Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Агрызка Іасафат Пятровіч

Дата нараджэння
1826
Месца нараджэння
Віцебская губернія, Лепельскі павет
Дата смерці
30.03.1890
Род дзейнасці
правазнавец, кнігавыдавец
Узнагароды і прэміі
бронзавы медаль

Агрызка Іасафат Пятровіч – актыўны ўдзельнік грамадскага рэвалюцыйна-вызваленчага руху на Беларусі, у Расіі і Польшчы ў 1860-я гг.

Нарадзіўся ў 1826 годзе ў Лепельскім павеце Віцебскай губерніі.

У 1837 годзе паступіў у Лепельскае павятовае вучылішча. Пасля заканчэння чацвёртага класа ён перавёўся ў Мінскую гімназію, якую скончыў у 1844 годзе. За поспехі ў вывучэнні рускай мовы I. Агрызка быў удастоены права на атрыманне чына чыноўніка 14-га класа пры паступленні на грамадзянскую службу.

У 1845 годзе ён паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. У гады вучобы ён меў некаторы заробак ад выкладчыцкай работы, якой займаўся ў вучылішчы правазнаўства, у школе гвардзейскіх прапаршчыкаў і іншых навучальных установах сталіцы.

Ва ўніверсітэце Агрызка далучыўся да рэвалюцыйнага студэнцкага гуртка на чале з польскім рэвалюцыянерам-дэмакратам 3. Серакоўскім. Сябры Іасафата Пятровіча пісалі аб ім у тыя гады, што ён адрозніваўся «ясным, цвярозым, пазітыўным розумам, без усялякіх схільнасцей да паэтычнай летуценнасці».

У 1849 годзе закончыў універсітэт і атрымаў ступень кандыдата права.

Летам 1850 года ён працуе ў канцылярыі камісіі для рэвізіі і складання законаў (так званая Кадыфікацыйная камісія) Царства Польскага.

20 сакавіка 1852 года I. Агрызка быў назначаны «па высачэйшаму пажаданню» і «ў выглядзе асобага выключэння з агульных правілаў» чыноўнікам Кадыфікацыйнай камісіі ў чыне калежскага сакратара.

У 1854 годзе ён тытулярны саветнік, у 1857 – калежскі асэсар і малодшы столаначальнік у дэпартаменце горных і саляных спраў.

За выдатную і руплівую службу ён неаднаразова заахвочваецца грашовымі прэміямі і ўзнагародамі, атрымлівае бронзавы медаль у памяць аб вайне 1853–1856 гг.

І. П. Агрызка паспяхова спалучаў службу ў дзяржаўных установах з кнігавыдавецкай дзейнасцю.

У 1858 годзе ён заснаваў друкарню, для якой прывёз з-за мяжы абсталяванне. Буйная і добра абсталяваная друкарня карысталася папулярнасцю сярод іншых друкарскіх устаноў сталіцы. Аднак Агрызка прымаў да друкавання толькі тыя выданні, якія адпавядалі ідэйнай накіраванасці яго літаратурна-выдавецкай дзейнасці. За час існавання друкарні тут было выдадзена звыш 100 назваў кніг, якія мелі навуковую, агульнаадукацыйную і практычную каштоўнасць.

Адначасова з наладжваннем друкарні Іасафат Пятровіч дабіваецца дазволу ад урада на выданне ў Пецярбургу газеты «Слово» на польскай мове. На старонках газеты знайшлі асвятленне тры галоўныя тэмы: сялянскае пытанне, адукаванасць народа і міжнародная палітыка. Аднак па палітычных матывах газета хутка была закрыта, а яе выдавец заключаны ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Але заключэнне было нядоўгім, а сам Агрызка апынуўся на волі. Яго вызваленню садзейнічала заступніцтва ўплывовых асоб і адсутнасць пераканаўчага складу злачынства.

У 1859–1860 гг. Іасафат Агрызка выдаў Збор законаў, статутаў, дагавораў Рэчы Паспалітай пад назвай «Volumina Legum», выдадзеных раней Ордэнам Варшаўскіх піяраў (10 тамоў).

Значную цікавасць маюць выданні, звязаныя з абмеркаваннем сялянскай рэформы. Тут выходзяць чатыры першыя выданні перыядычнага лістка «Землеўладальніцкія заданні», «Зборнік урадавых распараджэнняў па ўладкаванні побыту сялян...», «Асновы палітычнай эканоміі» Міля і іншыя.

У друкарні друкаваліся работы буйнейшых рускіх педагогаў – К. Ушынскага, М. Сямеўскага, В. Золатава, так званыя кнігі для народнага чытання, падручнікі па археалогіі, «Гісторыя сярэдніх вякоў» М. Стасюлевіча, «Апавяданні па рускай гісторыі» В. Вадавозава, прыродазнаўча-навуковая і тэхнічная літаратура.

Друкарня лепельскага земляка ў канцы 1850 – пачатку 1860-х гг. выконвала ролю легальнага апорнага пункта польскага і рускага рэвалюцыйнага падполля ў Пецярбургу.

У 1863 годзе ён загадвае часовым аддзяленнем дэпартамента падаткаў і збораў, у гэтым жа годзе яго ўзводзяць у чын калежскага саветніка.

У 1861–1862 гг. здзяйсняе паездкі ў Вільню, Варшаву, Познань, унутраныя губерніі Расіі, дзе знаёміцца з дзейнасцю рэвалюцыйных арганізацый.

Іасафат Агрызка падтрымліваў сувязь з будучымі ўдзельнікамі паўстання 1863–1864 гг. – 3. Серакоўскім, Я. Дамброўскім, В. Пржыбыльскім. Па прапанове апошняга ў лютым 1863 годзе ён быў назначаны агентам Польскага нацыянальнага камітэта ў Пецярбургу.

У перыяд паўстання 1863–1864 гг. I. Агрызка перапраўляў моладзь у паўстанцкія атрады, дасылаў карты мясцовасці, збіраў патрэбныя сродкі.

Вясной 1863 года ажыццявіў сувязь паміж Цэнтральным нацыянальным камітэтам у Польшчы і арганізацыяй «Зямля і Воля».

Сувязь I. Агрызкі з рускімі і польскімі рэвалюцыйнымі коламі не засталася не заўважанай царскімі ўладамі. Таму 14 лістапада 1864 года І. П. Агрызка быў арыштаваны ў Пецярбургу і праз два дні дастаўлены ў Віленскую крэпасць.

Царскі суд прызнаў І. П. Агрызку вінаватым «у выкананні абавязкаў Варшаўскага рэвалюцыйнага камітэта ў Санкт-Пецярбургу» і прыгаварыў да пакарання смерцю. Пазней пакаранне было заменена на 20 гадоў катаргі. Адбываў зняволенне лепельчанін у розных месцах Сібіры: у Акатуі, Якуцку, Вілюйску, Верхнеленску. 3 1876 года і да канца жыцця ён знаходзіўся ў Іркуцку пад пільным наглядам паліцыі, дзе змагаўся з нягодамі, хваробамі. Тут ён займаўся сельскай гаспадаркай, здабычай золата. Аднак гэтыя заняткі не прынеслі яму нават матэрыяльнага дастатку.

30 сакавіка 1890 года памёр у Іркуцку, дзе і пахаваны.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Агрызка Іасафат Пятровіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 1 : А–Аршын. – С. 86.

2. Агрызка Іасафат Пятровіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 1 : А–Б. – С. 45–46.

3. Асабісты вораг Мураўёва-Вешальніка: Іасафат Агрызка // У часе прасветленыя твары : гістарычныя эсэ, нарысы / А. А. Марціновіч. – Мінск : Полымя, 1999. – С. 380–394.

4. Баренбаум, И. Е. Иосафат Огрызко (1826-1890) : очерк литературно-издательской деятельности / И. Е. Баренбаум ; ред. Н. А. Полбина. – Москва : Книга, 1964. – 115 с.

5. Кісялёў, Г. В. Агрызка Іасафат Пятровіч / Г. В. Кісялёў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: М. В. Біч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1993. – Т. 1 : А–Беліца. – С. 41.

6. Ладутько, К. Санкт-Петербург. Адреса белорусской литературы / К. Ладутько // Нёман. – 2015. – № 5. – С. 220–223.

7. Огрызко Иосафат Петрович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 217–218.

8. Стэльмах, А. У. Іасафат Пятровіч Агрызка / А. У. Стэльмах // Памяць: Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: В. Я. Ланікіна [і інш.] ; уклад.: В. Я. Ланікіна, А. У. Стэльмах ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 1999. – С. 91–93.

9. Шушкевіч, А. Іасафат Агрызка / А. Шушкевіч // Лепельскі край. – 2008. – 26 верас. – С. 5.

10. Яновіч, М. Іасафат Агрызка. Праваабаронца з 19 стагоддзя / М. Яновіч // Народная воля. – 2003. – 10 крас. – С. 3.

11. Януш, I. Iасафат Пятровiч Агрызка / І. Януш // Лепельскі край. – 1999. – 18 лют. – С. 4.