Бонч-Асмалоўскі Анатоль Восіпавіч
Бонч-Асмалоўскі Анатоль Восіпавіч нарадзіўся 10 ліпеня 1857 года ў Віцебску ў багатай дваранскай сям'і. Рэвалюцыянер-народнік.
У 1876 годзе паступіў на юрыдычны, а потым на прыродазнаўчы факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Пазнаёміўшыся з Р. П. Ісаевым і І. І. Кабліцам, пачаў вывучаць народніцкую тэорыю, распаўсюджваў сярод студэнтаў нелегальныя выданні. Быў прыхільнікам рэвалюцыйнай арганізацыі народнікаў «Зямля і воля». 3 1878 года арганізоўваў студэнцкія зямляцтвы, якія лічыў зручнай формай рэвалюцыйнай прапаганды, быў адным з кіраўнікоў «Саюза зямляцтваў Пецярбурга». У 1879 годзе ўвайшоў у гурток «Маладыя землявольцы», які пасля расколу «Зямлі і волі» (жнівень 1879) далучыўся да арганізацыі «Чорны перадзел». У лістападзе 1879 года за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях Бонч-Асмалоўскі быў арыштаваны і высланы ў бацькоўскі маёнтак Блонь Ігуменскага павета (зараз Пухавіцкі раён) з пазбаўленнем права вучыцца ў ВНУ.
У 1880 годзе Бонч-Асмалоўскі садзейнічаў арганізацыі друкарні «Чорнага перадзелу» ў Мінску. У красавіку 1882 года быў арыштаваны, на працягу 5 месяцаў адбываў зняволенне ў мінскай турме. Стаўшы пасля смерці бацькі ўласнікам маёнтка Блонь, частку даходаў перадаваў на рэвалюцыйныя мэты. Разам з жонкай В. І. Вахоўскай і пры ўдзеле групы народных настаўнікаў, арганізаваў у Блоні сялянскі гурток самаадукацыі, спрабаваў стварыць «сацыялістычную арцель», распаўсюджваў нелегальную літаратуру. У красавіку 1886 года быў арыштаваны ў Канатопе, дзе знаходзіўся па справах нелегальнай друкарні. 3 сярэдзіны 1880-х гадоў, дзякуючы Бонч-Асмалоўскаму і яго жонцы, Блонь стала апорным пунктам рэвалюцыянераў розных кірункаў.
Анатоль Восіпавіч Бонч-Асмалоўскі – адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі (канец 1890-х гадоў), Блонскай сялянскай арганізацыі. У 1901 годзе быў арыштаваны разам з сынам Іванам, сасланы ва Усходнюю Сібір. У 1904 годзе вярнуўся па амністыі, увайшоў у склад абласнога камітэта Паўночна-Заходняй арганізацыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (Смаленск). Удзельнік рэвалюцыі 1905–1907 гг., друкаваў і распаўсюджваў нелегальную літаратуру. Падчас Снежаньскага ўзброенага паўстання 1905 года змагаўся на барыкадах у Маскве. У красавіку 1908 года – арыштаваны, у лютым 1910 года – аддадзены пад суд. У студзені 1911 года А. В. Бонч-Асмалоўскі быў апраўданы, але ў 1912 годзе зноў арыштаваны, адбываў пакаранне ў крэпасці.
У гады Першай сусветнай вайны быў у эвакуацыі, працаваў у арганізацыях дапамогі бежанцам. У 1917 годзе жыў у Маскве. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года быў абраны членам выканкама Уладзімірскага губернскага Савета сялянскіх дэпутатаў. 3 1918 года жыў у Мінску, актыўна ўдзельнічаў у кааператыўным руху. У гады акупацыі Беларусі польскімі войскамі знаходзіўся на нелегальным становішчы. 3 1926 года зноў у Маскве, член Усесаюзнага таварыства паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў.
Памёр Анатоль Восіпавіч 23 верасня 1930 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Бонч-Асмалоўскі Анатоль Восіпавіч // Асветнікі зямлі Беларускай X – пачатак XX ст. : энцыклапедычны даведнік / рэдкал: Г. П. Пашкоў [і інш]. – Минск : БелЭн, 2001. – 63–64.
2. Бонч-Асмалоўскі Анатоль Восіпавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 2 : Аршыца–Беларусцы. – С. 201.
3. Бонч-Асмалоўскі Анатоль Восіпавіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 39.
4. Бонч-Асмалоўскі Анатоль Восіпавіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 23–24.
5. Бонч-Асмалоўскі Анатоль Восіпавіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 526.
6. Бонч-Осмоловский Анатолий Осипович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 83.
7. Клейн, Б. С. Бонч-Асмалоўскі Анатоль Восіпавіч / Б. С. Клейн // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – Т. 2 : Беліцк – Гiмн. – С. 58.
СПАСЫЛКІ