Гінько Віктар Гардзеевіч
Гінько Віктар Гардзеевіч нарадзіўся 7 снежня 1965 года ў г. п. Шаркаўшчына. З дзяцінства марыў стаць спартсменам. З 1976 года займаўся ў дзіцячай юнацкай спартыўнай школе ў трэнера Сапсона Рыгора Аляксандравіча.
У 1979 годзе трапіў у Віцебск у школу-інтэрнат спартыўнага профілю для здольных і перспектыўных юнакоў у якасці бегуна. Раз на тыдзень тут праводзілася трэніроўка па спартыўнай хадзьбе. Пасля 2 гадоў пастаянных трэніровак у 1982 годзе выйграў першынство СССР сярод юнакоў.
У 1982 годзе, скончыўшы школу-інтэрнат, трэніраваўся ў Снясарава Мікалая Канстанцінавіча і Ахрэменкі Уладзіміра Мікалаевіча, якія рыхтавалі спартсменаў па спартыўнай хадзьбе.
У 1983 годзе Гінько Віктар стаў сярэбраным прызёрам юніёрскага першынства СССР.
У 1984 годзе быў прызваны на службу ў армію. Пасля заканчэння тэрміновай службы сур'ёзна заняўся спортам.
З'яўляецца майстрам спорту міжнароднага класа, удзельнікам Алімпійскіх гульняў у Атланце (1996) і Сіднеі (2000). Мае вышэйшае дасягненне ў спартыўнай хадзьбе на 100 км з вынікам 8.38.07.
Зараз пражывае ў Мінску. З'яўляецца галоўным трэнерам зборных каманд Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь па цяжкай атлетыцы, спартыўнай гімнастыцы, гульнявых відах спорту і спартыўнай хадзьбе.
ЛІТАРАТУРА
1. Гінько, В. «Родны мой горад – любоў мая» / В. Гінько ; гутарыў С. Райчонак // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2018. – 28 ліп. – С. 7.
2. Наша родина здесь, над Дисною-рекой... = Our motherland is here over Disna river... : фотоальбом / [Отдел идеологической работы, культуры и по делам молодежи Шарковщинского районного исполнительного комитета]. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2018. – 38 с.
3. Чарняўская, В. Цікавая сустрэча з Віктарам Гінько / В. Чарняўская // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2019. – 16 лют. – С. 3.