Свірка Юрась
Свірка Юрась (Юрый Мікалаевіч Свірка, псеўданімы Банадысь Кастрыца, Гарчыца) нарадзіўся 6 мая 1938 г. у в. Маргавіца Докшыцкага раёна. Бацька Мікалай Іванавіч – удзельнік грамадзянскай вайны. Маці Акуліна Пятроўна ведала шмат казак, баек, любіла спяваць беларускія народныя песні. Тут упершыню пачуў Юрась пявучае беларускае слова, тут вытокі яго любові да бацькаўшчыны. Маленства яго прайшло ў жахлівыя ваенныя гады. У 1953 г. Ю. Свірка скончыў Бягомльскую сярэднюю школу, у 1959 г. аддзяленне журналістыкі БДУ. Некалькі месяцаў працаваў стылістам у часопісе «Камуніст Беларусі». У 1959–1961 гг. – літсупрацоўнік рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», з 1961 г. – старшы рэдактар літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё. 3 1975 г. – загадчык аддзела прозы і паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва». Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1961). Узнагароджаны медалём, Ганаровай граматай і граматамі Вярхоўных Саветаў БССР і Літоўскай ССР. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1993) за зборнік паэзіі «Узаемнасць».
Першы верш Юрася Свіркі «Новы крок» надрукаваны ў газеце «Піянер Беларусі» (1952). Першы зборнік вершаў «Шэпчуцца ліўні» (1959) шырока абмяркоўваўся ў крытыцы разам з першымі кнігамі маладых паэтаў. Аўтар паэтычных зборнікаў «Вечнасць» (1963), «Баравіна» (1967), «Крэўнасць» (1971), «Аўтограф» (1974), «Люблю і веру» (1975), «Памятная вярста» (1978), «Біяграфія памяці» (1981), «Ядранасць» (1983), «Паўшар'е блакіту» (1986), «Шлях да сябе» (1986, на рускай мове), «Кружка з пясчаным дном» (1990).
Малюнкі прыроды, жыццё і праца людзей, гераічныя і мужныя старонкі барацьбы з ворагам у перыяд Вялікай Айчыннай вайны складаюць змест паэтычных кніг Ю. Свіркі. Уласнымі вачыма ў гады вайны бачыў ён за калючай агароджай лагера для ваеннапалонных галодных і змучаных вязняў. Усё гэта пакінула след, абвастрыла асабістае перажыванне.
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, М. Лермантава, А. Фета, Ф. Цютчава, Б. Пастарнака, С. Ясеніна, А. Твардоўскага, М. Ціханава, М. Браўна, Я. Смелякова, М. Луконіна, М. Дудзіна, А. Жыгуліна, вершы ўкраінскіх, літоўскіх, малдаўскіх, грузінскіх, азербайджанскіх, армянскіх, узбекскіх, татарскіх, асецінскіх, чувашскіх паэтаў. Многія яго творы перакладзены на рускую, украінскую, літоўскую, грузінскую, таджыкскую, польскую, англійскую мовы. Песні на яго вершы напісалі М. Аладаў, Э. Зарыцкі, В. Кандрасюк, М. Наско, Ю. Семяняка і інш.
Памёр Юрый Мікалаевіч Свірка 30 жніўня 2004 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Камейша, К. Сваёй баравіны атожылак / К. Камейша // Полымя. – 2013. – № 4. – С. 159–168.
2. Карповіч, В. Прыцягненне родных мясцін / В. Карповіч // Родныя вытокі (Докшыцы). – 1998. – 6 мая. – С. 4.
3. Марціновіч, А. І звон крыніц, і лесу шум / А. Марціновіч // Літаратура і мастацтва. – 2013. – 3 мая. – С. 4.
4. Свірка Юрась // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 637.
5. Тычына, М. «Як жывеш ты, мой народ...» / М. Тычына // Роднае слова. – 2013. – № 2. – С. 24–28.
6. Хілько В. «Не просіць сэрца цішыні» / В. Хілько // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2003. – 21 мая. – С. 3.
7. Чувахова, Т. «Я ў вёску зазіраю як у слоўнік» / Т. Чувахова // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2003. – 7 чэрв. – С. 2.
8. Юрась Свірка // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі ; рэд. А. Л. Верабей. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 489.
9. Юрась Свірка // В атмосфере художественного поиска и стилевого многообразия: творчество витебских литераторов во второй половине 1960-х – начале 1990-х годов : монография : в 2 ч. / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2012. – Ч. 2. – С. 214–231.
10. Юрась Свірка // От земли Поозерской... Творчество витебских литераторов в послевоенный период (1946–1965 гг.) : монография / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2010. – С. 74–76.