Базыленка Ганна Мартынаўна
Базыленка Ганна Мартынаўна нарадзілася 4 красавіка 1908 г. у вёсцы Арахі Аршанскага павета (цяпер г. п. Арэхаўск Аршанскага раёна).
У 1920-я гады ў зборніках Віцебскай маладнякоўскай філіі «Пачатак» і «Світанне», а таксама ў перыядычным друку змяшчала вершы, апавяданні, аднаактавыя п'есы пад сваім прозвішчам і пад псеўданімам Ганна Арахоўская.
Закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1931). Працавала ў Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі навук Беларусі (1933–1938), з 1944 па 1970-я гады працавала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Прымала ўдзел у стварэнні «Руска-беларускага слоўніка» (1937) і «Практычнага беларуска-рускага слоўніка» (рукапіс не захаваўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны), абараніла кандыдацкую дысертацыю «Устойлівыя словазлучэнні ў мове твораў Якуба Коласа» (1952), манаграфія даследчыцы «Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў беларускай літаратурнай мове» (1964) да сённяшняга дня не страціла навуковага значэння.
Ганна Базыленка – аўтар шэрагу навуковых артыкулаў па праблемах сучаснай беларускай мовы, у тым ліку па пытаннях моўнага майстэрства Якуба Коласа, сааўтар падручніка «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы: Марфалогія» (1957), першага тома акадэмічнай «Граматыкі беларускай мовы» (1962).
Памерла Ганна Мартынаўна 19 студзеня 1980 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Базыленка Ганна Мартынаўна // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 419.
2. Базыленка Ганна Мартынаўна // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1984. – Т. 1 : А Капэла–Габелен. – С. 283.
3. Ганна Базыленка: да 100-годдзя з дня нараджэння // Роднае слова. – 2008. – № 4. – С. 75.
4. Германовіч, І. Ганна Базыленка / І. Германовіч // Роднае слова. – 1998. – № 4. – С. 73–74.
5. Сцяпанава, А. Вучылася ў Я. Коласа / А. Сцяпанава // Аршанская газета. – 1998. – 12 мая. – С. 2.