Тапчэўскі Фелікс Феліксавіч
Тапчэўскі Фелікс Феліксавіч нарадзіўся каля 1838 года ў ф. Будзішча (Лёсава) Полацкага павета Віцебскай губерніі (зараз Ушацкі раён). Паэт. Біяграфічныя звесткі пра Ф. Тапчэўскага вельмі скупыя. Паходзіў са збяднелай шляхецкай сям'і. У ф. Будзішча, які належаў Тапчэўскім (на мяжы з Лепельскім паветам), было ўсяго 30 дзесяцін зямлі і некалькі прыгонных «душ». Бацька памёр рана. Вялікую сям'ю ўтрымлівала маці, Тэкля Паўлаўна. У 1849 годзе Ф. Тапчэўскі паступіў у Лепельскае павятовае вучылішча, дзе вучыўся і яго старэйшы брат Франц. У далейшым да іх далучыўся малодшы брат Мікола.
Пасля заканчэння вучылішча Фелікс, накінуўшы сабе для саліднасці некалькі гадоў, паступіў на службу пісарчуком-канцылярыстам у Віцебскі земскі суд (павятовую паліцыю). Атмасфера старажытнага горада спрыяла культурнаму развіццю маладога Ф. Тапчэўскага. Вялікі ўплыў на яго духоўнае фарміраванне зрабіла эпоха 60-х гадоў. У 1861 годзе ён звольніўся з суда з мізэрным чынам калежскага рэгістратара і неўзабаве, мабыць, каб быць бліжэй да народа, уладкаваўся валасным пісарам у м. Ула Лепельскага павета (зараз Бешанковіцкі раён). Пазней ён жыў у сваёй стрыечнай сястры ў маёнтку Красны Стаў каля г. Веліж Віцебскай губерніі (зараз Смаленская вобласць). Ф. Тапчэўскі кіраваў гаспадаркай гэтага маёнтка.
У лютым 1864 года паэт быў арыштаваны і зняволены ў віцебскую турму. Разам з братам Міколам яго абвінавацілі ў далучэнні да паўстаніцкага атрада О. Грабніцкага, які фарміраваўся на Лепельшчыне падчас спробы ўзброенага выступлення супраць царызму ў Віцебскай губерніі (красавік 1863). Але даказаць абвінавачанне не ўдалося, і братоў выпусцілі на свабоду. Пра далейшае жыццё Тапчэўскага вядома мала. Паводле ўспамінаў землякоў, у апошняй чвэрці ХІХ ст. ён па-ранейшаму валодаў фальваркам Лёсава паблізу Рукшаніц, быў жанаты на Кацярыне Аніхімоўскай, якая не падзяляла дэмакратычных поглядаў мужа. Яны мелі двух сыноў (адзін з іх Фелікс) і дачку Тэклю (па мужу Радзішэўская, памерла каля 1921 г.). У доме была вялікая бібліятэка. Паэт любіў музыку, народныя песні, іграў на скрыпцы, добра спяваў. Працаваў ён упраўляючым у м. Ухвішчы памешчыцы А. Сялявы. Тады і разгарнулася паэтычная творчасць Ф. Тапчэўскага.
Таленавіты паэт-дэмакрат Ф. Тапчэўскі праславіўся дасціпнымі гумарыстычнымі творамі, якія шырока разыходзіліся ў рукапісах. Часцей за ўсё ў іх апісваліся мясцовыя падзеі і асобы, але талент дапамагаў паэту ўлавіць тыповыя характэрныя рысы, рабіць значныя мастацкія абагульненні. Большасць сваіх твораў, якія не прызначаліся да друку, Ф. Тапчэўскі падпісваў псеўданімам «Хвэлька з Рукшэніц». Іх аўтографы не захаваліся.
Рукапісная «Хрэстаматыя» Б. Эпімах-Шыпілы, земляка Тапчэўскага, данесла да нас яго наступныя вершы: «Саўсім не тое, што было» (з аўтарскай паметай: Ухвішчы, 1890), «Грошы і праца» (з такой жа паметай), «Ён і яна» (перапісана Эпімах-Шыпілам у 1890), «Вечарынка» (з паметкай: «Апісанне балю, адбытага ва Ухвішчы. Паніч-барон – Эрдман; пан у акулярах – Шырын»), «Панскае ігрышча» (перапісана Эпімах-Шыпілам у 1889 г., у тым жа годзе надрукавана ў «Виленском вестнике» I. Сіроткам; твор пашыраўся пад псеўданімам Юрка, прыпісваўся таксама іншым аўтарам). 3 эстэтычнай канцэпцыяй «Панскага ігрышча» спрачаўся Ф. Багушэвіч, змясціўшы «Адказ» яго аўтару ў сваім «Смыку беларускім» (1894).
Паэтычны талент Ф. Тапчэўскага вельмі блізкі да таленту аўтара паэмы «Тарас на Парнасе». Некаторыя даследчыкі нават мяркуюць, што Ф. Тапчэўскі быў аўтарам гэтага паэтычнага шэдэўра, але ў святле апошніх звестак паэма напісана ў 1855 годзе, калі Тапчэўскаму было ўсяго 17 гадоў. Таму лепш гаварыць пра тыпалагічную блізкасць, пра ўплыў аўтара паэмы на творчасць Ф. Тапчэўскага.
Памёр Фелікс Феліксавіч Тапчэўскі 17(29) снежня 1892 года (в. Ухвішча Лепельскага павета, зараз Полацкі раён). Пахаваны ў в. Рукшаніцы Полацкага павета, зараз в. Глыбачка (з ёй зліліся колішнія Рукшаніцы) Ушацкага раёна. Тут захаваўся надмагільны помнік Ф. Тапчэўскага, адшуканы Г. Каханоўскім і мясцовым настаўнікам I. Законнікавым.
У 2018 годзе да 180-гадовага юбілею пісьменніка ў в. Глыбачка была ўсталявана інфармацыйная памятная дошка.
ЛІТАРАТУРА
1. Іпатава, В. Усяго краёчак айсбергу... / В. Іпатава // Краязнаўчая газета. – 2006. – № 36 (верас.). – С. 4.
2. Караленка, В. Нятленная спадчына Хвэлькі з Рукшэніц / В. Караленка // Патрыёт (Ушачы). – 2018. – 1 снеж. – С. 1–2.
3. Пастернак, Т. В честь Фельки из Рукшениц / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2018. – 18 дек. – С. 7.
4. Салтук, А. Вясковы лірнік / А. Салтук // Віцебскі рабочы. – 2003. – 27 мая. – С. 4.
5. Тапчэўскі Фелікс Феліксавіч // Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 60.
6. Фелікс Тапчэўскі (1838–1892) // Камяні тых сядзібаў: шляхі паэтаў XIX cт. / К. Цвірка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2004. – С. 287.
7. Фелікс Тапчэўскі (каля 1838–1892) // Пачынальнікі: з гісторыка-літаратурных матэрыялаў XIX cт. / уклад. Г. В. Кісялёў. – 2-е выд. – Мінск : Беларуская навука, 2003. – С. 378–380.