Стаховіч Аляксандр Іосіфавіч
СТАХОВІЧ АЛЕСЬ (АЛЯКСАНДР ІОСІФАВІЧ) нарадзіўся 3 ліпеня 1907 года ў в. Кашына Аршанскага раёна, беларускі пісьменнік.
Сярэднюю школу скончыў у г. Орша ў 1923 годзе. Тады ж уступіў у камсамол і быў накіраваны на камсамальскую работу – спачатку ў Оршу, потым у Мсціслаўскі райкам камсамола. Працаваў загадчыкам аддзелаў культуры і прапаганды ў Крупскім, Талачынскім, Жлобінскім райкамах партыі. Быў начальнікам палітаддзела ў саўгасах «Горкі-Апчак», «Старчыцы», інструктарам ЦК КП Беларусі. 3 1938 года адказны сакратар рэдакцыі часопіса «Полымя». Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, пайшоў на фронт, працаваў у армейскіх газетах. Пасля вайны на творчай рабоце. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі «Знак Пашаны», медалямі.
Друкавацца А. Стаховіч пачаў у 1928 годзе ў «Чырвонай змене». У 1930 годзе ў часопісе «Беларуская работніца і сялянка» апублікавана яго першае апавяданне «Яе шлях». Пісаў нарысы, фельетоны, невялікія апавяданні. Першая кніга яго апавяданняў «Маленькія героі» (1939) прысвечана дзецям. Пра даваеннае і пасляваеннае жыццё расказаў у аповесці «Пампей Шчупак», раманах «Пад мірным небам», «Шырокія гарызонты». Гэтыя творы, актуальныя па тэматыцы, не вылучаліся пастаноўкай вострых праблем. Наадварот, усе складанасці жыцця калгаснікаў напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд тут прыхарошаны. У яго творах назіраецца даніна пануючай тады ў мастацтве тэорыі бесканфліктнасці. Аповесць А. Стаховіча «Шумяць лясы» прысвечана партызанскай барацьбе на тэрыторыі Беларусі. Пераклаў на беларускую мову «Аповесць пра сапраўднага чалавека» Б. Палявога. Творы А. Стаховіча выдаваліся на рускай і польскай мовах.
Памёр Аляксандр Іосіфавіч 7 лютага 1956 года.
ЛІТАРАТУРА:
1. Алесь Стаховіч // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 513.
2. Бярозка, У. Вялікае пачуцце часу / У. Бярозка // Віцебскі рабочы. – 1997. – 8 ліп. – С. 4.
3. Касінец, І. Перарваны палёт / І. Касінец // Аршанская газета. – 2017. – 1 ліп. – С. 5.
4. Памяці Алеся Стаховіча // Літаратура і мастацтва. – 1997. – 4 лiп. – С. 14.
5. Проста і праўдзіва // Вёрсты пройдзеных дарог / І. А. Яршоў, В. М. Сіднякова. – Магілеў, 2003. – С. 105–112.
6. Стаховіч Алесь // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.]. – Мінск, 1995. – Т. 5 : Пестрак–Сяўрук. – С. 418.
7. Стаховіч Алесь (Аляксандр Іосіфавіч) // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 40.
8. Стаховіч Алесь // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск, БелСЭ імя П. Броўкі, 1987. – Т. 5 : Скамарохі–«Яшчур». – С. 125–126.
9. Яршоў, І. Проста і праўдзіва / І. Яршоў // Аршанская газета. – 2001. – 16 жн. – С. 4.