Астаповіч Наталля Іванаўна
Астаповіч Наталля Іванаўна нарадзілася 14 красавіка 1940 года ў Оршы, беларускі мікрабіёлаг. Доктар біялагічных навук (1989).
У 1962 годзе скончыла БДУ, пасля заканчэння універсітэта, яна адпраўляецца на працу ў лабараторыю мікрабіялогіі аддзела біялогіі АН БССР. З тых часоў і да апошніх гадоў жыцця ўся працоўная дзейнасць Наталлі Іванаўны была звязана са стварэннем і развіццём Інстытута мікрабіялогіі.
У 1971 годзе за распрацоўку ферментных прэпаратаў Н. І. Астаповіч атрымала сваю першую дзяржаўную ўзнагароду – медаль «За працоўную адзнаку». У 1990 годзе яна паспяхова абараніла доктарскую дысертацыю, узначаліла лабараторыю біяхіміі мікраарганізмаў, у 1996 г. – выбрана членам-карэспандэнтам НАН Беларусі, у 1999-м – стала прафесарам.
Пад кіраўніцтвам Наталлі Іванаўны атрымалі развіццё фундаментальныя і прыкладныя даследаванні біфіда- і кісламалочных бактэрый, створана калекцыя кісламалочных бактэрый і інш. Рэзультаты фундаментальных даследаванняў паслужылі асновай стварэння шэрагу біяпрэпаратаў для выкарыстання ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы – ферментаў, прабіётыкаў, біялагічных кансервантаў.
Навуковыя працы Н. І. Астаповіч – істотны ўклад у развіццё мікрабіялогіі і біятэхналогіі. Яна – аўтар каля 200 навуковых артыкулаў і манаграфій, сярод іх: «Нуклеотидный фонд и метаболизм микробной клетки» (1979), «Секреция ферментов у микроорганизмов» (1984), «Биотехнология микробных ферментов» (1989).
Шматгранная навукова-арганізатарская дзейнасць Н. І. Астаповіч адзначана ўрадавымі ўзнагародамі – медалямі «Ветэран працы» (1989), «За працоўныя заслугі» (1999), ганаровымі граматамі.
Наталля Іванаўна Астаповіч памерла 24 ліпеня 2005 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Астаповіч Наталля Іванаўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 2 : Аршыца–Беларусцы. – С. 45.
2. Астаповіч Наталля Іванаўна // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 418.
3. Русецкий, А. В. Астапович Наталья Ивановна / А. В. Русецкий // Ученые-уроженцы Витебщины – для инновационной Беларуси / А. В. Русецкий, Н. К. Толочко. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2007. – С. 34–36.
4. Тумилович, М. К. Астапович Наталья Ивановна / М. К. Тумилович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Г. П. Пашков (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 153.
5. Тумилович, М. К. Астапович Наталья Ивановна / М. К. Тумилович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол. : Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 26–27.