 ў в. Кукавячына Віцебскага раёна. Паэт, фалькларыст.
Паходзіў са старадаўняга беларускага шляхецкага роду. З маленства выхоўваўся ў Стайках каля Віцебска, у маёнтку дзеда, дзе пазнаёміўся з беларускімі народнымі песнямі і казкамі. Ёсць сведчанні, што ўжо ў раннім юнацкім узросце вёў фальклорныя запісы, а пазней захоўваў іх у вайсковым ранцы, які згубіўся ў часе паўстання 1831 года. У тыя ж школьныя гады захапіўся вершаскладаннем і перакладамі. Самым раннім вершам Рыпінскага (на польскай мове) лічыцца запіс 16-гадовага юнака на тытульным лісце ў рукапісным зборніку яго школьнага таварыша Гайкі з Пнёва. У 1827 годзе пераклаў на польскую мову «Русалку» А. Пушкіна. Пасля заканчэння Віцебскай гімназіі ў 1829–1830 гг. вучыўся ў Дзынабургскай (цяпер Даўгапілс, Латвія) школе прапаршчыкаў. Адной з самых значных падзей гэтага перыяду сам Рыпінскі лічыў знаёмства з В. Кюхельбекерам, які адбываў пакаранне ў Дзынабургскай крэпасці. Удзельнік паўстання 1830–1831 гг. Калі паўстанне было задушана, ратуючыся ад катаргі, разам са сваім атрадам перайшоў мяжу з Прусіяй.
У Парыжы А. Рыпінскі жыў у 1832–1846 гг. Быў абраны членам французскай Акадэміі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю. У суполцы з Ф. Ходзькам адкрыў мастацкі магазін. 21 лістапада 1839 года на пасяджэнні Польскага літаратурнага таварыства ў Парыжы прачытаў першы даклад па беларускай этнаграфіі і фальклору, а ў 1840 г. на падставе ўласных лекцый выдаў асобнай кнігай фалькларыстычна-этнаграфічнае даследаванне «Беларусь», дзе ўпершыню ў гісторыі беларусістыкі сістэматызаваў вусную творчасць беларускага народа па жанрах і тэматыцы. Да парыжскага перыяду адносіцца блізкае знаёмства з А. Міцкевічам, якое было заснавана на адзінстве грамадзянскіх і эстэтычных ідэалаў. Магчыма, па парадзе А. Міцкевіча падрыхтаваў да друку ўспаміны з часу паўстання 1831 года (у 1836 г. у Парыжы ананімна выдадзены фрагменты з яго твора «Паўстанне Вілейскага, Завілейскага і Дзісенскага паветаў»). Працаваў над рукапісам навуковага характару: «Выпісы польскіх гарадоў і вёсак, успомненых у творы Нарбута», «Гісторыя старажытнай Літвы». У 1846 г. А. Рыпінскі пераехаў у Лондан, дзе заняўся выдавецкай і творчай дзейнасцю, выкладаннем моў, матэматыкі і малявання. Быў шырока вядомы як мастак, сам афармляў уласныя кнігі, выявіў выключныя здольнасці да мастацкай фатаграфіі, стаўшы адным з піянераў фотамастацтва. Разам з І. Яцкоўскім у 1852 годзе заснаваў у прыгарадзе Лондана Тотнэме вольную друкарню, у якой выдаў зборнікі сваіх польскіх вершаў «Паэтычныя творы» (1853), «Сяржант-філосаф» (1854). У зборніку надрукаваў беларускую рамантычную баладу «Нячысцік», якая выйшла таксама і асобным выданнем у Познані ў 1853 г. У лонданскай друкарні з кастрычніка 1852 г. друкавалася эмігранцкая газета «Польскі дэмакрат». У 1859 годзе, пасля царскай амністыіі, А. Рыпінскі вярнуўся на радзіму. Пад строгім наглядам паліцыі жыў у в. Кукавячына, якая належала яго брату, адстаўному штабс-капітану артылерыі Віктару Феліксавічу Рыпінскаму, пазней – у сваячкі Ксаверыі Аляксандраўны Рыпінскай у маёнтку Страганы (цяпер Лёзненскі раён). Працаваў над гісторыяй беларускай літаратуры, стварыў шэраг біяграфій пісьменнікаў-беларусаў. У прыватнасці, ім напісаны жыццяпісы Я. Баршчэўскага, Г. Марцінкевіча, В. Рэута, Ф. Рысінскага, Т. Заблоцкага (не захаваліся). Перапісваўся з пісьменнікам і публіцыстам А. Плугам, маральна і матэрыяльна дапамагаў маладым мастакам і літаратарам з Беларусі і Літвы (у прыватнасці, віленскаму мастаку К. Рыпінскаму). Несумненную гісторыка-літаратурную вартасць меў асабісты архіў А. Рыпінскага, багаты на фактычныя звесткі пра беларускую культуру XVIII–XIX стст., які, на жаль, не захаваўся. Некалькі сшыткаў Рыпінскага з каштоўнымі фальклорнымі і літаратурнымі запісамі ў 1930-я гады захоўваліся ў прафесара БДУ М. Піятуховіча (публікацыя некаторых запісаў па копіях Піятуховіча зроблена В. Скалабанам у 1990 у 1-м вып. Зб. «Шляхам гадоў»).
У гісторыі беларускай культуры А. Рыпінскі ўвайшоў як збіральнік, знаўца і прапагандыст нацыянальнага фальклору і этнаграфіі, выдавец, вакол якога гуртавалася беларускае эмігранцкае асяроддзе, адзін з першых даследчыкаў літаратуры Беларусі. У галіне мовазнаўства вядомы яго спробы ўпарадкаваць нормы беларускай арфаэпіі. Паэзіі Рыпінскага ўласціва фальклорна-рамантычная скіраванасць у спалучэнні з дыдактычнасцю і сентыменталісцкім стылем. Ён адзін са стваральнікаў жанра балады ў беларускай літаратуры.
Памёр 20 лістапада 1886 года. Быў пахаваны на сямейных могілках роду Заблоцкіх у маёнтку Саланец8.
ЛІТАРАТУРА
1. Макравусава, Г. У гонар славутага земляка / Г. Макравусава // Сцяг Перамогi (Лёзна). – 2007. – 15 верас. – С. 7.
2. Мархель, У. Кукавячын – Парыж – Лондан – Строганы / У. Мархель // Краязнаўчая газета. – 2007. – № 39 (кастр.). – С. 6–7.
3. Няпростым шляхам да Беларусі // Свечка на золкім ветры / А. Марціновіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2006. – С. 170–200.
4. Павлов, С. Рыпинский Александр Феликсович / С. Павлов // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 2008. – 25 сак. – С. 2.
5. Русецкий, А. В. Александр Рыпинский : долгий путь к родным истокам / А. В. Русецкий // Веснiк Вiцебскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. – 2006. – № 4. – С. 90–102.
6. Рыпінскі Аляксандр Феліксавіч // Віцебскі раён : краязнаўчыя нарысы / І. А. Абрамава [і інш.] ; уклад. М. В. Півавар. – Мінск : Паркус плюс, 2008. – С. 175–176.
7. Рыпінскі Аляксандр Феліксавіч // Памяць: Віцебскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: А. П. Красоўскі [і інш.] ; уклад. У. І. Мезенцаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2004. – С. 86.
8. Хмяльніцкая, Л. Лёс інсургента : дакументальная аповесць аб Аляксандру Рыпінскім і ягоным часе / Л. Хмяльніцкая. – Мінск : Лімарыус, 2019. – 288 с. – (Бібліятэка «Наша XIX стагоддзе»).