Сіпакоў Іван Данілавіч
СІПАКОЎ ЯНКА (ІВАН ДАНІЛАВІЧ) нарадзіўся 15 студзеня 1936 года ў вёсцы Зубрэвічы Аршанскага раёна ў сялянскай сям'і, беларускі паэт і празаік, перакладчык і нарысіст.
У гады Вялікай Айчыннай вайны страціў бацькоў і рана далучыўся да працы. Працаваў паштальёнам, літсупрацоўнікам шклоўскай раённай газеты. У 1960–1973 гг., пасля вучобы ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце, працаваў у «Вожыку», і амаль дваццаць год – у часопісе «Маладосць».
3 1993 года загадваў рэдакцыяй літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя». 3 1997 года працаваў у часопісе «Беларусь».
Творчую дзейнасць Я. Сіпакоў пачаў як паэт. Свой першы верш надрукаваў у 1953 годзе ў аршанскай раённай газеце, а ў 1960 годзе выйшаў яго першы паэтычны зборнік «Сонечны дождж». Потым былі зборнікі: «Лірычны вырай» (1965), «Дзень» (1968), «3 вясны ў лета» (1972). Лепшае з іх склала кнігу выбранай паэзіі «Вочы ў вочы» (1978).
Лірыка Я. Сіпакова вызначаецца незвычайнай душэўнасцю, яна глыбока засяроджана на ўнутраным духоўным свеце чалавека. Адну з самых лірычных форм паэзіі – санет – паэт выкарыстаў для стварэння цыкла «Жанчына». Тэмы адказнасці чалавека за будучае планеты, чысціні і прыгажосці чалавечых узаемаадносін знайшлі адлюстраванне ў гэтым вянку санетаў.
Разам з тым чыста лірычных вершаў у Я. Сіпакова мала. Ужо ў яго першых паэтычных зборніках узнікае эпічная тэндэнцыя, якая неад'емна існуе побач з яго лірычнай стыхіяй. Вельмі многія вершы Я. Сіпакова сюжэтна-падзейныя. Паэт надзвычай часта звяртаецца да гістарычнага мінулага, гістарычных асоб і калізій. З'явай у беларускай паэзіі стала кніга Я. Сіпакова «Веча славянскіх балад» (1973), адзначаная ў 1976 годзе Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Купалы. Яе складаюць больш за пяцьдзесят балад, у якіх на гістарычных фактах і фальклорных крыніцах паэт узнаўляе радасныя і трагічныя моманты з гісторыі славянскіх народаў.
Эпічны свет, які магутна і шматгалоса ўварваўся ў лірыку паэта, прывёў яго да прозы, прычым прозы таксама лірычнай. Як празаік Я. Сіпакоў пачаў з нарысаў «Акно, расчыненае ў зіму», «Па зялёную маланку», «Там, дзе Сібір», «Даверлівая зямля». У 1971 годзе яны склалі асобную кнігу «Па зялёную маланку».
Пасля былі кнігі прозы «Крыло цішыні», якая мела падзагаловак «Кніга вёскі» (1976), «Жанчына сярод мужчын» (1980), «Спадзяванне на радасць» (1983), «Журба ў стылі рэтра» (1990) і інш. Ад вясковай прозы, прасякнутай памяццю ваеннага і пасляваеннага часу (аповесці «Крыло цішыні» і «Усе мы з хат»), пісьменнік ідзе да важных праблем этычнага характару (аповесць «Жыві як хочацца»), праблем духоўнага жыцця як на вайне, так і ў мірны час (цыкл апавяданняў «Жанчына сярод мужчын»), набалелых пытанняў беларускага нацыянальнага быцця, Чарнобыля, лёсу беларускай мовы («Журба ў стылі рэтра»). Скіраванасцю да жахлівых трагедый веку – землятрусу ў Арменіі і чарнобыльскай катастрофы – вызначаецца кніга паэм у прозе «Ахвярны двор» (1991).
Цікавай падзеяй у літаратурным жыцці XX ст. стала кніга прытчаў Я. Сіпакова «Тыя, што ідуць» (1993), першая такога плана ў нашай літаратуры. Тры дзесяткі прытчаў, аб'яднаныя ў ёй, – творы неабмежаваныя ў прасторы і часе. У іх ужываюцца, пераплятаюцца і ўзаемадзейнічаюць рэальнае і нерэальнае, жыццёвае і прывіднае. Аўтар разважае аб жыцці і смерці, аб тым, што гора і радасць заўсёды побач, што там, дзе плачуць, там, зразумела, не смяюцца, а дзе смяюцца, там можна часам і паплакаць. Праз новыя арыгінальныя формы імкнецца пісьменнік выказаць набалелае. Прытчы Сіпакова вызначаюцца не дыдактызмам і празмернай павучальнасцю, што звычайна ўласціва гэтаму жанру, а глыбокай філасофскай насычанасцю. Яны сімвалічныя па сваёй сутнасці.
Янка Сіпакоў – таксама аўтар фантастычна-прыгодніцкай аповесці «Блуканне па іншасвеце» (1994), цыклаў мініяцюр, гістарычных апавяданняў, зборнікаў гумарэсак «Лысы юбілей» (1965), «Плюс на мінус» (1973) і «Ланцугі для мух» (1980), «Пятніца ў суботу» (1988). Ён пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. С. Пушкіна, А. Блока, Т. Шаўчэнкі, В. Хлебнікава, Э. Межэлайціса. Яго пераклады Уолта Уітмена і Хо Шы Міна спецыялісты адносяць да найбольш адпаведных духу і літары арыгінала, глыбокіх і паэтычных. У 1997 годзе пісьменнік атрымаў званне заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь.
Памёр Іван Данілавіч 10 сакавіка 2011 года.
ЛІТАРАТУРА:
1. Андраюк, С. Янка Сіпакоў і яго «Мая бібліятэка» / С. Андраюк // Полымя. – 2013. – № 8. – С. 116–127 ; № 9. – С. 147–156.
2. Баранова, М. 80–летию со дня рождения Янки Сипакова посвящается / М. Баранова // Аршанская газета. – 2016. – 28 янв. – С. 6.
3. Высоцкі, Л. Першая кніга нашага земляка / Л. Высоцкі // Аршанская газета. – 2017. – 2 сак. – С. 15.
4. Гардзей, В. Акно расчынілася ў вечнасць / В. Гардзей // Літаратура і мастацтва. – 2011. – 22 крас. – С. 12.
5. Гоўзіч, І. М. Элегія ў творчасці Янкі Сіпакова / І. М. Гоўзіч // Веснік Віцебскага дзяржаўнага універсітэта. – 2002. – № 3. – С. 88–94.
6. Канцавенка, І. Жыццёвыя крокі Янкі Сіпакова / І. Канцавенка // Аршанская газета. – 2007. – 21 жн. – С. 3.
7. Прыгодзіч, З. Ён любіў Беларусь нашу мілую / З. Прыгодзіч // Літаратура і мастацтва. – 2011. – 22 крас. – С. 12.
8. Прыгодзіч, З. Яго вялікае сэрца / З. Прыгодзіч // Літаратура і мастацтва. – 2011. – 7 кастр. – С. 20.
9. Раманькова, І. Варта ў крылы паверыць свае / І. Раманькова // Аршанская газета. – 2016. – 23 студз. – С. 3.
10. Рублевская, Л. Последняя весна литератора / Л. Рублевская // Советская Белоруссия. – 2011. – 11 марта. – С. 4.
11. Рублевская, Л. Смотри и думай не спеша / Л. Рублевская // Советская Белоруссия. – 2016. – 15 янв. – С. 13.
12. Рублевская, Л. Янка Сипаков: мой самый близкий друг тишина / Л. Рублевская // Советская Белоруссия. – 2007. – 10 апр. – С. 18–19.
13. Саламаха, У. Ён заўсёды любіў Беларусь / У. Саламаха // Літаратура і мастацтва. – 2011. – 23 верас. – С. 4–5.
14. Сіпакоў Янка // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1995. – Т. 5 : Пестрак–Сяўрук. – С. 319.
15. Сіпакоў Янка // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 440.
16. Талент шчодры і шматгранны // Вёрсты пройдзенных дарог / І. А. Яршоў, В. М. Сіднякова. – Магілёў : Магілёўская друкарня, 2003. – С. 126–135.
17. Целеш, Л. «Паэты не сыходзяць у нябыт!» / Л. Целеш // Аршанская газета. – 2012. – 24 сак. – С. 6.
18. Чэмер, М. Быў там і ўсё тое бачыў... / М. Чэмер // Настаўніцкая газета. – 2011. – 17 сак. – С. 15.
19. Янка Сіпакоў // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 497.
20. Яршоў, І. Турботныя словы пра вёску / І. Яршоў // Аршанская газета. – 1998. – 18 жн. – С. 2.