Лангіна (Захарава) Антаніна Леанідаўна
Лангіна (Захарава) Антаніна Леанідаўна нарадзілася 7 ліпеня 1959 г. у Оршы – адна з наймацнейшых шашыстак сучаснасці.
Займацца шашкамі стала ў 12-гадовым узросце. І адразу стала чэмпіёнкай Оршы, а затым і Віцебскай вобласці сярод дзяўчынак. Займалася самастойна, таму што ў горадзе не было трэнераў па шашках.
Антаніна была неаднаразовай чэмпіёнкай вобласці па рускіх і стаклетачных шашках сярод жанчын, пяцікратнай чэмпіёнкай Беларусі па рускіх шашках сярод жанчын, бронзавым прызёрам Кубка СССР 1989 года ў складзе каманды Беларусі, бронзавым прызёрам чэмпіянату СССР 1990 года сярод прафсаюзаў, пераможцай і прызёрам буйных усесаюзных і міжнародных турніраў. У 1989 годзе ёй было прысвоена званне майстра спорту СССР.
У 1994 годзе Антаніну запрасіў у Санкт-Пецярбург Уладзімір Лангін – заслужаны трэнер Расіі, заслужаны майстар спорту Расіі, (потым і муж).
За «пецярбургскі» перыяд Антаніна Лангіна стала 11-кратнай чэмпіёнкай горада па рускіх і стаклетачных шашках сярод жанчын, была неаднаразовай чэмпіёнкай і прызёрам чэмпіянатаў Расіі па рускіх шашках у асабістым і камандным заліках, сярэбным прызёрам чэмпіянату свету 2002 года па версіі МАРШ (Самара), чэмпіёнкай свету 2003 года (асноўная праграма, Санкт-Пецярбург) і 2005 года (хуткая гульня, Днепрадзяржынск) па шашках 64, чэмпіёнкай і прызёрам чэмпіянатаў Еўропы сярод клубных каманд, у складзе каманд «Ззянне Поўначы», «Клуб імя Чыгорына». Антаніна – гросмайстар Расіі, міжнародны гросмайстар.
Удала склалася і яе прафесійная дзейнасць. Антаніна Леанідаўна закончыла Мінскі радыётэхнічны інстытут і адзінаццаць гадоў працавала на Віцебскім тэлевізійным заводзе. Удзельнічала ў стварэнні касмічнага карабля шматразовага выкарыстання «Буран». Два гады была спартсменам-інструктарам, членам нацыянальнай зборнай па шашках у Дзяржкамспорце РБ.
З 2004 года працуе загадчыцай аддзялення шашак у СДЮШАР па шахматах і шашках ў Санкт-Пецярбургу, інструктарам-метадыстам, трэнерам-выкладчыкам па шашках. Распрацавала праграму падрыхтоўкі шашыстаў у СДЮШАР. Падрыхтавала шмат высокакваліфікаваных спартсменаў. У тым ліку пераможцаў і прызёраў першынстваў Расіі, Еўропы, свету – Віктара Ягорава і Кацярыну Іванову, а таксама маладое пакаленне – Марыю Крыскевіч, Дзмітрыя Мельнікава, Андрэя Усманава.
Пры непасрэдным удзеле Антаніны Леанідаўны ў 2008 годзе была адкрыта спецыялізацыя «шашкі» ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце фізічнай культуры імя П. Ф. Лесгафта. Яна распрацавала вучэбна-метадычны комплекс падрыхтоўкі бакалаўраў па дысцыпліне «Тэорыя і методыка выбранай спецыялізацыі – шашкі».
На працягу многіх гадоў Антаніна Леанідаўна праводзіць вялікую працу па развіцці і папулярызацыі любімага віду спорту. Яна з'яўляецца адказным сакратаром Федэрацыі шашак Санкт-Пецярбурга, узначальвае кваліфікацыйную і дзіцячую камісію.
Пры яе непасрэдным удзеле ў Санкт-Пецярбургу кожны год праводзяцца гарадскія, міжнародныя спаборніцтвы па шашках, розныя спартыўна-масавыя мерапрыемствы. Яна – міжнародны арбітр. За вялікі ўклад у развіццё шашак узнагароджана знакам «Выдатнік спартыўнай культуры і спорту».
СПАСЫЛКІ