Акулёнак Пётр Сяргеевіч
Акулёнак Пётр Сяргеевіч – беларускі танцор, балетмайстар, педагог.
Нарадзіўся 22 ліпеня 1910 года ў в. Вялікія Міхінічы Талачынскага раёна.
У 1932 годзе скончыў курсы культасветработнікаў у Магілёве. У 1937–1941 гг. – саліст ансамбля песні і танца Беларускай філармоніі.
З 1945 года – саліст і балетмайстар у ансамблях песні і танца Адэскай і Прыбалтыйскай ваенных акруг.
У 1953–1973 гг. – галоўны балетмайстар Дзяржаўнага народнага хору Беларусі.
У 1960 годзе прысвоена званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі».
Стылізаваў для сцэны шэраг беларускіх народных танцаў і гульняў. Зрабіў значны ўклад у развіццё аматарскіх харэаграфічных калектываў, ансамбляў песні і танца.
Сярод пастановак: «На прывале», «Лянок», «Калгасная полька», «Лявоніха», «Мяцеліца», «Беларуская маладзёжная» і іншыя.
Выкладаў беларускі народны танец на рэспубліканскіх і абласных семінарах культработнікаў.
Супрацоўнічаў з Рэспубліканскім і Мінскім абласным дамамі народнай творчасці, Рэспубліканскім навукова-метадычным Цэнтрам культуры.
Памёр у 1996 годзе.
ЛІТАРАТУРА
1. Акулёнак Пётр Сяргеевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 1 : А–Аршын. – С. 215.
2. Акулёнак Пётр Сяргеевіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 1 : А–Б. – С. 94.
3. Акулёнок Пётр Сергеевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 14.
4. Акулёнок Пётр Сергеевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 64.
5. Рыжкова, Н. Майстар народнай харэаграфіі / Н. Рыжкова // Наша Талачыншчына. – 2010. – 24 ліп. – С. 2.