Жалязняк Рыгор Самуілавіч
Жалязняк Рыгор Самуілавіч нарадзіўся ў верасні 1914 года ў Віцебску. Беларускі паэт.
Скончыўшы сямігодку, вучыўся ў фабрычна-заводскай школе чыгуначнікаў. Пасля яе заканчэння працаваў у вагонным дэпо. У 1930–1931 гг. – літаратурны супрацоўнік газеты «Віцебскі пралетарый», у ёй жа былі надрукаваны першыя вершы Рыгора Самуілавіча.
У 1933 годзе Рыгор Жалязняк скончыў сцэнарнае аддзяленне Віцебскага кінатэхнікума. У суаўтарстве з Г. Люгоўскім быў выдадзены зборнік паэзіі на беларускай мове «Першы вытап». У 1933 годзе Р. С. Жалязняк прыехаў у Ленінград і быў прыняты на літаратурнае аддзяленне Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1938 годзе. Спецыялізаваўся на гісторыі руска-беларускіх літаратурных узаемаадносін. У 1940 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Паэзія М. А. Багдановіча». З 1934 года – член Саюза савецкіх пісьменнікаў Беларусі.
У 1941 годзе Рыгору Самуілавічу была прысвоена навуковая ступень кандыдата філалагічных навук. Але ўжо ў ліпені 1941 года ён быў прызваны ў армію, ваяваў на Ленінградскім, а затым на Волхаўскім фронце, быў камандзірам мінамётнай батарэі.
Старшы лейтэнант Рыгор Жалязняк загінуў у жніўні 1942 года.
У 1934 годзе выйшаў зборнік вершаў «Вясновыя будні». Шэраг вершаў былі надрукаваны ў зборніках «Мы іх не забудзем» (1949) і «Крывёю сэрца» (1967). У 2005 годзе ў выдавецтве «Белорусский Книгообзор» быў выдадзены трохтомнік пад агульнай назвай «Скрыжалі памяці», прысвечаны паэтам і пісьменнікам Беларусі, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны.
Паэзія Рыгора Самуілавіча прасякнута гарачай любоўю да Радзімы, жаданнем аддаць усе сілы дзеля яе росквіту, гатоўнасцю абараняць ад варожага нападу. Вершам паэта ўласцівы напорыстасць, энтузіязм удзельніка і сведкі вялікіх падзей, публіцыстычны напал. Акрамя вершаў Рыгор Самуілавіч пісаў таксама нарысы.
ЛІТАРАТУРА
1. Багдановіч, І. Э. Жалязняк Рыгор / І. Э. Багдановіч, У. М. Ларчанка // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1993. – Т. 2 : Верабей–Іваноў. – С. 437–438.
2. Жалязняк Рыгор Самуілавіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 529.
3. Жалязняк Рыгор Самуілавіч // Пісьменнікі – нашы землякі : (біяграфічныя звесткі) / Віцебская абласная бібліятэка, Аддзел бібліятэказнаўства і навуковых даследаванняў ; [склад. А. М. Лемеш]. – Віцебск, 1996. – С. 12.
4. Краснова-Гусачэнка, Т. За Радзіму – у смертны бой / Т. Краснова-Гусачэнка // Літаратура і мастацтва. – 2010. – 2 ліп. – С. 12.
5. Ларчанка, Р. С. Жалязняк Рыгор Самуілавіч / Р. С. Ларчанка // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя : [у 12 т.] / рэдкал.: П. У. Броўка [і інш.]. – Мінск: БелЭн, 1971. – Т. IV : Графіка–Зуйка. – С. 405.
6. Рыгор Жалязняк // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 200.
7. Рыгор Жалязняк // Радзіме – радок і жыццё: памяці беларускіх паэтаў, якія гераічна загінулі на Вялікай Айчыннай вайне / аўт. тэкста В. Бечык. – Мінск : Полымя, 1986. – С. 31–32.
СПАСЫЛКІ