Ялугін Эрнест Васільевіч
Ялугін Эрнест Васільевіч нарадзіўся 19 лістапада 1936 года на станцыі Асінаўка Дубровенскага раёна ў сям’і служачага.
Беларускі празаік, публіцыст. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1972), Член Саюза журналістаў Беларусі (1958).
Бацькі працавалі на будаўніцтве БелДРЭС. Пасля вайны жылі ў Крычаве, дзе ў 1954 годзе Эрнест скончыў сярэднюю школу, затым працаваў рэдактарам радыёвяшчання пры Крычаўскай раённай газеце «Шлях сацыялізму», літаратурным супрацоўнікам прамысловага аддзела гэтай жа газеты (1954–1956 гг.). Удзельнічаў у рабоце мясцовага літаратурнага аб’яднання. Працаваў загадчыкам аддзела пісем, адказным сакратаром мсціслаўскай раённай газеты «Калгасная праўда» (1957–1960 гг.), быў старшынёй літаратурнага аб’яднання пры ёй.
У 1962 годзе скончыў завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага Дзяржаўнага ўніверсітэта, адначасова працаваў у Салігорску ў шматтыражнай газеце «За коммунистический труд» (1960–1961), адкуль быў пераведзены літаратурным супрацоўнікам у рэдакцыю газеты «Знамя юности», там жа стаў загадчыкам аддзела камсамольскага жыцця, адказным сакратаром, выконваючым абавязкі аддзела прапаганды (1961–1966 гг.). Перайшоў у рэдакцыю «Сельской газеты», дзе працаваў раз’язным карэспандэнтам газеты (196–1969 гг.). З 1969 года працаваў карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1972–1976 гадах – на творчай рабоце. З 1976 года літаратурны супрацоўнік аддзела прозы, загадчык аддзела крытыкі і мастацтва, адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара ў часопісе «Неман». У 1991–1997 гг. – галоўны рэдактар штотыдневіка «Наша слова».
Аўтар нарысаў пра дзеячаў беларускай літаратуры і навукоўцаў: В. Быкава, А. Міронава, А. Мальдзіса, М. Улашчыка, дакументальнай аповесці пра жыцце і дзейнасць Ц. Гартнага («Без эпітафі», часопісны варыянт пад назвай «Пасля небыцця», аднаго з першадрукароў Пятра Мсціслаўца («Мсціслаўцаў посах»), сцэнарыяў дакументальных тэлефільмаў «Мсціслаў: звенні часу», «Без эпітафі», зборніка нарысаў «Саленая планета».
Пісаў аповесці, раманы на гістарычную і сучасную тэматыку: «Камяні Млечнага шляху», «Апошні князь», «Астравы», «Год-другі ў Алжыры», «Свечкі на Дзяды» (1991), «Ідзі і кажы» (2006), «А потым – рай» (2008).
Памёр 25 чэрвеня 2022 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Лапата–Загорскі, А. Час вызначае: штрыхі творчасці Эрнэста Ялугіна / А. Лапата-Загорскі // Роднае слова. – 1996. – № 11. – С. 5–15.
2. Наш зямляк – Эрнэст Ялугін // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 1996. – 20 лістап. – С. 2.
3. Савік, Л. С. Ялугін Эрнэст / Л. С. Савік // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1995. – Т. 6 : Талай–Яфімаў. – С. 490–491.
4. Чапялова, Л. Сустрэча з пісьменнікам / Л. Чапялова // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2014. – 12 сак. – С. 3
5. Эрнест Ялугін // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 633–634.
6. Ялугін, Э. За раем чалавечым / Э. Ялугін ; гутарыў І. Крэнь // Літаратура і мастацтва. – 1996. – 15 лістап. – С. 4.
7. Ялугін Эрнест Васілевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1987. – Т. 5 : Скамарохі–Яшчур. – С. 684–685.