Цяпінскі Васіль
Цяпінскі (Цяпінскі-Амельяновіч) Васіль Мікалаевіч нарадзіўся ў в. Цяпіна (зараз Чашніцкі раён) каля 1540 года ў сям'і дробнага гаспадарскага баярына Полацкага павета Мікалая Амельяновіча.
У 60-х гг. ХVІ cт. мужны шляхціц удзельнічаў у ваенных паходах на Маскоўшчыну пад харугвамі аршанскага старасты Філона Кміты і падканцлера Астафея Валовіча. Аднак сваё прызванне ён знайшоў не на вайсковай службе, а на ніве асветы і культурнай дзейнасці.
Зблізіўшыся з высокаадукаванымі людзьмі таго часу – С. Будным, К. Астрожскім і іншымі, Васіль Цяпінскі апынуўся ў цэнтры палемічнай барацьбы, што вялася паміж прадстаўнікамі розных культурна-гістарычных і рэлігійных плыняў.
Паводле сваіх поглядаў В. Цяпінскі быў прыхільнікам арыянства, гэта значыць выступаў супраць вучэння аб Троіцы. Асветнік таксама не прымаў дактрыны анархістаў, што заклікалі да ліквідацыі ўсіх гаспадарскіх структур.
Галоўная ж заслуга В. Цяпінскага перад гісторыяй і беларускім народам у тым, што ён у поўны голас заявіў пра неабходнасць развіцця навукі, літаратуры, культуры на матчынай мове, заклікаў пашыраць на ёй Слова Божае. Ахвяруючы ўласнымі сродкамі, ён распачынае пераклад Апостальскага пісьма.
Васіль Цяпінскі быў вялікім аматарам кнігі, ён сабраў надзвычай вялікую і каштоўную бібліятэку. У радавым маёнтку Цяпіна заснаваў друкарню, дзе каля 1580 г. выдаў перакладзенае на беларускую мову Евангелле з уласнай прадмовай, у якой ён выкладаў свае погляды.
Цяпінскі выкрываў разбэшчанасць каталіцкіх і праваслаўных святароў, выступаў за маральную чысціню чалавека. Ён горача абараняў родную мову, гісторыю, традыцыі, быў адданым прыхільнікам пашырэння адукацыі сярод простага люду, адкрыцця школ на беларускай мове, выхавання самаахвярнага служэння Айчыне. Па палітычных і рэлігійных поглядах Цяпінскі быў блізкі Буднаму, хаця і належаў да больш памяркоўнага крыла рэфармацыйнага руху.
З творчай спадчыны В. Цяпінскага, на жаль, захавалася няшмат: няпоўны пераклад Новага Запавету з рукапіснай «Прадмоваю» і каментарыямі, а таксама адна старонка «Катэхізіса, або Сумы навукі для дзетак».
У 1567 г. ён служыў малодшым афіцэрам коннай роты аршанскага старосты Ф. Кміты-Чарнабыльскага і прымаў удзел у Лівонскай вайне 1558–1583 гг. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў пачатку 1570-х Васіль Цяпінскі жыў на Валыні. Напрыканцы жыцця ён быў уцягнуты ў даўні сямейны маёмасны канфлікт са сваім дзядзькам, у выніку якога Васіль Цяпінскі і быў забіты сваімі жа пляменнікамі Іванам і Васілём у 1600 годзе.
Большасць даследчыкаў жыцця і творчасці В. Цяпінскага лічаць, што ён быў пахаваны ў сваім родавым маёнтку ў в. Цяпіна. Другія лічаць, што месца апошняга прытулку В. Цяпінскага знаходзілася ў Латыгалічах, ва ўладанні яго жонкі Соф'і Жыжэмскай, прычым зусім не абавязкова ў тых Латыгалічах, якія знаходзяцца на тэрыторыі Чашніцкага раёна.
На жаль, могілкі ў Цяпіне, на якіх знаходзіцца магіла В. Цяпінскага, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі былі знішчаны, і дакладнае месца апошняга прытулку невядома. Не захавалася і друкарня разам з сядзібай, дзе жыў В. Цяпінскі.
ЛІТАРАТУРА
1. Бабкова, В. Васіль Цяпінскі: новыя дакументы / В. Бабкова // Спадчына. – 1991. – № 3. – С. 15–19.
2. Бабкова, В. Пра мяне / В. Бабкова // Крыніца. – 1995. – № 4. – С. 3–7.
3. Бізюк, Т. Усё распрадаў, а Евангелле выдаў / Т. Бізюк // Сельская газета. – 2017. – 25 февр. – С. 31.
4. Васіль Цяпінскі (каля 1540 – каля 1603) // Асветнікі Беларусі : Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Іпацій Пацей / Э. Дубянецкі. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2016. – С. 26–45. – (Ганаруся табой, Беларусь!).
5. Выдающиеся имена Отечества – уроженцы Чашникского района // Чашникский район : справочно-информационные материалы / отв. за вып. Т. В. Пчелкина. – Витебск : Витебская областная типография, 2008. – С. 9–10.
6. Жыццё і творчасць В. Цяпінскага // Гістарычна-краязнаўчы курс «Наша Чашніччына». Чашніказнаўства / В. В. Грыбко. – Мінск : Медисонт, 2007. – С. 132–137.
7. Кавалеўскі, С. Край чашніцкі легендамі багаты... / С. Кавалеўскі // Народнае слова. – 2012. – 15 мая. – С. 6.
8. Кандратовіч, І. Бацька і дзядзька Васіля Цяпінскага / І. Кандратовіч // Краязнаўчая газета. – 2018. – № 39 (кастр.). – С. 4.
9. Клімаў, І. П. Адносіны «Евангелля» Васіля Цяпінскага да польскага перакладу Сымона Буднага 1570–1572 гг. / І. П. Клімаў // Веснік БДУ. Серыя 4, Філалогія, журналістыка, педагогіка. – 2013. – № 2. – С. 22–25.
10. Клімаў, І. П. Васіль Цяпінскі і яго перакладное «Евангелле» / І. П. Клімаў // Весці АН Беларусі. – 1997. – № 4. – C. 103–106.
11. Клімаў, І. П. І ўсё ж Цяпінцы, а не Цяпіна / І. П. Клімаў // Культура. – 2013. – 13 крас. – С. 14.
12. Міхно, У. Каровін хутарок заміж фальварка Васіля / У. Міхно // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2002. – 17 верас. – С. 3.
13. На земле просветлителя / подгот. И. Торбина // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2017. – 28 сак. – С. 5.
14. Рублевская, Л. Тайна человека в берете / Л. Рублевская // Советская Белоруссия. 2016. – 27 мая. – С. 8.
15. Саверчанка, І. В. Васіль Цяпінскі – кнігадрукар і пісьменнік / І. В. Саверчанка // Беларуская мова i лiтаратура. – 2006. – № 11. – С. 58–61.
16. Сурскі, Я. Д. Новы дакумент Васіля Цяпінскага / Я. Д. Сурскі // Беларускі гістарычны часопіс. – 2017. – № 11. – С. 33.
17. Януш, І. Васіль Цяпінскі / І. Януш // Лепельскі край. – 2010. – 19 студз. – С. 2.