Вярыга-Дарэўскі Арцём Ігнатавіч
Вярыга-Дарэўскі Арцём Ігнатавіч нарадзіўся 23 кастрычніка (4 лістапада) 1816 года ў м. Кублічы Лепельскага павета Віцебскай губерні (зараз Ушацкі раён). Паэт, драматург, публіцыст.
Паходзіў са старадаўняга, але збяднелага беларускага дваранскага роду. Бацька яго быў дазорцам мер і вагаў у Кублічах. Маці памерла пасля родаў. Дзяцінства А. Вярыгі-Дарэўскага прайшло ў ф. Людвінава, непадалёк ад Дзісны. Пасля заканчэння Забельскай гімназіі (м. Валынцы, зараз Верхнядзвінскі раён) служыў у Віцебскай часовай камісіі для рэвізіі дзейнасці губернскай дваранскай дэпутацкай зборні (1836–1844). У сярэдзіне 1840-х гадоў набыў ф. Стайкі паблізу Віцебска, у 1852–1856 гг. з'яўляўся папячыцелем сельскіх запасных магазінаў Віцебскага павета. Шмат сіл і часу аддаваў культурна-асветніцкай дзейнасці, імкнучыся арганізаваць на Віцебшчыне народныя школы, тэатр, бібліятэкі і чытальні. Збіраў беларускі фальклор, стаў вядомы як аўтар шматлікіх паэм, гутарак і драматургічных твораў на беларускай мове, якія разыходзіліся ў рукапісах. Яго «Гутарка аб сваяку», выдадзеная ў 1858 годзе на польскай мове, атрымала станоўчую ацэнку ў друку і ўмацавала яго пісьменніцкі аўтарытэт. Ён актыўна працаваў як карэспандэнт віленскіх, варшаўскіх, пецярбургскіх газет і часопісаў, упарта шукаў магчымасці для публікацыі сваіх беларускіх твораў. Праца для Беларусі, для яе асветы і культуры стала галоўным зместам жыцця А. Вярыгі-Дарэўскага. «3 Беларушчынай не разбратаўся. Гэта мой ідэал», – пісаў ён у адным з лістоў.
Вялікі грамадскі рэзананс мела яго паездка ў Вільню (1858), дзе ён сустрэўся з віднымі тагачаснымі пісьменнікамі, дзеячамі культуры і грамадскага руху У. Сыракомляй, А. Кіркорам, В. Каратынскім, А. Адынцом, I. Ходзькам, М. Маліноўскім, братамі Рэніерамі і інш. Усе яны віталі А. Вярыгу-Дарэўскага як яркага прадстаўніка беларускай літаратуры, культуры. У Вільні быў пачаты знакаміты «Альбом Вярыгі-Дарэўскага» – своеасаблівы рукапісны літаратурна-грамадскі альманах, куды заносілі свае празаічныя, вершаваныя і нотныя запісы ўсе, хто спачуваў яго пісьменніцкай і асветніцкай дзейнасці. На зваротным шляху А. Вярыга-Дарэўскі заехаў у Мінск, дзе сустрэўся з В. Дуніным-Марцінкевічам, які ў знак салідарнасці з ім упісаў у яго «Альбом» фрагменты са свайго перакладу «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча. У «Альбоме» зафіксаваны таксама віцебскія і магілёўскія кантакты і сустрэчы А. Вярыгі-Дарэўскага (аўтографы Я. Вуля, А. Рыпінскага, ветэрана рэвалюцыйнага руху Б. Люткевіча, музыкантаў М. Сакалоўскага і А. Хадэцкага і інш.).
У 1861–1862 гг. ён прыняў актыўны ўдзел у патрыятычных дэманстрацыях у Віцебску, стаў аб'ектам пільнага назірання з боку жандараў. У 1863 годзе быў адным з галоўных арганізатараў і кіраўнікоў узброенага выступлення на Віцебшчыне. У тым жа годзе пісьменнік быў арыштаваны, амаль два гады правёў у віцебскай турме, паводзіў сябе ўмела і мужна на следстве, утаіўшы многія звесткі пра паўстанне. Асуджаны на 8 гадоў катаржных работ, у 1865 годзе адпраўлены па этапе ў Сібір. Адбываў пакаранне на саляварным заводзе ва Усоллі. 3 1868 годзе на пасяленні ў Іркуцку. У ссылцы ён працягваў пісаць вершы, меў вялікую павагу сярод ссыльных. Таварышы па ссылцы называлі яго «Вайдэлотам Беларусі». Апошнія гады жыцця А. Вярыга-Дарэўскі быў служачым у сібірскіх капальнях золата. У Сібіры з ім была яго дачка Габрыэля, якая выйшла замуж за былога паўстанца Скакоўскага і пасля смерці бацькі выехала ў Парыж.
А. Вярыга-Дарэўскі плённа працаваў у розных жанрах. Напісаў на беларускай мове паэму «Ахульго», якая тэматычна звязана з вызваленчай барацьбой горцаў пад кіраўніцтвам Шаміля, драму «Гордасць», камедыі «Хцівасць» і «Грэх чацвёрты – гнеў», дарожныя нататкі «Гутарка з пляндроўкі па зямлі латышскай» (матэрыялам паслужыла паездка пісьменніка ў так званыя «інфлянцкія» паветы Віцебскай губерні улетку 1859), верш «Думка хлопка з аколіц Віцебска на адглос вольнасці» (1858) і іншыя творы.
Як і В. Дунін-Марцінкевіч, А. Вярыга-Дарэўскі паклаў пачатак беларускім перакладам з А. Міцкевіча. Але ўсе спробы надрукаваць свае творы ва ўмовах цэнзурнага ўціску і праследавання беларускага слова поспеху не мелі, рукапісы да гэтага часу не знойдзены. Былі апублікаваны толькі часткова ананімна, у складзе карэспандэнцыі А. Вярыгі-Дарэўскага ў варшаўскі часопіс «Рух музычны», маналог-думка «Салдатка» (урывак з камедыі «Грэх чацвёрты – гнеў») і верш-гімн «Бялыніцка наша маці...». Вядомы таксама ў больш позняй рукапіснай копіі тэкст вялікай вершаванай імправізацыі пісьменніка «Літвінам, запісаўшымся ў мой альбом, на пажагнанне» – водгук на віленскія сустрэчы 1858.
Выказанае ў навуковай літаратуры меркаванне, што А. Вярыга-Дарэўскі – аўтар паэмы «Тарас на Парнасе», не пацверджана даследаваннямі. 3 польскіх яго твораў, апрача «Гутаркі аб сваяку», вядомы вершы, прысвечаныя Э. Жалігоўскаму і яго таварышам, «Марку Сакалоўскаму і Аляксандру Хадэцкаму, нацыянальнай славе, любімым нашым артыстам ад беларусаў», «Прыгожаму капялюшыку з Варшавы на ўспамін», а таксама напісаная ў Сібіры балада пра кіраўніка паўстання 1863 года на Украіне Э. Ружыцкага, допісы ў «Кур'ер віленскі», «Рух музычны», польскую пецярбургскую газету «Слова». Частка асабістага архіва А. Вярыгі-Дарэўскага (у тым ліку яго «Альбом», пісьмы да яго А. Кіркора і іншых карэспандэнтаў) зберагаецца ў Цэнтральным гістарычным архіве Літвы ў Вільнюсе, асобныя аўтографы ў ЦБАН Літвы (Вільнюс), бібліятэцы Чартарыскіх у Кракаве.
А. Вярыга-Дарэўскі пісаў пад псеўданімам Беларуская Дуда, крыптанімам – Б. Д-да.
Памёр Арцём Ігнатавіч Вярыга-Дарэўскі ў Сібіры ў 1884 годзе.
ЛІТАРАТУРА
1. Альбом Вярыгі-Дарэўскага (Віленскія запісы) // Героі і музы : гісторыка-літаратурныя нарысы / Г. Кісялёў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1982. – С. 71–81.
2. Арцём Вярыга-Дарэўскі (1816-1884) // Пачынальнікі: з гісторыка-літаратурных матэрыялаў XIX ст. / уклад. Г. В. Кісялёў. – 2-е выд. – Мінск : Беларуская навука, 2003. – С. 214–293.
3. Вярыга-Дарэўскі А. І. (1816–1884) / склад.: В. Я. Асаёнак, Г. В. Брага, Н. А. Шашэнька // Новыя кнігі. Па старонках беларускага друку : штомесячны бібліяграфічны бюлетэнь / Нацыянальная бібліятэка Беларусі. – 2016. – № 6. – С. 28–30.
4. Вярыга-Дарэўскі Арцём Ігнатавіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы : [біяграфічны даведнік] / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 74–75.
5. Галубовіч, Л. Беларушчына як ідэал / Л. Галубовіч // Літаратура і мастацтва. – 2006. – 10 лістап. – С. 7.
6. Канапелька, А. Арцём Вярыга-Дарэўскі / А. Канапелька // Народнае слова. – 1998. – 15 верас. – С. 4.
7. Кісялёў, Г. Арцём Вярыга-Дарэўскі. З гісторыі літаратурнага Віцебска / Г. Кісялёў // Полымя. – 1966. – № 4. – С. 143–154 ; № 5. – С. 163–174.
8. Кісялёў, Г. В. Вярыга-Дарэўскі Арцём / Г. В. Кісялёў, В. І. Козіч // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэд. А. Мальдзіс. – Мінск : БелЭн, 1993. – Т. 2 : Верабей–Іваноў. – С. 80–81.
9. Кісялёў, Г. Вярыга-Дарэўскі Арцём (Арцём Аўгусцін) Ігнатавіч / Г. Кісялёў // Сузор'е беларускага памежжа. Беларусы і народжаныя ў Беларусі ў суседніх краінах : энцыклапедычны даведнік / [рэдкал.: А. Мальдзіс і інш.]. – Мінск : Энцыклапедыкс, 2014. – С. 105–106.
10. Лёс віцебскай версіі // Пошукі імя / Г. Кісялёў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1978. – С. 55–65.
11. Мальдзіс, А. Арцём Вярыга-Дарэўскі / А. Мальдзіс // Мальдзіс А. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе. З гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры : навукова-папулярныя нарысы / А. Мальдзіс. – Мінск : Народная асвета, 1969. – С. 6, 54–55, 65–70, 72, 164.
12. Півавар, М. В. Вярыга-Дарэўскі Арцём Ігнатавіч / М. В. Півавар // Віцебскі раён : краязнаўчыя нарысы / І. А. Абрамава [і інш.] ; уклад. М. В. Півавар – Мінск : Паркус плюс, 2008. – С. 164.
13. Подлипский, А. Малоизвестный Верига из Стаек / А. Подлипский // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2010. – 22 мая. – С. 6.
14. Рублевская, Л. Альбом в кожаном футляре / Л. Рублевская // Советская Белоруссия. – 2006. – 17 нояб. – С. 14.
15. Ушацкая плынь ў патоку айчыннага слова // Патрыёт (Ушачы). – 2017. – 2 верас. – С. 4.
16. Хмельницкая, Л. Музыкальные зарисовки с берегов «печальной Двины» / Л. Хмельницкая // Віцьбічы = Витьбичи. – 2010. – 22 июля. – С. VI. – (Прилож.: Вечерний Витебск).
17. Хмяльніцкая, Л. У. Невядомая карэспандэнцыя Арцёма Вярыгі-Дарэўскага? / Л. Хмяльніцкая // Віцебскі сшытак / рэд. Л. Хмяльніцкая. – Мінск : НББ, 2017 – Вып. 5. – С. 114–116.
18. Цвірка, К. Арцём Вярыга-Дарэўскі (1816–1884) / К. Цвірка // Камяні тых сядзібаў: шляхі паэтаў XIX ст. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2004. – С. 286.
19. Шніп, В. Балада Арцёма Вярыгі-Дарэўскага / В. Шніп // Полымя. – 2009. – № 5. – С. 5–6.
20. Януш, І. Застаўся ў памяці людзей / І. Януш // Лепельскі край. – 2006. – 10 лістап. – С. 3.