Стадольнік Іван Канстанцінавіч
Стадольнік Іван Канстанцінавіч – беларускі празаік, паэт.
Нарадзіўся 12 верасня 1940 года ў в. Янкі Докшыцкага раёна. Бацька Канстанцін Сцяпанавіч загінуў у 1945 г. на фронце пры штурме Кёнігсберга. Маці Вольга Паўлаўна жыла ў роднай вёсцы, працавала ў калгасе. У 1947 годзе Іван Стадольнік пайшоў у першы клас Янкоўскай пачатковай школы.
Пасля заканчэння Докшыцкай сярэдняй школы (1959) працаваў у калгасе імя Суворава Докшыцкага раёна, качагарам на цаліне на станцыі Купрыянаўка Рузаеўскага раёна Какчатаўскай вобласці. Вярнуўшыся адтуль, зноў працаваў у калгасе, потым бібліятэкарам Бярозаўскай бібліятэкі Докшыцкага раёна. У 1960 г. паступіў на зубаўрачэбнае аддзяленне Полацкага медвучылішча, якое скончыў у 1963 г. Да 1967 г. быў зубным урачом і в. а. галоўнага ўрача Мосарскай сельскай бальніцы Глыбоцкага раёна. Адначасова вучыўся завочна на факультэце журналістыкі БДУ (1965–1971).
У 1967–1971 гг. – адказны сакратар, а з 1971 года – загадчык аддзела сельскай гаспадаркі полацкай аб'яднанай газеты «Сцяг камунізму». 3 1980 года – рэдактар аддзела літаратуры, з 1984 года – адказны сакратар часопіса «Вожык», з 1991 года – часопіса «Тэатральная Беларусь». Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1980).
Вершы пачаў пісаць у школьныя гады. Першы верш «3 Новым годам» надрукаваны 1 студзеня 1960 года ў докшыцкай раённай газеце «Ленінская трыбуна». Пазней, з 1962 года, вершы І. Стадольніка друкаваліся ў газетах «Літаратура і мастацтва», «Звязда», «Рэспубліка», «Чырвоная змена», «Віцебскі рабочы», «Піянер Беларусі», часопісах «Полымя», «Нёман», «Маладосць», «Беларусь», «Бярозка» і інш., у зборніках «Слова аб роднай прыродзе», «Вяснянка», «Беларуская байка». У 1967 г. у часопісе «Вожык» змешчана першая гумарэска І. Стадольніка «Прататып», а ў 1971 годзе на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» першае апавяданне.
Іван Канстанцінавіч Стадольнік – аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Як тут не смяяцца» (1985), апавяданняў «Хачу табе шчасця» (1979), «Агонь крывёю не заліць» (2016), «Небяспечная знаходка» (2018), аповесці і апавяданняў «Лістапад на пачатку лета» (1987), камедыі-фарса «Залатое вяселле» (1995), . Асобныя гумарэскі пісьменніка перакладаліся на літоўскую, рускую, украінскую, армянскую і іншыя мовы. Песні на вершы І. Стадольніка напісалі Дз. Лукас, М. Пятрэнка. Аўтар шматлікіх вершаваных подпісаў пад агітплакатамі.
Памёр 5 мая 2021 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Альшэўская, Т. Пясняр докшыцкага краю / Тамара Альшэўская // Родныя вытокі (Докшыцы). - 2021. — 12 мая. — С. 5.
2. Берлеж, М. Пайшоў з жыцця празаік, паэт, журналіст Іван Стадольнік : [некралог] / Мікола Берлеж // Звязда. – 2021. – 5 мая. – С. 5.
3. Гальпяровіч, Н. Вызначальныя стасункі / Навум Гальпяровіч // Літаратура і мастацтва. - 2020. — 18 верас. – С. 11.
4. Гальпяровіч, Н. Іван / Н. Гальпяровіч // Літаратура і мастацтва. – 2014. – 12 верас. – С. 12.
5. Гальпяровіч, Н. Я. Трываласць творцы / Навум Гальпяровіч // Літаратура і мастацтва. – 2021. – 7 мая. – С. 3.
6. Гарэлік, Л. М. Стадольнік Іван / Л. М. Гарэлік // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : [у 6 т.] / АН Беларусі, Інстытут літаратуры ім. Я. Купалы; рэд. А. І. Мальдзіс. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – Т. 5 : Пестрак – Сяўрук. – С. 408–409.
7. Жыгуноў, А. «Сёмае неба» Івана Стадольніка / А. Жыгуноў // Веснік Глыбоччыны. – 2015. – 20 чэрв. – С. 3.
8. Івану Стадольніку – 60 гадоў // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2000. – 13 верас. – С. 3.
9. Наш каляндар // Краязнаўчая газета. - 2020. — № 34 (верас.). — С. 6.
10. Палачанін, Ф. А. Іван Стадольнік // Докшыцкі край / Ф. А. Палачанін. – Мінск : Беларусь, 2009. – С. 130–131.
11. Пашкоў, Г. Ідзе, жыццём асветлены... / Г. Пашкоў // Літаратура і мастацтва. – 2010. – 24 снеж. – С. 5.
12. Салтук, А. І як тут не смяяцца! / А. Салтук // Вiцебскі рабочы. – 2005. – 10 верас. – С. 4.
13. Стадольнік Іван Канстанцінавіч // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка–дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 639–640.
14. Стадольнік Іван Канстанцінавіч // Беларуская энцыклапедыя; Следавікі – Трыо : у 18 т. / гал. рэд. Г. П. Пашкоў. – Мінск : БелЭн, 2002. – С. 128.
15. Хілько, В. Чароўная сіла малой радзімы / В. Хілько // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2015. – 16 верас. – С. 2.