Беняшэвіч Уладзімір Мікалаевіч
Беняшэвіч Уладзімір Мікалаевіч нарадзіўся 9 (21) жніўня 1874 года ў мястэчку Друя Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер Браслаўскі раён), вядомы савецкі гісторык, даследчык кананічнага права, археограф і візантыст, член-карэспандэнт АН СССР (1925).
3 залатым медалём скончыў 1-ю Віленскую гімназію і юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Вывучаў грэчаскія рукапісы юрыдычнага зместу, помнікі армянскай, грузінскай і славянскай пісьменнасці. З'яўляўся прыват-дацэнтам, а з 1909 года прафесарам Пецярбургскага ўніверсітэта, выкладаў у многіх навучальных установах. Пасля рэвалюцыі 1917 года адначасова працаваў у Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы і ў шэрагу навукова-даследчых устаноў.
Даследаваў помнікі старажытнаславянскага і старажытнарускага права, вывучаў візантыйска-рускія літаратурныя сувязі. Вялізны ўклад у развіццё навукі ўнёс і як рэдактар часопіса «Обозрения трудов по славяноведению» ў 1908–1913 гг.
У. М. Беняшэвіч аўтар звыш 100 навуковых прац. Яго дзейнасць высока ацэньвалася айчыннымі і замежнымі навуковымі арганізацыямі. Ён ганаровы доктар права Афінскага нацыянальнага ўніверсітэта, член-карэспандэнт Страсбургскай Акадэміі Навук, Баварскай Акадэміі Навук у Мюнхене, Прускай Акадэміі Навук у Берліне.
У 1928 годзе вылучаны на пасаду акадэміка АН СССР. Стаў ахвярай сталінскага рэжыму. За «шпіёнскую дзейнасць» камісіяй НКУС быў вынесены смяротны прыгавор, які прыведзены ў выкананне 27 студзеня 1938 года на Левашоўскіх пустках каля Ленінграда. Рэабілітаваны ў 1958 годзе.
Памёр Уладзімір Мікалаевіч 27 студзеня 1938 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Бенешевич Владимир Николаевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 52.
2. Беняшэвіч Уладзімір Мікалаевіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 37–38.
3. Беняшэвіч Уладзімір Мікалаевіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 23.
4. Беняшевіч Уладзімір Мікалаевіч // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: К. В. Велічковіч [і інш.] ; уклад. К. С. Шыдлоўскі ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1998. – С. 593–594.
5. Беняшэвіч Уладзімір Мікалаевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – Т. 2 : Беліцк–Гімн. – С. 15.
6. Ермоленко, В. Основоположник российского византиноведения / В. Ермоленко // Гісторыя: праблемы выкладання. – 2006. – № 11. – С. 51–52.
7. Курков, И. Победитель времени / И. Курков // Обозреватель. – 2009. – № 34 (21 августа). – С. 16.