Амбросаў Антон Лаўрэнавіч
Амбросаў Антон Лаўрэнавіч нарадзіўся 16 чэрвеня 1912 года ў в. Дрыколле Віцебскага раёна. Беларускі фітапатолаг-вірусолаг. Доктар біялагічных навук (1967). Скончыў Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут (1936). З 1956 г. – загадчык аддзела аховы раслін Беларускага НДІ садоўніцтва, агародніцтва і бульбы.
Аўтар шэрагу навуковых прац. Найбольш вядомыя з іх: «Яровизация картофеля в БССР» (1956), «Приёмы повышения болезнеустойчивости картофеля» (1975), «Вирусные болезни картофеля и методы выращивания здоровых клубней» (1964).
Асноўныя працы прысвечаны вывучэнню ўплыву спадчынных і метэаралагічных фактараў, летніх пасадак, вершкавання, яравізацыі і асенняй загартоўкі святлом на хваробаўстойлівасць бульбы. Даследаваў біялагічныя асаблівасці найбольш пашыраных і шкодных ва ўмовах Беларусі вірусаў бульбы, распрацаваў метады іх дыягностыкі і меры аздараўлення пасадачнага матэрыялу.
Памёр 6 лютага 1984 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Амбросаў Антон Лаўрэнавіч // Памяць: Віцебскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: А. П. Красоўскі [і інш.] ; уклад. У. І. Мезенцаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2004. – С. 695.
2. Амбросов Антон Лаврентьевич // Русецкий, А. В. Ученые-уроженцы Витебщины – для инновационной Беларуси / А. В. Русецкий, Н. К. Толочко. – Витебск, 2007. – С. 23–25.