Беленькі Макс Львовіч
Беленькі Макс Львовіч – савецкі фармаколаг, выкладчык.
Нарадзіўся 10 красавіка 1911 года ў Лепелі ў сям'і настаўнікаў.
У 1933 годзе закончыў фармакалагічны факультэт 2-га Ленінградскага медыцынскага інстытута.
Пасля вучобы працаваў участковым урачом у Сібіры.
У 1935 годзе вярнуўся ў Ленінград і стаў аспірантам на кафедры фармакалогіі медінстытута.
У 1939 годзе выдатна абараніў кандыдацкую дысертацыю.
У гады Вялікай Айчыннай вайны – армейскі таксіколаг.
Пасля вайны зноў вярнуўся на кафедру фармакалогіі 2-га Ленінградскага медыцынскага інстытута, у якасці дацэнта працягваў выкладчыцкую работу.
З 1952 года – загадчык кафедры фармакалогіі Рыжскага медыцынскага інстытута.
Доктар медыцынскіх навук, член-карэспандэнт Акадэміі медыцынскіх навук СССР.
Аўтар шматлікіх навуковых работ па прымяненні матэматычных метадаў у фармакалогіі.
Разам з прафесарам С. В. Анічкавым выдаў падручнік па фармакалогіі.
Ён быў членам праўлення Усесаюзнага фармакалагічнага грамадства, членам рэдкалегіі часопіса «Фармакалогія і таксікалогія»; сурэдактарам рэдакцыі аддзела «Фармакалогія» 2-га выдання БМЭ.
За вялікі ўклад у даследчую і выкладчыцкую працу, падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў, навуковых кадраў прафесару М. Беленькаму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Латвійскай СССР».
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і «Знак Пашаны», а таксама медалямі.
Удзельнічаў у міжнародных канферэнцыях у Чэхіі, Швецыі, Японіі.
Памёр 25 снежня 1965 года ў Рызе.
ЛІТАРАТУРА
1. Беленькі Макс Львовіч // Памяць: Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: В. Я. Ланікіна [і інш.] ; уклад.: В. Я. Ланікіна, А. У. Стэльмах ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 1999. – С. 568.
2. Януш І. Заслужаны дзеяч навукі / І. Януш // Народнае слова. – 2003. – 15 ліп. – С. 5.
СПАСЫЛКІ