Шлюбскі Аляксандр Ануфрыевіч
Шлюбскі Аляксандр Ануфрыевіч (псеўданімы: Алеся Гаротная, Звястун, А. Зніч, Казальнік, Этнограф) нарадзіўся 16 чэрвеня 1897 года ў в. Межава Полацкага павета Віцебскай губерні (зараз – Расонскі раён).
Беларускі этнограф, фалькларыст, бібліёграф, літаратуразнаўца.
У 1922 годзе скончыў Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута.
У 1918–1923 гг. удзельнічаў у арганізацыі архіваў у Веліжы, Віцебску, Оршы, Полацку.
3 1923 года працаваў у Інбелкульце. У 1929–1930 гг. – у Інстытуце гісторыі АН БССР.
Друкаваўся ў часопісах «Наш край», «Полымя», «Маладняк», у газеце «Савецкая Беларусь».
3 красавіка 1930 года арыштаваны органамі ДПУ. 10 красавіка 1931 года асуджаны на 5 гадоў ссылкі ў Ніжні Ноўгарад. У чэрвені 1935 года арыштаваны другі раз. Асуджаны на 3 гады лагернага зняволення. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны па першым прыгаворы 19 верасня 1960 года.
Склаў разгорнутую інструкцыю «Звесткі па збіранні вуснай народнай творчасці ў Беларусі» (1919). Выступаў з артыкуламі пра культурна-асветнае жыццё Віцебшчыны і Мінска, падзеі грамадзянскай вайны на Беларусі, гісторыю беларускай літаратуры, перыядычнага друку: «Канфіскацыя твораў Дуніна-Марцінкевіча» (1923), «Да гісторыі канфіскацыі "Нашай нівы"» (1925), «"Мужыцкая праўда" К. Каліноўскага» (1926).
Даследаваў старажытныя вераванні, матэрыяльную культуру беларусаў.
Аўтар нарысаў-партрэтаў Е. Р. Раманава, М. Я. Нікіфароўскага, 3. Бядулі, У. М. Дабравольскага.
У творчай дзейнасці вучонага ёсць дзве фундаментальныя працы, якія не страцілі навуковай, грамадска-культурнай каштоўнасці.
Грунтоўны бібліяграфічны даведнік «Матэрыялы да беларускай бібліяграфіі» (т. 4. «Этнаграфія», 1927), у якім сабраны, пазначаны, сістэматызаваны велізарны матэрыял, – усе публікацыі пра духоўную і матэрыяльную культуру беларусаў у рускай і польскай навуковай і навукова-папулярнай літаратуры, перыядычных выданнях.
«Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны» (ч. 1–2, 1927–1928). Першапачатковая аўтарская назва збору «Крывічы», які змяшчае каляндарную і сямейна-абрадавую творчасць Віцебшчыны як этнаграфічнага рэгіёна.
Да кожнага апублікаванага цыкла Шлюбскі прыкладаў бібліяграфію ўжо сабраных на Віцебшчыне народна-паэтычных твораў, прадмову, у якой улічаны абрадавыя аспекты рэгіянальнага фальклору. Запісы зроблены і пададзены з улікам дыялектных асаблівасцей мовы ўсяго Падзвіння.
Загінуў у 1941 годзе.
ЛІТАРАТУРА
1. Багдановіч, І. Шлюбскі Аляксандр Ануфрыевіч / І. Багдановіч, А. Ліс // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2003. – Т. 6. Кн. II : Дадатак : Усвея–Яшын. – С. 217.
2. Багдановіч, І. Э. Шлюбскі Аляксандр / І. Э. Багдановіч // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – Т. 6 : Талалай–Яфімаў. Дадатак. – С. 377.
3. Ліс, А. С. Шлюбскі Аляксандр Ануфрыевіч / А. С. Ліс // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2003. – Т. 17 : Хвінявічы–Шчытні. – С. 439–440.
4. Ліс, А. С. Шлюбскі Аляксандр Ануфрыевіч / А. С. Ліс // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2006. – Т. 2 : Л–Я. – С. 763–764.
5. Ліс, А. С. Шлюбскі Аляксандр Ануфрыевіч / А. С. Ліс // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1987. – Т. 5 : Скамарохі–«Яшчур». – С. 578–579.
6. Ліс, А. С. Шлюбскі Аляксандр Ануфрыевіч / А. С. Ліс // Этнаграфія Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1989. – С. 537.
7. Собаль, В. Даследуючы родны край / В. Собаль // Віцебскі рабочы. – 1997. – 28 чэрв. – С. 8.
8. Шлюбский Александр Онуфриевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 610–611.
9. Шлюбский Александр Онуфриевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 7 : Снегирь–Ящерицын. – С. 607–608.
10. Шлюбский Александр Онуфриевич // Витебщина архивная: история, фонды, персоналии (сер. XIX–XX вв.) / сост.: М. В. Пищуленок [и др.] ; редкол.: М. В. Пищуленок [и др.] ; науч. ред. М. Ф. Шумейко. – Минск : БЕЛНИИДАД, 2002. – С. 175.
11. Этнограф, фалькларыст, бібліёграф // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 84–85.