Сахарава (Нікановіч) Вольга Фёдараўна
Сахарава (Нікановіч) Вольга Фёдараўна нарадзілася 28 чэрвеня 1884 года ў в. Казаноўка Чашніцкага раёна. Паэтэса, драматург.
Паходзіла з сям'і праваслаўнага святара Хр. Нікановіча. Вучылася ў Полацкай рускай гімназіі, а пасля яе заканчэння (1900) накіравалася ў Люцын, куды быў пераведзены настаяцелем царквы яе бацька. Працавала чатыры гады ў Люцыне настаўніцай прыходскай школы для дзяўчынак. Тут пазнаёмілася з Сахаравым, настаўнікам Люцынскага гарадскога вучылішча. У 1905 годзе яны ажаніліся. У студзені 1907 года пераязджаюць у Юр'еў (зараз Тарту), дзе яна пачала вучыцца на прыватных курсах дашкольнага выхавання.
У час працы мужа на педагагічна-адміністрацыйных пасадах у розных гарадах (Віцебск, Юр'еў, Пінск, Магілёў і інш.) В. Сахарава ездзіла з ім, працавала таксама на школьна-асветніцкай ніве, гадавала дзяцей. У 1917 годзе зноў апынулася ў Люцыне, куды Сахараў запрошаны на пасаду дырэктара беларускай гімназіі. У 1922 годзе пераехалі ў Рыгу, у 1925 – у Дзвінск, дзе да 1932 года Сахарава працавала разам з мужам у беларускай гімназіі. У канцы 1932 года зноў перабраліся ў Рыгу. У 1935 годзе пераехала ў мястэчка Краслаў, дзе В. Сахарава дапамагала мужу збіраць беларускі фальклор. У 1936-1937 гг. – знаходзілася ў Дзвінску, потым зноў у Рызе.
Актыўная пісьменніцкая дзейнасць В. Сахаравай распачалася пасля пераезду ў 1917 годзе у г. Люцын. Яна піша невялічкія інсцэніроўкі для выхаванцаў свайго дзіцячага садка, якія і ставіла разам з імі. З гэтага часу вядомыя два сцэнічныя творы – «На Полацкім замчышчы» – п'еса, у сюжэтную аснову якой пакладзена паэма Я. Купалы «Сон на кургане», і «Птушкі на волі» – п'еса са спевамі з жыцця беларускай вёскі.
Ненадрукаванымі засталіся тры п'есы В. Сахаравай – «Маладыя пабегі», «Ліст да Прэзідэнта» і «Аксюткіна ёлка». Няскончанай засталася інцэніроўка «Беларускае вяселле». Пісала В. Сахарава і вершы. Некаторыя з іх былі надрукаваны ў рыжскай беларускай газеце «Голас беларуса», у зборніку «Першы крок», часопісе «Школьная праца». У 1943 годзе пачаў рыхтавацца да друку пасмяротны зборнік «Водгукі сэрца».
Памерла ў Латвіі 13 сакавіка 1943 года. Пахавана на Люцынскіх праваслаўных могілках.
ЛІТАРАТУРА
1. Дзеячы культуры і навукі – ураджэнцы Чашніччыны // Гістарычна-краязнаўчы курс «Наша Чашніччына». Чашніказнаўства / В. В. Грыбко. – Мінск : Медисонт, 2007. – С. 138–149.
2. Сахарава Вольга // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1995. – Т. 5 : Пестрак–Сяўрук. – С. 260.