Багатыроў Анатоль Васільевіч
Багатыроў Анатоль Васільевіч нарадзіўся 13 жніўня 1913 года ў Віцебску. Кампазітар, педагог, прафесар.
У айчыннай музычнай культуры імя Анатоля Васільевіча Багатырова сімвалізуе сабой цэлую эпоху. І гэта – невыпадкова. За плячыма майстра, старэйшыны Нацыянальнай кампазітарскай школы, амаль семдзесят гадоў творчасці, плённай працы над операмі і сімфоніямі, кантатамі і інструментальнымі канцэртамі, шматлікімі творамі камерных жанраў.
Музыкай ён пачаў займацца ў васьмігадовым узросце. У 1927 годзе паступіў у Віцебскую музычную школу, дзе вучыўся ў класе Я. Р. Шуман, пляменніцы вядомага нямецкага музыканта. Яго далейшая адукацыя працягвалася ў Дзяржаўным музычным тэхнікуме (зараз – Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. І. Глінкі). Юнак правучыўся ў тэхнікуме ўсяго два гады, сумяшчаў заняткі на аддзяленні фартэпіяна і кампазіцыі з канцэртмайстарскай дзейнасцю ў Беларускай студыі оперы і балета, а ў 1932 годзе паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю, якую скончыў у 1937 годзе.
На ўласны шлях у «вялікім мастацтве» А. В. Багатыроў выйшаў рана, яшчэ ў студэнцкія гады, калі вучыўся ў Беларускай кансерваторыі. Менавіта тады ён напісаў кантату «Паэма-казка пра Мядзведзіху» (1937) на вершы А. С. Пушкіна – твор, які і па сённяшні дзень упрыгожвае рэпертуар многіх харавых калектываў. А праз два гады з'явілася опера «У пушчах Палесся», якая была пастаўлена на сцэне Вялікага тэатра ў 1939 годзе і паказана падчас першай дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве (1940). У 1941 годзе кампазітар за гэту оперу быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР.
Працэс развіцця таленту Анатоля Васільевіча Багатырова, эвалюцыя яго эстэтычных поглядаў і музычнага стылю здзяйсняліся ў складаны перыяд станаўлення Беларусі. Будучы вучнем В. А. Залатарова, які развіваў традыцыі рускай класічнай музыкі, А. Багатыроў выхоўваўся ў павазе да высокага мастацтва, прынцыпаў яго мовы і стылю, прыёмаў кампазіцыі. Станаўленне творчай натуры супала з трагічнымі гадамі Вялікай Айчыннай вайны. Падчас вайны Анатоль Багатыроў быў эвакуіраваны ў г. Свярдлоўск, дзе працаваў прарэктарам кансерваторыі, займаўся педагагічнай і творчай працай. Творы ваенных гадоў сцвярджалі высакароднасць чалавечага духу, веру ў перамогу. Іх няшмат, але ўсе яны значныя па змесце, актуальныя па тэматыцы, па музычным выказванні. Сярод іх хоры, кантаты «Ленінградцы», «Беларускім партызанам».
У жніўні 1944 года А. В. Багатыроў вярнуўся ў г. Мінск. З 1948 па 1962 гг. – рэктар Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. З 1960 года – прафесар, загадчык кафедры кампазіцыі.
Пасляваенныя гады кампазітара – перыяд здзяйснення творчых задум, росквіт кампазітарскай дзейнасці. Анатоль Васільевіч звяртаўся да сімфоніі, камерна-інструментальнай музыкі, вакальных і харавых жанраў. У сярэдзіне 50-х гадоў была пастаўлена опера «Надзея Дурава», якая адлюстроўвала тэму подзвігу. Да гэтага часу таксама адносіцца інтэнсіўная педагагічная дзейнасць Багатырова. У 1968 годзе яму было прысвоена ганаровае званне «Народны артыст Беларусі», а ў 1969 годзе за кантату «Беларускія песні» прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі. У 70–80-я гг. Анатоль Багатыроў – кіраўнік Нацыянальнай кампазітарскай школы. Новыя творы гэтага перыяду – кантаты «Малюнкі роднага краю», «Юбілейная», а таксама араторыя «Бітва за Беларусь».
А. В. Багатыроў – глыбока нацыянальны кампазітар, чыё творчае аблічча сфарміравалася пад непасрэдным уздзеяннем беларускага фальклору, пад уплывам паэзіі Я. Коласа, М. Танка, А. Куляшова, П. Броўкі, Н. Гілевіча. Ён працаваў амаль ва ўсіх музычных жанрах, аднак у кожны пэўны перыяд яго творчасці панаваў нейкі адзін, які на некаторы час захапляў мастака, станавіўся вядучым. I толькі раманс заставаўся спадарожнікам усяго творчага шляху Багатырова. У 2001 годзе ўпершыню прагучаў цудоўны твор кампазітара – вакальны цыкл на вершы С. Ясеніна.
Анатоль Васільевіч Багатыроў – ганаровы член Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры (1995). За высокія дасягненні ў кампазітарскай і педагагічнай дзейнасці Анатоль Багатыроў быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Францыска Скарыны, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Дружбы народаў, «Знак Пашаны», Працоўнага Чырвонага Сцяга (3), шматлікімі медалямі. Ён неаднаразова абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Звання «Ганаровы грамадзянін горада Віцебска» А. В. Багатыроў быў удастоены 11 кастрычніка 2001 года.
Памёр Анатоль Васільевіч 19 верасня 2003 года. У памяць пра кампазітара ў Мінску на доме № 22 па праспекце Незалежнасці ўстаноўлена памятная дошка. Дзіцячай музычнай школе № 1 г. Віцебска было прысвоена імя А. В. Багатырова.
ЛІТАРАТУРА
1. 105 гадоў з дня нараджэння Анатоля Багатырова // Наша слова. – 2018. – 15 жн. – С. 1.
2. Анатоль Васільевіч Багатыроў (1913–2003): этапы лёсу // Полымя. – 2008. – № 12. – С. 99.
3. Багатыроў, А. В. Чалавек-эпоха / І. Мільто, А. Мільто // Мастацтва. – 2019. – № 2. – С. 32–35.
4. Багатыроў Анатоль Васілевіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: В. В. Калістратава [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 1 : А–Б. – С. 391.
5. Багатыроў Анатоль Васілевіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 525.
6. Берасцень, С. Багацце Багатырова, або Спадчына, якая засталася ўсім / С. Берасцень // Полымя. – 2008. – № 12. – С. 100–105.
7. Богатырев Анатолий Васильевич // Почетные граждане белорусских городов : биографический справочник / Б. Д. Долготович. – Минск : Беларусь, 2008. – С. 55.
8. Богатырёв Анатолий Васильевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 72–73.
9. Бунцэвіч, Н. «Калі есць што згадваць»: старонкі дзенніка Анатоля Багатырова. Частка І / Н. Бунцэвич // Культура. – 2008. – № 32 (9–15 жніўня). – С. 15.
10. Бунцэвіч, Н. Міфы – далоў! / Н. Бунцэвіч // Культура. – 2013. – 24 жн. – С. 8.
11. Вагнер, Г. М. Анатоль Багатыроў і ягоныя вучні / Г. Вагнер, С. Картэс, А. Хадоска ; [гутарылі] І. Мільто, А. Мільто // Мастацтва. – 2019. – № 3. – С. 30–31.
12. Вайткун, А. Богатырская сила души и таланта / А. Вайткун // Народнае слова. – 2008. – 5 верас. – С. 37.
13. Дубкова, Т. А. Багатыроў Анатоль Васілевіч / Т. А. Дубкова // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 2 : Аршыца–Беларусцы. – С. 201.
14. Дубкова, Т. А. Богатырев Анатолий Васильевич / Т. А. Дубкова // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 424.
15. Кочетов, С. Почетный гражданин / С. Кочетов // Витебский курьер. – 2001. – 12 окт. – С. 2.
16. Крупица, Н. В гостях у маэстро / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2002. – 23 авг. – С. 4.
17. Крупица, Н. Школа, где учился классик / Н. Крупица // Віцьбічы = Витьбичи. – 2012. – 10 янв. – С. 7.
18. Ляшчэня, Т. Анатоль Багатыроў / Т. Ляшчэня // Роднае слова. – 2002. – № 3. – С. 72–73.
19. Мадзівані, Т. Г. Багатыроў Анатоль Васілевіч / Т. Г. Мадзівані // Кампазітары Беларусі / Т. Г. Мадзівані, Р. І. Сергіенка. – Минск : Беларусь, 1997. – С. 5–15.
20. Подлипский, А. Богатырская натура / А. Подлипский // Народнае слова. – 2003. – 16 жн. – С. 6.
21. Саламаха, А. Дуэт згоды: Анатоль Багатыроў ды Ірма Яунзем: старонкі з хатняга архіва / А. Саламаха // Літаратура і мастацтва. – 2008. – № 35 (29 жніўня). – С. 11.
22. Соловьёва, Т. Витебск – увертюра для гениев / Т. Соловьёва // Витебский проспект. – 2011. – 8 дек. – С. 5.
23. Тузков, П. Патриарх белорусской музыки / П.Тузков // Віцьбічы = Витьбичи. – 2003. – 16 авг. – С. 2.
24. Шамякіна, М. Этапы лёсу / М. Шамякіна // Полымя. – 2008. – № 12. – С. 99.
25. Шиенок, В. Богатырская сила таланта / В. Шиенок // Віцьбічы = Витьбичи. – 2012. – 27 марта. – С. 2.
СПАСЫЛКІ
Почетные граждане города Витебска – Богатырев Анатолий Васильевич