Балінскі Міхаіл Ігнатавіч
Балінскі Міхаіл Ігнатавіч нарадзіўся 14 жніўня 1794 года ў маёнтку Цярэспаль Полацкага павета Віцебскай губерні, гісторык і публіцыст.
У 1818 годзе скончыў Віленскі ўніверсітэт. У 1816–1822 гг. і 1829–1930 гг. быў супрацоўнікам часопіса «Dziennik Wilenski», з 1818 года рэдагаваў часопіс «Tygodnik Wilenski». Быў членам таварыства шубраўцаў. У 1818–1822 гг. – сакратар Віленскага друкарскага таварыства. За ўдзел у падрыхтоўцы паўстання 1830–1831 гг. М. І. Балінскі быў арыштаваны.
З 1836 года жыў у Варшаве. Адзін з заснавальнікаў навукова-літаратурнага часопіса «Бібліятэка Варшаўска». З 1847 года ў Вільні, віцэ-старшыня Віленскай археалагічнай камісіі, член Рускага геаграфічнага таварыства. Аўтар публіцыстычных, гістарычных і гісторыка-геаграфічных даследаванняў, прысвечаных Беларусі. Разам з Ц. Ліпінскім выдаў даследаванне «Старажытная Польшча» (Т. 1–3, 1845–1846), дзе на падставе багатага дакументальнага матэрыялу пададзена гісторыя населеных пунктаў Беларусі. Гісторыю Беларусі асвятляў як частку гісторыі Польшчы і польскай культуры.
Памёр Міхаіл Ігнатавіч 22 снежня 1864 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Балінскі Міхаіл Ігнатавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 2 : Аршыца–Беларусцы. – С. 254.
2. Балінскі Міхаіл Ігнатавіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 32–33.
3. Балінскі Міхаіл Ігнатавіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 20.
4. Караў, Д. У. Балінскі Міхаіл Ігнатавіч / Д. У. Караў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: М. В. Біч [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1993. – Т. 1 : А–Беліца. – С. 282–283.