Аксянёнак Георгій Аляксандравіч
Аксянёнак Георгій Аляксандравіч нарадзіўся 18 лістапада 1910 года ў Полацку, юрыст, прафесар.
У 1935 годзе скончыў Маскоўскі юрыдычны інстытут. Працаваў у Галоўнай ваеннай пракуратуры Чырвонай Арміі, пракуратуры СССР, быў выкладчыкам Ташкенцкага юрыдычнага інстытута, загадчыкам сектара прававых праблем кіравання сельскай гаспадаркай Інстытута дзяржавы і права АН СССР.
У 1950 годзе Г. А. Аксянёнак абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Права дзяржаўнай уласнасці на зямлю ў СССР», а ў 1955 годзе – доктарскую дысертацыю на тэму «Зямельныя праваадносіны ў СССР».
З 1956 года – прафесар Вышэйшай школы МУС СССР. З 1966 года з'яўляецца членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР.
Г. А. Аксянёнкам апублікавана больш за 200 навуковых прац, многія з якіх маюць фундаментальны характар. Найбольш значныя з іх: «Права дзяржаўнай уласнасці на зямлю ў СССР» (1950), «Зямельныя праваадносіны ў СССР» (1958), «Прававое становішча калгасаў у СССР» (1963), «Крытыка сучасных буржуазных аграрна-прававых тэорый» (1972).
Распрацоўваў праблемы зямельнага, воднага, грамадзянскага і калгаснага права. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.
Памёр Георгій Аляксандравіч 26 лютага 1989 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Аксянёнак Георгій Аляксандравіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 13.
2. Аксянёнак Георгій Аляксандравіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 9.
3. Нарадзіўся ў Полацку // Памяць: Полацк : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. С. С. Чарняўская ; навук. рэд.: Г. В. Штыхаў, С. В. Тарасаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – С. 783.