Ставер Алесь
Ставер Алесь (Аляксандр Сяргеевіч Ставер, псеўданім Алесь Зарачанскі) нарадзіўся 10 жніўня 1929 года ў в. Маргавіца Докшыцкага раёна. Беларускі паэт, празаік, драматург. Бацька Сяргей Макаравіч і маці Хрысціна Пятроўна працавалі ў калгасе. Да Вялікай Айчыннай вайны А. Ставер скончыў 5 класаў Бягомльскай сярэдняй школы. У час вайны разам з бацькамі жыў у партызанскай зоне. Вясной 1944 года ў час блакады згубіў бацьку і братоў. Калі трапіў да немцаў, быў вывезены ў канцлагер у Германію. У верасні 1945 г. вярнуўся дадому і працягваў вучыцца ў школе. Маці Хрысціна Пятроўна да вайны была дэпутатам сельскага Савета, вельмі хацела, каб дзеці атрымалі адукацыю. Пасля заканчэння Бягомльскай сямігодкі А. Ставер вырашыў стаць шафёрам, але маці ўгаварыла яго вучыцца далей, і ён паступіў у Мінскае педвучылішча. Час быў нялёгкі. Транспарт да Бягомля не хадзіў, а з Барысава можна было з'ездзіць дадому па харчы на паштовай машыне, таму Ставер перавёўся ў Барысаўскае педвучылішча, якое скончыў у 1949 г. У 1949–1950 гг. быў старшым піянерважатым і адначасова выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Бягомльскай сярэдняй школе.
У 1950 г. паступіў на філалагічны факультэт Мінскага педінстытута. Да гэтага часу ён ужо пісаў вершы, таму быў перакананы ў неабходнасці далейшай вучобы. Пасля заканчэння інстытута працаваў інспектарам школ Лагойскага рана (1954–1955), быў літсупрацоўнікам газеты «Калгасная праўда», літаратурным рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1955–1956), загадваў літаратурнай часткай Белдзяржфілармоніі (1956–1961). 3 1961 г. малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. У 1975–1984 гг. А. Ставер – карэспандэнт-арганізатар Бюро прапаганды Саюза беларускіх пісьменнікаў. 3 1984 г. знаходзіўся на творчай рабоце. Ён часта выступаў на прадпрыемствах і ў школах рэспублікі, а таксама за яе межамі, асабліва ў вайсковых часцях, меў шмат падзяк і грамат ад камандавання вайсковых часцей. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1962).
Алесь Ставер пачаў пісаць вершы, калі быў студэнтам Мінскага педвучылішча. Да першых яго спроб прыхільна аднесліся выкладчык літаратуры педвучылішча Я. Замерфельд, паэты А. Русецкі і П. Панчанка. Першы яго верш апублікаваны ў 1949 г. ў барысаўскай раённай газеце «Бальшавіцкая трыбуна», а ў 1959 г. выйшаў з друку першы зборнік яго вершаў «Золак над Бярозай».
Алесь Ставер – аўтар паэтычных зборнікаў «Ластаўкі перад дажджом» (1967), «Жураўлі ляцяць...» (1972), «Лірнік» (1975), «Жнівеньскі вырай» (1979), «Зоры зямныя» (1989). Пісаў таксама для дзяцей: зборнікі «Касцёр не гасне» (1961), «Пад вясёлкавай дугой» (1984).
Многія вершы паэта пакладзены на музыку і сталі вядомымі, папулярнымі песнямі: «Колас, ты мой колас» (музыка М. Чуркіна), «Вячэрні вальс» (музыка Г. Вагнера), «Дзе ты, маё шчасце?» (музыка Р. Бутвілоўскага), «Канікулы», «Яркі месяц», «Песня пра Якуба Коласа» (музыка І. Кузняцова), «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Песня пра раку Бярозу», «Дзіянка» (музыка І. Лучанка), «Нікагусенькі няма», «Косіць хлопец канюшыну» (музыка М. Пятрэнкі), «А мне ў шчасце верыцца», «Юная бярозка» (музыка Ю. Семянякі), «Беларусачка» (музыка Ю. Семянякі і А. Хлімановіча) і шмат іншых. У 1983 годзе выдадзены зборнік песень «Мой край беларускі».
Аб перажытым у гады вайны А .Ставер расказаў у рамане «Пад канвоем» (1969). Ён выдаў дзве кнігі аб партызанскай барацьбе «Да сваіх» (1974) і «Лясныя аповесці» (1986). Напісаў лірычную камедыю «Алімпіяда Салодкая» і п'есу «Слова не варабей» (абедзве пастаўлены ў 1977). Вершы А. Ставера перакладзены на многія мовы народаў былога СССР, а таксама на балгарскую і польскую.
Алесь (Аляксандр Сяргеевіч) Ставер загінуў у аўтакатастрофе 23 ліпеня 1995 года. Пахаваны ў Мінску.
ЛІТАРАТУРА
1. Алесь Ставер // В атмосфере художественного поиска и стилевого многообразия: творчество витебских литераторов во второй половине 1960-х – начале 1990-х годов : монография : в 2 ч. / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2012. – Ч. 2. – С. 243–251.
2. Алесь Ставер // От земли Поозерской... Творчество витебских литераторов в послевоенный период (1946–1965 гг.) : монография / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2010. – С. 77–78.
3. Палачанін, Ф.А. Алесь Ставер // Докшыцкі край / Ф. А. Палачанін. – Мінск : Беларусь, 2009. – С. 129–130.
4. Пятрова, Т. Жураўлі ляцяць... у Маргавіцу / Т. Пятрова // Лепельскі край. – 2016. – 2 жн. – С. 6.
5. Салтук, А. Яму верылася ў шчасце // Вiцебскі рабочы. – 2004. – 10 жн. – С. 4.
6. Смыкоўская, В. Вывучэнне лірычных твораў у школе. Патрыятычная лірыка : верш Алеся Ставера «Жураўлі на Палессе ляцяць» / В. Смыкоўская // Роднае слова. – 2008. – № 6. – С. 41.
7. Сукора, Л. Жыццё і творчасць Алеся Ставера: віктарына для старшых класаў / Л. Сукора // Роднае слова. – 2014. – № 9. – С. 61–62.
8. Чувахова, Т. Алесю Ставеру прысвячаецца / Т. Чувахова // Родныя вытокi (Докшыцы). – 2004. – 28 жн. – С. 2.
9. Ставер Алесь // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 638–639.