Законнікаў Сяргей Іванавіч
Законнікаў Сяргей Іванавіч нарадзіўся 16 верасня 1946 года ў в. Слабада Бешанковіцкага раёна. Паэт, грамадскі дзеяч.
У Слабадзе сям’я Законнікавых не пражыла і года, пераехаўшы на Ушаччыну ў в. Глыбачка.
Сяргей Законнікаў з роду таленавітых людзей, настаўніцкай сям’і. Бацька пісьменніка пісаў вершы, у даваенны час друкаваўся ў рэспубліканскай перыёдыцы, у чэрвені 1941 г. атрымаў ліст з паведамленнем пра выданне яго першай паэтычнай кніжкі. Пасля вайны бацька працаваў дырэктарам, а маці настаўнічала ў пачатковых класах. У 20–30 гады таленавіта ўваходзіў у беларускую паэзію маладняковец Сяргей Законнікаў (Сяргей Ракіта), родны бацькаў брат, аднак яго жыццё трагічна абарвалася. Сяргей Законнікаў носіць імя свайго дзядзькі як знак памяці і пашаны.
Пасля заканчэння Глыбачанскай сярэдняй школы Ушацкага раёна С. Законнікаў паступіў і ў 1969 годзе закончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры, арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы Клетнаўскай сярэдняй школы Мінскай вобласці. У 1970–1971 гг. – сакратар Ушацкага райкама камсамола. У 1975–1978 – загадчык аддзела сельскай моладзі рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», карэспандэнт аддзела літаратуры і мастацтва рэдакцыі газеты «Звязда». З 1978 – інструктар, у 1979–1986 гг. – загадчык сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ.
Узначальваў Беларускае аддзяленне фонда славянскай пісьменнасці, быў прэзідэнтам Беларускага камітэта абароны міру, членам Савета беларускага фонда культуры. Доўгі час узначальваў рэдакцыйны калектыў часопіса «Полымя» (1986–2002). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра (1989). З 1990 – член Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалём, ордэнам Украіны «За заслугі» III ступені (2006), Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1982) за зборнік паэзіі «Пакуль жыве мая бяроза», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы (1992) за кнігу «Заклінанне». У Польшчы ён узнагароджаны Міжнароднай літаратурнай прэміяй імя Вітольда Гулевіча (1996) за кнігу «Чорны конь Апакаліпсісу». У дыпломе падкрэслена значнасць чарнобыльскіх паэм, якія «адлюстроўваюць драматычныя праблемы сучаснасці». На Украіне С. Законнікаву прысуджана Міжнародная літаратурная прэмія імя Рыгора Скаварады за цыкл вершаў «Жыві, Украіна!» (1997).
Свой паэтычны дэбют Сяргей Законнікаў пачынаў з вершаў у «Віцебскім рабочым» (1963) і калектыўным зборніку «Рунь» (1970).
Станаўленне і развіццё творчай асобы С. Законнікава адбывалася інтэнсіўна, вельмі плённа. У 70–80-я гг. выйшлі яго зборнікі «Бяседа» (1973), «Устань да сонца» (1976), «Пакуль жыве мая бяроза» (1981), «Вера, надзея, любоў» (1983), «Прысак часу» (1986), «Сутнасць», «Вечная далеч» (1987). Адзначаны яркай самабытнасцю талент і палкая грамадзянская пазіцыя неўзабаве вылучаюць паэта ў лідэры свайго пакалення.
Паэтычную творчасць Сяргея Законнікава можна ўмоўна падзяліць на дзве часткі, і гэтае размежаванне абумоўлена такой трагічна-знакавай падзеяй сярэдзіны 80-х гг., як Чарнобыль. З паэзіі С. Законнікава 70–80-х гг. перад намі паўстае дачарнобыльская Беларусь – сялянская, вясковая, з прыгожымі краявідамі, спрадвечнай уладкаванасцю народнага побыту. Тая Беларусь застанецца ў вершах паэта ідэалам красы, натуральнай прыроднай чысціні, духоўнай моцы і трываласці.
Зусім іншая карціна нацыянальнага свету вымалёўваецца з паэзіі С. Законнікава пасля 1986 года. Адбыўся разлом часу і эпохі, адыходзілі ў нябыт стэрэатыпы і фальшывыя ідэалы, мяняліся погляды і ўяўленні. Для С. Законнікава новы этап творчасці пачаўся на хвалі грамадскай перабудовы 80-х гг., пасля Чарнобыльскай трагедыі. Пра шматбаковае і ўдумлівае асэнсаванне паэтам сучаснасці засведчылі такія яго кнігі, як зборнікі вершаў «Заклінанне» (1991), «Святая воля» (1993), публіцыстычныя творы «Беларускае сэрца» (1993), падарожныя нарысы «Вячэра пад райскім дрэвам» (1993).
Беларусь часу вялікай нацыянальнай катастрофы паўстае з паэмы «Чорная быль» (1989), якая мела прыкметны грамадскі рэзананс. Твор закрануў чытачоў сваёй смелай і мужнай праўдзівасцю, сацыяльнай крытычнасцю, гуманістычнай скіраванасцю думкі, дакладным разуменнем галоўнага, сутнаснага ў сучасным жыцці. Паглыбленае філасофскае асэнсаванне трагедыі С. Законнікаў працягнуў у паэме «Зязюля» (1996), вершаваных і публіцыстычных творах.
У кнігах «У вочы вечнасці гляджу» (2000), «Лістам дарога запала» (2000), «Гэта мы» (2007) Сяргей Законнікаў працягвае свой паэтычны роздум пра лёс бацькаўшчыны, вечныя ідэалы і каштоўнасці.
У паэтычным свеце Сяргея Законнікава кантрастуюць радасць і смутак, светлае і чорнае, чыстае і бруднае, высокае і нікчэмнае…У сваіх думках і разважаннях ён скіраваны да чалавека, яго свядомасці і духу.
ЛІТАРАТУРА
1. Бандарэнка, У. Сутнасць паэзіі / У. Бандарэнка // Патрыёт (Ушачы). – 1997. – 20 верас. – С. 6.
2. Бельскі, А. Радасць быцця і страчаны рай / А. Бельскі // Роднае слова. – 2004. – № 3. – С. 50–53.
3. Галубіцкая, Г. Арфей вяртае Эўрыдыку / Г. Галубіцкая // Голас Радзімы. – 1999. – 21 кастр.– С. 5.
4. Драздова, З. У. Законнікаў Сяргей / З. У. Драздова // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал. І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1993. – Т. 2 : Верабей–Іваноў – С. 482–487.
5. Жук, А. Адвечная радасць – праца : літаратурная крытыка / А. Жук // Роднае слова. – 2006. – № 9. – С. 92–94.
6. Законнікаў, С. Мета скарпіёна : згадкі, успаміны / С. Законнікаў // Дзеяслоў. – 2011. – № 1. – С. 188–195.
7. Законнікаў, С. І. «Не ўратуе і тое, што лечыць заўсёды?..» / С. І. Законнікаў ; гутарыў А. Масквін // Дзеяслоў. – 2011. – № 3. – С. 240–248.
8. Заяц, Н. В. Шчымлівая споведзь збалелай душы: паэтычны эпас Сяргея Законнікава / Н. В. Заяц // Роднае слова. – 2016. – № 9. – С. 20—22.
9. «Сваю Беларусь берагу, як сумленне...» / падрыхт. У. Адзімір // Краязнаўчая газета. – 2016. – № 36 (верас.). – С. 7.
10. Сяргей Законнікаў // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. / рэдкал.: У. В. Гніламёдаў [і інш.]. – Мінск : Беларуская навука, 2003. – Т. 4. Кн. 2. : 1986–2000. – С. 520–541.