Байцін Леапольд Абрамавіч
Байцін Леапольд Абрамавіч нарадзіўся 20 мая 1893 года ў Віцебску. Ваенны дзеяч.
Скончыў 4 класы яўрэйскай школы, потым сярэднюю школу. У 1918 годзе скончыў Данскі ветэрынарны інстытут (г. Новачаркаск) і ўступіў у рады Чырвонай Арміі. Удзельнік грамадзянскай вайны. У лютым 1919 года быў прызначаны на пасаду малодшага ветэрынарнага ўрача 1-га Віцебскага губернскага конскага запасу, далей паслядоўна займаў пасады ветэрынарнага ўрача, ветэрынарнага інспектара, начальніка адміністрацыйна-мабілізацыйнага аддзела. У 1926 годзе ўзначаліў Ваенна-ветэрынарную фельчарскую школу, якая была рэарганізавана ў 1937 годзе ў Ленінградскае ваенна-ветэрынарнае вучылішча, на пасадзе начальніка гэтай навучальнай установы знаходзіўся да 1945 года.
У гады Вялікай Айчыннай вайны – камандзір ветэрынарнага аддзела шэрагу франтоў. Званне «генерал-маёр ветэрынарнай службы» Л. А. Байціну было прысвоена 1 лютага 1943 года. З 1945 года – намеснік начальніка Ваенна-ветэрынарнай акадэміі.
У красавіку 1945 года Леапольд Байцін быў прызначаны намеснікам начальніка Ваенна-ветэрынарнай акадэміі Чырвонай Арміі па вучэбнай і навуковай рабоце, але на гэтай пасадзе праслужыў нядоўга і ў 1946 годзе быў звольнены ў запас.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі, Чырвонага Сцяга (2), медалямі.
Памёр Леапольд Абрамавіч 1 снежня 1949 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Байтин Леопольд Абрамович // Военачальники земли белорусской : энциклопедический справочник / Б. Д. Долготович. – Минск : БелЭн, 2005. – С. 219.
СПАСЫЛКІ
https://xn----8sbfkcavba6bf4aedue4d.xn--p1ai/informatsiya/znamenatelnaya-data/55-bajtin-l-a – Федеральное государственное бюджетное учреждение «Центр ветеринарии» – Байтин Л. А.