Багдановіч Генадзь Васільевіч
Багдановіч Генадзь Васільевіч нарадзіўся ў 1885 годзе ў в. Луначарскае Верхнядзвінскага раёна, беларускі асветнік і грамадскі дзеяч, педагог.
У 1907 годзе скончыў Віцебскую духоўную семінарыю, у 1911 – Яраслаўскі юрыдычны ліцэй, Віленскі настаўніцкі інстытут.
У 1911 годзе працаваў у Вілейскай 2-класнай настаўніцкай школе. У 1913 годзе выкладаў у семінарыі Кастрамской губерніі. У 1916 – лютым 1919 года – справавод Міністэрства (з кастрычніка 1917 года Народны камісарыят) поштаў і тэлеграфаў у Маскве. У 1917 годзе ўвайшоў ад Беларускай сацыялістычнай грамады ў Асобую нараду па падрыхтоўцы праекта закона аб выбарах ва Устаноўчы сход Расіі.
У пачатку 1918 года – загадчык юрыдычнага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята ў Петраградзе. З 1919 года настаўнічаў у Дрысе, выкладаў геаграфію ў Віленскай беларускай гімназіі, рэдагаваў часопіс «Незалежная думка».
Пасля эміграцыі ў СССР з 1924 года – выкладчык Віцебскага педагагічнага тэхнікума і ветэрынарнага інстытута. 15 ліпеня 1930 года беспадстаўна арыштаваны.
Паводле пастановы Калегіі АДПУ ад 10 красавіка 1931 года абвінавачаны ў тым, што «ўваходзіў у Віцебскі філіял контррэвалюцыйнай арганізацыі СВБ і праводзіў асноўныя ўстаноўкі гэтай арганізацыі», прыгавораны да 5 гадоў высылкі ў Кіраўскую вобласць. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 15 лістапада 1957 года.
Памёр Генадзь Васільевіч 15.01.1938(?).
ЛІТАРАТУРА
1. Ліс, А. С. Багдановіч Генадзь Васілевіч / А. С. Ліс // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: М. В. Біч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1993. – Т. 1 : А–Беліца. – С. 271.
2. Лис, А. С. Богданович Геннадий Васильевич / А. С. Лис // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 74.