Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Юхнавец Янка

Дата нараджэння
03.11.1921
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Докшыцкі раён, в. Забродак
Дата смерці
06.01.2004
Род дзейнасці
паэт, празаік, драматург

Юхнавец Янка (Іван Змітрыкавіч, псеўданімы: Я. Юхна, К. Юхневіч; крыптонім Я. Ю.) нарадзіўся 3 лістапада 1921 года ў в. Забродак Докшыцкага раёна ў сялянскай сям'і. У дзяцінстве на будучага паэта вялікі ўплыў аказала сваімі казкамі цётка Куліна. Да вайны скончыў сярэднюю школу. У 1944 годзе вывезены ў Германію. Сям'ю Я. Юхнаўца (бацьку і пяць малых братоў) спалілі літоўскія карнікі. 3 лагера ваеннапалонных вызвалены беларускімі дабрачыннымі арганізацыямі. Будучы ў Германіі, вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, займаўся на курсах «Заходняе еўрапейскае права» Вольнага ўніверсітэта ў Мюнхене. У 1945–1949 гг. жыў у лагерах перамешчаных асоб (Рэгенсбург, Міхельсдорф, Розенгайм), затым выехаў з Германіі ў ЗША, дзе працаваў у сферы камп'ютэрнага бізнесу. У розныя часы належаў да грамадскіх і царкоўных арганізацый: Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА), Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ), да літаратурных суполак «Шыпшына», «Сакавік» (Германія), «Баявая Ускалось» (Канада), «Конадні» (ЗША).

Літаратурнай творчасцю пачаў займацца пасля вайны. Першыя вершы, напісаныя пад уражаннямі мінулай вайны, былі надрукаваны ў часопісе «Шыпшына» (1947). Друкаваўся таксама ў часопісах «Сакавік», «Конадні», «Баявая Ускалось», «Беларуская Думка», «Полацак», газеце «Бацькаўшчына».

Янка Юхнавец – аўтар зборнікаў паэзіі «Шорах моўкнасці», «Новая элегія», «Калюмбы», «Сны на чужыне», «Паэзія», трохтомніка «Творы». Выступаў і як аўтар малых празаічных формаў. Героі апавяданняў – людзі працы, звычайныя сяляне – клапоцяцца не толькі пра хлеб надзённы, які нялёгка здабываць на сваёй зямлі, але і пра вышэйшы сэнс людскога існавання. Ненадрукаваная гістарычная аповесць «Яно» расказвае аб акупацыі Мінска ў гады Другой сусветнай вайны. Асобнымі выданнямі проза не друкавалася. Аўтар п'ес «Адам і Ева», «Казка пра возера», «3 дзённікаў знаёмых і чужаземных», драматычнага нарыса «Узгоркі і пячоры», цыкла вершаў «Багі», «Вецер песняй падмовіў», «3 гутарак братавых».

Творы Я. Юхнаўца вызначаюцца філасофскай змястоўнасцю, асацыятыўнасцю і фальклорнай метафарычнасцю, эксперыментатарствам у галіне формы (паэма «Калюмбы», «Гутаркі лесасека», дзе ў адным творы спалучаюцца адначасова элементы паэмы, п'есы і апавядання). У мове пісьменніка шмат неалагізмаў, дыялектных слоў.

Памёр Янка (Іван Змітрыкавіч) Юхнавец 6 студзеня 2004 года.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Белая, С. А. Янка Юхнавец / С. А. Белая // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі ; рэд. А. Л. Верабей. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 463.

2. Бяляцкі, А. У мольнасці прыгаства / А. Бяляцкі // Шляхам гадоў : гісторыка-літаратурны зборнік / уклад. У. Мархель. – Мінск : Мастацкая літатарура, 1993. – Вып. 3. – С. 233–242.

3. Бяляцкі, А. «Цішыню не растлумачу анікому» / А. Бяляцкі // Роднае слова. – 1993. – № 6. – С. 14–20.

4. Марціновіч, А. «...Як з нашым пакаленнем?» / А. Марціновіч // Дзе ж ты, храм праўды? : літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ : для сярэдн. і ст. шк. узросту / А. Марціновіч. – Мінск. : Мастацкая літаратура, 1996. – С. 223–233.

5. Юрэвіч, Л. Міфалагічныя вобразы: на прыкладзе творчасці Янкі Юхнаўца / Л. Юрэвіч // Культура беларускага замежжа / пад рэд. А. Сабалеўскага. – Мінск : Беларуская навука, 1998. – Кн. 3 – С. 125–139.