Качура Пётр Пятровіч
Качура Пётр Пятровіч нарадзіўся 2 жніўня 1972 г. у Оршы, беларускі спартсмен (футбол), трэнер.
Футболам пачаў займацца ў родным горадзе ў мясцовай аршанскай ДЮСШ, першы трэнер – Віктар Котаў. Ва ўзросце 15-ці гадоў пераехаў у Мінск, дзе вучыўся ў ДЮСШ «Працоўныя рэзервы», трэнер – Дзмітрый Тарасаў.
З 17-ці гадоў гуляў у дублі мінскага «Дынама», затым прыцягваўся да гульняў за асноўную каманду, у вышэйшым дывізіёне чэмпіянату СССР адыграў 4 гульні.
У 1992–1996 гадах выступаў на чэмпіянаце Беларусі за «Дынама» і за яго фарм-клуб «Дынама-93».
У складзе «Дынама» стаў трохкратным чэмпіёнам краіны ў сезонах 1993/94, 1994/95, 1995 (восень) і сярэбраным прызёрам у сезонах 1996 і 2001 гг., уладальнікам Кубка Беларусі (1994). За «Дынама-93» – бронзавым прызёрам сезона 1992/93. Выступаючы за дзве каманды, у сезоне 1993/94 ён стаў лепшым бамбардзірам чэмпіянату (21 гол): за «Дынама-93» (15 гульняў, 7 галоў) і «Дынама» (13 гульняў, 14 галоў). Летам 1996 года перавёўся ў «Шэфілд Юнайтэд». У Англіі Качура правёў 4 гады, самым паспяховым быў першы сезон 1996/97. Качура згуляў за «Шэфілд Юнайтэд» 121 гульню, забіў 23 галы.
Улетку 2002 года перайшоў у саратаўскі «Сокал». Найбольш яркім быў сезон 2004 года, калі Качура з 15 галамі ўвайшоў у пяцёрку лепшых бамбардзіраў першага дывізіёна.
У 2005 завяршыў кар'еру ў мінскім «Дынама». Качура стаў першым футбалістам, які забіў 50 мячоў у чэмпіянатах Беларусі, 50-ы гол забіў 17 жніўня 1995 года ў матчы «Дынама» і віцебская «Дзвіна». Усяго ў чэмпіянатах Беларусі сыграў 136 матчаў па сістэме «гол + пас», набраў 110 балаў.
З 2006 года – на трэнерскай рабоце.
З 2012 года зноў працаваў у «Дынама» ў якасці галоўнага трэнера другой каманды. У жніўні 2013 быў адхілены ад кіравання дынамаўскім дублем і перайшоў на працу ў «Бярозу-2010».
У чэрвені 2014 года стаў галоўным трэнерам клуба «Хайр» з Таджыкістана і адразу заваяваў з ім сярэбраныя медалі мясцовага чэмпіянату.
У студзені 2015 года атрымаў трэнерскую ліцэнзію катэгорыі PRO.
ЛІТАРАТУРА
1. Ивулин, А. Футбол в Орше. Мечты или суровая реальность? / А. Ивулин // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 25 июня. – С. 30.