Шпыркоў Аляксандр Фаміч
Шпыркоў Аляксандр Фаміч нарадзіўся 7 лістапада 1937 года ў в. Атока Расонскага раёна.
Паэт, празаік.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
А. Ф. Шпыркоў скончыў сярэднюю школу ў Полацку, Магілёўскі педагагічны інстытут імя А. Куляшова (1960), Мінскую вышэйшую партыйную школу.
Працаваў настаўнікам, дырэктарам школы ў Расонскім раёне.
Намеснік сакратара, сакратар камсамольскай арганізацыі Усесаюзнай будоўлі «Нафтабуд».
У 1966–1977 гг. – намеснік рэдактара наваполацкай гарадской газеты «Хімік» (першы нумар выйшаў 1 студзеня 1967 года).
У 1977–1982 гг. – рэдактар віцебскай газеты «Будаўнік».
У 1982–2002 гг. – загадчык аддзела абласной газеты «Віцебскі рабочы».
А. Ф. Шпыркоў у сваіх артыкулах закранаў надзённыя праблемы прамысловасці Віцебшчыны, засяроджваў увагу грамадства на ролі кіраўніка ў працоўным калектыве, расказваў пра людзей працы і знаёміў з перадавым вопытам у розных галінах народнай гаспадаркі. Актуальныя і аб'ектыўныя артыкулы вызначаліся актыўнай пазіцыяй аўтара.
Журналіст быў узнагароджаны граматай ЦК УЛКСМ, граматай Саюза журналістаў Беларусі, медалём «Ветэран працы», медалямі ВДНГ СССР за прапаганду перадавога вопыту.
Пісаць вершы А. Ф. Шпыркоў пачаў у школе. Першыя з іх былі надрукаваны ў полацкай газеце «Сцяг камунізму». Пазней былі публікацыі ў рэспубліканскіх выданнях: газетах «ЛіМ», «Чырвоная змена», «Знамя юности», «Сельская газета», часопісе «Маладосць».
Пісьменнік вядомы як аўтар кніг «Карабель мой блакітна-зялёны» (2001) і «Давер'е» (выйшла ў калектыўным зборніку «Сцяжына»). Вершы паэта друкаваліся ў шэрагу выпускаў альманаха «Дзвіна».
Асноўныя тэмы паэтычнай творчасці – лірыка, філасофскае асэнсаванне жыцця, роля паэта ў грамадстве, адказнасць чалавека за экалогію планеты і душы. Паэта хвалявалі пытанні захавання міру, прыгажосць і вечная песня кахання, мараль і духоўнасць у сучасным свеце.
Калектыўныя зборнікі і альманахі: «Давер'е» (1983), «Дзвіна» (вып. 2, 1992), «Дзвіна» (вып. 3, 2000), «Дзвіна» (вып. 4, 2005), «За все тебя благодарю» (2008).
Шпыркоў А. Ф. памёр 5 верасня 2013 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Алейнікава, В. «Пакуль у душы свята агонь гарыць» / В. Алейнікава // Літаратура і мастацтва. – 2008. – 20 чэрв. – С. 5.
2. Салтук, А. Алесь Шпыркоў / А. Салтук // Літаратура і мастацтва. – 2012. – 9 лістап. – С. 8.
3. Шпыркоў Аляксандр Фаміч // Дзвіна. Віцебшчына літаратурная : альманах / уклад. Т. І. Краснова-Гусачэнка. – Мінск : Чатыры чвэрці, 2017. – Вып. 6. – С. 532–534.
4. Шпыркоў Аляксандр Фаміч // Дзвіна. Віцебшчына літаратурная, 2009 : альманах / рэд.-уклад.: Т. І. Краснова-Гусачэнка [і інш.]. – Віцебск : Вiцебская абласная друкарня, 2009. – С. 174–180.