Барадзін (Грузенберг) Міхаіл Маркавіч
Барадзін (Грузенберг) Міхаіл Маркавіч нарадзіўся 9 ліпеня 1884 года ў г. п. Янавічы Віцебскага раёна. Рэвалюцыянер, дзяржаўны і палітычны дзеяч.
Вучыўся ў школе ў Рызе, затым паступіў ва ўніверсітэт.
У 1904 годзе ў Швейцарыі малады рэвалюцыянер упершыню сустрэўся з У. І. Леніным. Бальшавіцкая арганізацыя ў Жэневе даручыла М. М. Барадзіну даставіць у Расію дырэктывы У. І. Леніна аб тактыцы бальшавікоў у рэвалюцыйным руху. У 1905 годзе М. М. Барадзін быў выбраны сакратаром Рыжскага камітэта РСДРП. У снежні таго ж года удзельнічаў у Тамерфорскай канферэнцыі бальшавікоў, а ў красавіку і маі 1906 года – у IV Стакгольмскім аб'яднаўчым з'ездзе РСДРП.
У перыяд рэакцыі Барадзін эмігрыраваў у Лондан, а потым у ЗША, дзе прымаў актыўны ўдзел у рабочым руху, чытаў лекцыі для расійскіх палітэмігрантаў.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі вярнуўся на радзіму. Праз некаторы час У. І. Ленін прапанаваў яму пераправіць у ЗША пісьмо да амерыканскіх рабочых.
У 1919 годзе стаў адным з першых дыпламатаў маладой Савецкай дзяржавы – яго паслалі ў Мексіку генеральным консулам.
У 1923 годзе лідэр кітайскага рэвалюцыйна-дэмакратычнага руху доктар Сун Ят-сен звярнуўся да савецкага ўрада з просьбай прыслаць у Кітай палітычных і ваенных саветнікаў. Неўзабаве туды былі накіраваны палітычная місія на чале з М. М. Барадзіным і ваенная місія на чале з героем грамадзянскай вайны В.К. Блюхерам.
Пасля вяртання з Кітая Барадзін працаваў намеснікам наркама працы СССР. Але яго вабіла журналістыка, і потым доўгія гады ён быў адказным кіраўніком ТАСС. У Вялікую Айчынную вайну М. М. Барадзін працаваў у Саўінфармбюро, адначасова рэдагаваў газету «Москаў ньюс», якая выдавалася ў Маскве на англійскай мове.
На пачатку 50-х гадоў М. М. Барадзін быў беспадстаўна рэпрэсіраваны. Памёр у турме 29 чэрвеня 1951 года. Рэабілітаваны.
ЛІТАРАТУРА
1. Гінзбург, Б. Трагедыя Барадзіна / Б. Гінзбург // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 1999. – 9 лют. – С. 2.
2. Якаўлеў, Д. Ён жа – «Чырвоны імператар Кітая» / Д. Якаўлеў // Краязнаўчая газета. – 2008. – № 3. – С. 7.