Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Арлова Галіна Аляксандраўна

Дата нараджэння
30.11.1928
Месца нараджэння
Віцебская губерня, г. Віцебск
Дата смерці
21.08.2021
Род дзейнасці
актрыса
Узнагароды і прэміі
Народная артыстка Беларусі (1991)
ордэн «Знак Пашаны»

Арлова Галіна Аляксандраўна нарадзілася 30 лістапада 1928 года ў Віцебску. Актрыса тэатра і кіно.

У 1947 годзе скончыла студыю Беларускага тэатра імя Я. Коласа. У тэатры дэбютавала ў ролі Раберты («Закон Лікурга» паводле Т. Драйзера). Выканаўца характарных і драматычных роляў: Ядвіся («Навальніца будзе» паводле трылогіі Я. Коласа «На ростанях»), Маланка («Машэка» В. Вольскага), Ягадка («Амністыя» М. Матукоўскага), Нэлі («Зняважаныя і пакрыўджаныя» паводле Ф. Дастаеўскага), Антаніна Львоўна («І змоўклі птушкі» паводле І. Шамякіна) і іншыя. Найбольш значная роля Галіны Арловай у тэатры – Афелія ў спектаклі «Гамлет» У. Шэкспіра (1955). Работа ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я. Коласа – плённы перыяд у творчасці Арловай, дзе і вызначыліся асноўныя рысы яе творчасці: эмацыянальнасць, псіхалагічная глыбіня ў спасціжэнні характару, пластычная і моўная выразнасць, увага да партнёраў.

3 1959 года Галіна Аляксандраўна працуе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. Дэбютавала ў ролі Кацюшы Маславай («Уваскрэсенне» паводле Л. Талстога). Большасць роляў Галіны Арловай на купалаўскай сцэне пазначаны пошукам дакладных сродкаў акцёрскай выразнасці для глыбокага і арыгінальнага ўвасаблення аўтарскай задумы. Сярод дасягненняў – Маша («Жывы труп» Л. Талстога), Алена («Жаніцьба Бялугіна» А. Астроўскага і М. Салаўёва), Васіліса («На дне» М. Горкага), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М. Гогаля), Карпухіна («Дзядзечкаў сон» паводле Ф. Дастаеўскага), Кукушкіна («Даходнае месца» А. Астроўскага), Ірына («Веру ў цябе» В. Карастылёва), Кудрыцкая («Брама неўміручасці» К. Крапівы), Кісялёва («Характары» паводле В. Шукшына), Эма Герберт («Бераг» паводле Ю. Бондарава). Яркае камедыйнае майстэрства, багаты арсенал акцёрскіх магчымасцяў выявіла Галіна Арлова ў ролі Грыпіны («Мікітаў лапаць» М. Чарота ў спектаклі «Ажаніцца – не журыцца»). Глыбока нацыянальны характар беларускай сялянкі Зуйчыхі яна паказала ў спектаклі «Страсці па Аўдзею» У. Бутрамеева.

Жонка народнага артыста СССР Мікалая Мікалаевіча Яроменкі, маці акцёра Мікалая Яроменкі.

Галіна Аляксандраўна Арлова ўдастоена звання «Народная артыстка Беларусі», Дзяржаўнай прэміі БССР за ролі ў радыёспектаклях «Хамуціус» паводле А. Куляшова і «Рыбакова хата» паводле Я. Коласа.

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны».

Памерла 21 жніўня 2021 года. Пахавана на Усходніх могілках Мінска, побач з мужам - народным артыстам СССР Мікалаем Яроменка і сынам.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Арлова Галіна Аляксандраўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 1 : А–Аршын. – С. 483.

2. Арлова Галіна Аляксандраўна // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. / рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 1 : А–Б. – С. 207.

3. Бунта, Т. Галіна Арлова: «Я называла іх ласкава – мае Яромы...» / Т. Бунта // Звязда. – 2014. – 13 лістап. – С. 1, 4. – (Дадат.: Сямейная газета).

4. Кривошеева, Н. «Жизнь состоялась...» / Н. Кривошеева // Народная газета. – 2013. – 30 лістап. – С. 12.

5. Кривошеева, Н. «Милый лжец» на бис / Н. Кривошеева // Рэспублiка. – 2007. – 26 ліп. – С. 8.

6. Орлова, Г. А. Галина Орлова и ее мужчины / Г. А. Орлова ; беседовала В. Гнилозуб // Белорусская нива. – 2013. – 30 нояб. – С. 6.

7. Орлова, Г. А. Жизнь – состоявшийся роман... / Г. А. Орлова ; беседовала Н. Кривошеева // На экранах. – 2008. – № 10. – С. 2–4.

8. Орлова, Г. А. Искренность взамен адреналина / Г. А. Орлова ; беседовала Т. Комонова // Культура. – 2007. – 6–13 ліп. – С. 28.

9. Орлова, Г. А. Три я / Г. А. Орлова, Л. С. Екель. – Минск : Журфонд БCЖ, 1996. – 95 с. – (Творцы).

10. Орлова Галина Александровна // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 230.

11. Серебряная, Н. «Театр – главное в моей жизни» / Н. Серебряная // Рэспубліка. – 2013. – 29 лістап. – С. 12.

12. Смольскі, Р. Б. Арлова Галіна Аляксандраўна / Р. Б. Смольскі // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2002. – Т. 1 : А–К. – С. 53–54.

13. У Галіны Арловай – юбілей! // Культура. – 2008. – 29 лістап. – 5 снеж. – С. 2.