Антонаў Ігнат Пятровіч
Антонаў Ігнат Пятровіч нарадзіўся 28 снежня 1922 года ў в. Будніца Віцебскага раёна. Беларускі неўрапатолаг. Доктар медыцынскіх навук (1966), прафесар (1967), акадэмік НАН Беларусі, член-карэспандэнт Расійскай акадэміі медыцынскіх навук, акадэмік Міжнароднай славянскай акадэміі адукацыі, мастацтваў і культуры і Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіраўнічых навук. Заслужаны дзеяч навукі БССР. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (1950). У 1950–1955 гг. – малодшы навуковы супрацоўнік Беларускага НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, у 1955–1959 гг. – асістэнт, а з 1959 г. – дацэнт кафедры нервовых хвароб Беларускага дзяржаўнага інстытута ўдасканалення ўрачоў. З 1962 г. – дырэктар Навукова-даследчага інстытута неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Вядомы сваімі працамі па вывучэнні інфекцыйных і паразітарных хвароб нервовай сістэмы. Аўтар 12 вынаходніцтваў, 9 манаграфій, 438 навуковых артыкулаў (да 1993 г.). Стварыў навуковую школу і падрыхтаваў 20 дактароў і 42 кандыдаты навук.
Міжнародная даследная камісія Біяграфічнага інстытута ЗША за выдатныя поспехі ў развіцці навукі прысвоіла І. П. Антонаву ганаровае званне «Чалавек года-97». Па рашэнні Міжнароднага біяграфічнага цэнтра (Кембрыдж, Англія) імя акадэміка ўнесена ў выданне «2000 знакамітых людзей ХХ стагоддзя».
Народны ўрач Беларусі, ганаровы грамадзянін г. Мінска і г. Віцебска. Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, Айчыны ІІІ ступені, 15 медалямі.
Памёр Ігнат Пятровіч 1 лютага 2015 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Антонов, И. Счастье мое трудное... / И. Антонов // Советская Белоруссия. – 2009. – 20 июня. – С. 4.
2. Антонов Игнатий Петрович // Ученые-уроженцы Витебщины – для инновационной Беларуси / А. В. Русецкий, Н. К. Толочко. – Витебск, 2007. – С. 26–29.
3. Беляева, Н. От санинструктора до народного врача № 1 / Н. Беляева // Народнае слова. – 2003. – 9 жн. – С. 4.
4. Долготович, Б. Семья, прошедшая войну / Б. Долготович // Белорусская нива. – 2008. – 22 февр. – С. 4.
5. Лысова, Т. «Самая вкусная еда – простая, и самые лучшие отношения между людьми – простые», – считает народный доктор академик Игнатий Антонов / Т. Лысова // Рэспублiка. – 2006. – 12 снеж. – С. 6.
6. Мяснікоў, А. Зямная зорка Ігнація Антонава / А. Мяснікоў // Полымя. – 2006. – № 2. – С. 136–143.
7. Стаховская, С. Народному доктору – 85 / С. Стаховская // Медицинский вестник. – 2007. – 20 дек. – С. 1.