Вераніцын Канстанцін Васільевіч
Вераніцын Канстанцін Васільевіч нарадзіўся 1 (13) чэрвеня 1834 года ў в. Астраўляны Гарадоцкага раёна. Беларускі паэт.
Паходзіў з прыгонных сялян памешчыкаў Бондыравых. Спачатку яго прозвішча было Васільеў. У 1851 годзе, атрымаўшы вольную, ён прыпісаўся ў гарадоцкія мяшчане і выбраў сабе прозвішча «Вераніцын».
Вучыўся ў Гарадоцкім прыходскім вучылішчы, Віцебскай гімназіі і Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. У 1854 годзе яго выключылі з акадэміі, але яго гэта не спыніла. У 1859 годзе ён бліскуча (у спісе выпускнікоў яго імя стаіць першым) скончыў Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Нейкі час працаваў выкладчыкам у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, потым служыў у Пецярбургу ў апараце Міністэрства шляхоў зносін, меў чын стацкага саветніка. Перыяд яго жыцця пасля заканчэння інстытута і да 1863 года недастаткова высветлены. Вядома, што ён кіраваў прыватным маёнткам (дзе – не ўстаноўлена).
У 1863–1874 гг. служыў у Пецярбургу ў губернскай па сялянскіх справах установе і Галоўным таварыстве расійскіх чыгунак. У 1874–1879 гг. працаваў выкладчыкам прыродазнаўства, геаграфіі і гісторыі ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. З 1880 года зноў служыў у Пецярбургу ў апараце Міністэрства шляхоў зносін. У 1900 годзе выйшаў у адстаўку.
Канстанціну Вераніцыну прыпісваецца аўтарства сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе» – аднаго з вяршынных твораў беларускай літаратуры XIX ст. Твор гэты ўнікальны, адзіны ў сваім родзе. Тут усё незвычайна, усё інтрыгуе, прыцягвае ўвагу – ад арыгінальнай фабулы і дзівосных малюнкаў да непаўторнага лёсу і загадкі аўтарства. Гісторыкі літаратуры многія дзесяцігоддзі б'юцца над разгадкай таямніц «Тараса на Парнасе». Шляхам аналізу тэксту паэмы, уважлівага вывучэння ўсёй гісторыі беларускай і суседніх літаратур даследчыкі прыйшлі да высновы, што паэма напісана ў 50-я гг. XIX ст. Магчыма, яна была напісана Вераніцыным у 1855 годзе ў Гарадку. Доўгі час паэма распаўсюджвалася ў рукапісах і вуснай перадачы і апублікавана ўпершыню ў газеце «Мінскі лісток» як ананімны твор.
За подпісам К. Вераніцына да нас дайшла таксама выдатная беларуская сатырычная паэма «Два д'яблы», напісаная ў 1860 годзе ў Маскве, але звязаная сюжэтна з Віцебскам.
За гады вуснага і рукапіснага бытавання паэма «Тарас на Парнасе» згубіла імя аўтара, стала ананімнай. Пасля 1889 года вытрымала мноства выданняў, адыграўшы вялікую ролю ў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў, у станаўленні літаратурнай мовы, у развіцці ўсёй беларускай літаратуры. Цудоўны твор дагэтуль мае нязменны поспех. Гэта адзін з першых твораў новай беларускай літаратуры, які перайшоў межы нашай краіны, атрымаў вядомасць у суседзяў. Паэма пра палясоўшчыка Тараса не адзін раз перакладалася на рускую, украінскую, англійскую і іншыя мовы. Да яе матываў неаднойчы звярталіся нашы мастакі, кампазітары, тэатральныя дзеячы. Паэма трывала ўвайшла ў культурную скарбніцу беларускага народа. Традыцыі «Тараса на Парнасе» працягваюцца ў ананімных сатырычна-гумарыстычных паэмах нашага часу.
Памёр Канстанцін Вераніцын 13 (26).08.1903 года ў Лясным пад Санкт-Пецярбургам.
У 2001 годзе на радзіме Канстанціна Вераніцына, у Астраўлянах і Гарадку, устаноўлены мемарыяльныя знакі ў гонар паэмы «Тарас на Парнасе» і яе верагоднага аўтара.
ЛІТАРАТУРА
1. Вераніцын Канстанцін Васільевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1997. – Т. 4 : Варанецкі–Гальфстрым. – С. 95.
2. Вераніцын Канстанцін Васільевіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Б–Г. – С. 252–253.
3. Вереницин Константин Васильевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 625.
4. Гаравы Л. Лёс Канстанціна Вераніцына / Л. Гаравы // Народнае слова. – 1999. – 12 чэрв. – С. 4.
5. Гаравы Л. Удакладнена дата смерці К. Вераніцына / Л. Гаравы // Гарадоцкі веснік. – 2020. – 5 чэрв. – С. 4.
6. Гук, С. Узыходжанне на Парнас / С. Гук // Літаратура і мастацтва. – 2001. – 21 снеж. – С. 12.
7. Дранько-Майсюк, В. Л. Прароцтвы Вераніцына / В. Дранько-Майсюк // Літаратура і мастацтва. – 2019. – 14 чэрв. – С. 4.
8. Кісялёў Г. В. Вераніцын Канстанцін / Г. В. Кісялёў // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1993. – Т. 2 : Верабей–Іваноў. – С. 8.
9. Кісялёў Г. Віцебск Канстанціна Вераніцына / Г. Кісялёў // Віцебскі сшытак. – 1997. – № 3. – С. 56–59.
10. Кісялёў, Г. Жылі-былі класікі: хто напісаў паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» / Г. Кісялёў. – Мінск : Беларуская навука, 2005. – 549 с.
11. Кісялёў, Г. Канстанцін Вераніцын / Г. Кісялёў // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Н. А. Бурунова [і інш.] ; уклад. С. І. Садоўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 2004. – С. 154–155.
12. Ляшук, С. «Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса...» / С. Ляшук // Витебские вести. – 2014. – 12 июня. – С. 22.
13. Наумова, А. Тулуп с панского плеча / А. Наумова // Сельская газета. – 2017. – 5 сент. – С. 15.
14. Падстаўленка, В. Ф. Паэма «Тарас на Парнасе» ў кантэксце беларускай камічнай плыні / В. Ф. Падстаўленка // Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. – 2009. – № 2. – С. 102–105.
15. Партоліна, Н. Тарас у Гарадку / Н. Партоліна // Витебский курьер. – 2001. – 30 нояб. – С. 1.
16. Помнік неўміручай паэме // Народнае слова. – 2001. – 1 чэрв. – С. 5.
17. Рублевская, Л. Константин, который ходил на Парнас / Л. Рублевская // Советская Белоруссия. – 2014. – 6 авг. – С. 10.
18. Таптаў Тарас і тут сцяжынкі... / падрыхт. С. Якаўлева // Гарадоцкі веснік. – 2013. – 15 чэрв. – С. 8.
19. Якаўлева, С. Канстанцін Вераніцын, карэнны астраўлянін / С. Якаўлева // Гарадоцкі веснік. – 2015. – 13 чэрв. – С. 8.
20. Якаўлева, С. Сцяжынка з Пуцявішча ў цэлы свет / С. Якаўлева // Гарадоцкі веснік. – 2017. – 19 верас. – С. 4.
21. Янушкевіч, Я. Самы славуты ананім / Я. Янушкевіч // Гарадоцкі веснік. – 2014. – 14 чэрв. – С. 8.
СПАСЫЛКІ
Вераніцын Канстанцін. Нашы землякі. Городокская сеть публичных библиотек