Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Асіноўскі Святаслаў Маркавіч

Дата нараджэння
21.09.1951
Месца нараджэння
Віцебская вобл., Аршанскі р-н, в. Смаляны
Род дзейнасці
краязнаўцы

Асіноўскі Святаслаў Маркавіч (псеўд. Алесь Соніч, Алесь Смаляніч, Васіль Заранок) нарадзіўся 21 верасня 1951 года ў в. Смаляны Аршанскага раёна. Скончыў сярэднюю школу № 4 г. Оршы, факультэт журналістыкі БДУ (1973), рэдактарскае аддзяленне Ваенна-гуманітарнай акадэміі ў Маскве (1990). Служыў ва УСВ СССР (1973–1994), працаваў у газеце ЧБВА «Во славу Родины» карэспандэнтам аддела баявой падрыхтоўкі і жыцця войск, адказным сакратаром (1984–1994), намеснікам галоўнага рэдактара гісторыка-публіцыстычнага часопіса «Беларуская мінуўшчына» (1994–1998). Арганізатар і галоўны рэдактар навукова-практычнага часопіса «Архівы і справаводства» (з 1999 г.). Член Саюза журналістаў Беларусі (1986), Археаграфічнай камісіі Дэпартамента па архівах і справаводству (2000).

Гісторыяй і культурай роднага краю зацікавіўся ў школе. Друкаваў некаторыя матэрыялы ў рэспубліканскім і мясцовым перыядычным друку. Удзельнічаў у стварэнні школьнага музею. Разам з сябрамі шмат зрабіў для аднаўлення гісторыі дзейнасці асінторфскага камсамольскага падполля ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Сістэмна краязнаўствам пачаў займацца падчас працы ў ваеннай газеце. Калі працаваў карэспандэнтам у газеце ЧБВА «Во славу Родины», рыхтаваў матэрыялы на краязнаўчую тэматыку, у тым ліку і па гісторыі Віцебшчыны. З’яўляўся ўкладальнікам краязнаўяай старонкі «Паходня», быў стваральнікам і актыўным аўтарам рубрыкі «Белая Русь: архівы часу», для якой напісаў каля 200 артыкулаў па гісторыі роднага краю. Тэматыка краязнаўчых даследаванняў вельмі шырокая, найбольш цікавіцца падзеямі перыяду росквіту ВКЛ, легендарнымі асобамі гісторыі Беларусі, а таксама ўсім, што тычыцца аршанскай даўніны.

Удзельнічаў у шэрагу канферэнцый, сярод якіх Рэспубліканская навукова-метадычная канферэнцыя «Гістарычнае краязнаўства – дзейсны фактар інтэнсіфікацыі навучальнага працэсу ў школе і ВНУ» (Гродна, 1994), V Аршанская навукова-практычная канферэнцыя (Орша, 1996), навукова-краязнаўчая канферэнцыя, прысвечаная 930-годдзю Оршы (Орша, 1997), навуковая канферэнцыя «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: стан і перспектывы развіцця» (Мінск, 1999), Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Архівы Беларусі на рубяжы ХХ–ХХІ стагоддзяў: гісторыя, стан, перспектывы» (Мінск, 2000) і інш.

Аўтар кніг «Там, дзе была Неўрыда» (1996), «Поле памяці: падзеі і постаці беларускай мінуўшчыны» (1999). Выдаў першы ў Беларусі ілюстраваны храналагічны даведнік «Орша: залатыя стрэлы на блакітным полі» (1997), даведнік для замежных турыстаў «Мінск» (1999). Аўтар больш 300 публікацый гісторыка-краязнаўчага характару ў рэспубліканскім і мясцовым перыядычным друку: газетах «Наша слова», «Чырвоная змена», «Звязда», «Настаўніцкая газета», часопісах «Архівы і справаводства», «Беларуская мінуўшчына», «Эпоха». Друкаваўся ў расійскіх і польскіх выданнях.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Асіноўскі Святаслаў Маркавіч // Краязнаўчая газета. – 2005. – № 11 (сакавік). – С. 2.

2. Асіноўскі Святаслаў Маркавіч // Краязнаўцы Віцебшчыны другой паловы ХХ – пачатку ХХІ ст. : біябібліяграфічны даведнік / М. Півавар. – Мінск : Кнігазбор, 2010. – С. 24–25.

3. З сумленнем у добрай згодзе // Вёрсты пройдзеных дарог / І. А. Яршоў, В. М. Сіднякова. – Магілёў : Магілёўская друкарня, 2003. – С. 156–165.

4. Шумейка, М. Ф. Асіноўскі С. М. / М. Ф. Шумейка // Архівісты Беларусі : біябібліяграфічны даведнік / склад.: С. У. Жумар, М. Ф. Шумейка. – Мінск : БелНДІДАС, 2006. – С. 57–58.

5. Шумейко, М. Юбилей главного редактора «Архіваў і справаводства» / М. Шумейко // Архівы і справаводства = Архивы и делопроизводство. – 2001. – № 5. – С. 112–116.