Алфёраў Іван Карпавіч
Алфёраў Іван Карпавіч нарадзіўся ў 1894 годзе ў г. Чашнікі ў сям'і сплаўшчыка лесу.
У Чашніках Іван не скончыў нават поўнай пачатковай школы. 3 13 год ён – падзёншчык у панскім маёнтку Валадковіча. Нядоўга працаваў на мясцовай папяровай фабрыцы «Скіна».
У 1912 годзе Іван Алфёраў вымушаны быў паехаць у Пецярбург. На працягу двух гадоў ён працаваў і чорнарабочым на канвентарнай фабрыцы, і партовым грузчыкам, і слесарам мінна-снараднага завода.
Пачалася Першая Сусветная вайна, ён быў прызваны ў царскую армію і адпраўлены на Паўночны фронт.
У ліпені 1917 года ён быў арыштаваны як бальшавіцкі агітатар і адпраўлены ў дзвінскую турму, з якой быў вызвалены.
Іван Алфёраў паехаў на радзіму і дабравольна ўступіў у Віцебску ў толькі што створаны першы латышскі кавалерыйскі полк. Яго прызначылі камандзірам узвода. У 26 гадоў ён – камандзір 104-га кавалерыйскага палка.
23 сакавіка 1923 года ЦК КП(б) Беларусі накіраваў Івана Алфёрава на Полацкую мытню, дзе яго ўладкавалі старшым кантралёрам. У Полацку ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Ганнай Уладзіміраўнай.
Першы сын у Алфёравых нарадзіўся ў 1924 годзе ў Полацку. Назвалі яго Марксам – у гонар заснавальніка навуковага камунізму. Другі сын, які нарадзіўся ў 1930 г. у Віцебску, атрымаў імя Жарэс – у гонар французскага сацыяліста, стваральніка газеты «Юманітэ».
Пасады Івана Карпавіча часта мяняліся. Так, у 1926 г. Віцебскі абкам накіраваў яго ў Гарадок, дзе ён працаваў намеснікам, потым старшынёй райвыканкама, а з 1929 г. дырэктарам Гарадоцкага лесапільнага завода.
Хутка Алфёрава паслалі вучыцца. Разам з сям'ёй ён едзе ў Архангельск, дзе становіцца студэнтам новага лесатэхнічнага інстытута.
У 1935 годзе выпускнік інстытута быў прызначаны дырэктарам Сталінградскага лесакамбіната, потым яго перавялі ў Новасібірск, дзе ён стаў начальнікам «Запсібтранслеса». Два гады Іван Карпавіч працаваў дырэктарам цэлюлозна-папяровага камбіната ў Ленінградскай вобласці.
У першыя дні вайны Алфёраў быў накіраваны ў далёкі таёжны пасёлак Турынск. Яму было даручана кіраваць буйным цэлюлозна-папяровым заводам і наладзіць выпуск пораху для снарадаў. Урадавае заданне было своечасова выканана, і ў 1942 г. І. К. Алфёраў атрымаў ордэн «Знак Пашаны».
Летам 1945 г. Алфёраў прыехаў у Мінск з жонкай і 15-гадовым Жарэсам. Старэйшы сын Маркс – добраахвотнік, гвардыі малодшы лейтэнант – гераічна загінуў ва ўзросце 20 гадоў на Украіне.
Адзінаццаць гадоў працаваў на пасадзе кіраўніка трэста папяровай прамысловасці БССР. У 1956 годзе, пасля рэарганізацыі, ён стаў начальнікам аддзела паперы і лесахіміі Міністэрства папяровай і дрэваапрацоўчай прамысловасці БССР.
Памёр Іван Карпавіч у 1990 годзе.
ЛІТАРАТУРА
1. Дзеячы культуры і навукі – ураджэнцы Чашніччыны // Гістарычна-краязнаўчы курс «Наша Чашніччына». Чашніказнаўства / В. В. Грыбко. – Мінск : Медисонт, 2007. – С. 138–149.
2. Корнилович, Э. Иван Алферов – отец Нобелевского лауреата / Э. Корнилович // Беларусь. – 2002. – № 2–3. – С. 10–11.
3. Торбина, И. Однокашники / И. Торбина // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2015. – 6 лістап. – С. 4.
4. Торбина, И. Родился в местечке Чашники / И. Торбина // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2015. – 6 лістап. – С. 4.