Буйніцкі Ігнат Цярэнцьевіч
Буйніцкі Ігнат Цярэнцьевіч нарадзіўся 22 жніўня 1861 года ў фальварку Палевачы Дзісненскага павета, цяпер Глыбоцкі раён. Беларускі акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч, пачынальнік беларускага прафесійнага тэатра.
Акцёрскую адукацыю Буйніцкі атрымаў у Вільні – закончыў прыватную драматычную студыю, аднак некаторы час ён працаваў каморнікам. Раз'язджаючы ў службовых мэтах па далёкіх і блізкіх вёсках, назіраў за жыццём простага люду, блізка да сэрца прымаючы яго беды. «Буйніцкі быў пан для бедных», – пісала яго былая пакаёўка М. С. Радзюш у лісце да доктара мастацтвазнаўства У. Няфёда. Дапытлівы розум прымушаў мастака глыбока цікавіцца духоўным жыццём народа, прыглядацца да яго мастацкага самавыяўлення. Сучаснікі прыгадвалі, што Ігнат Цярэнцьевіч не расставаўся з вялікім скураным сшыткам, у які запісваў бачанае і чутае: тэксты беларускіх песень, танцавальныя кампазіцыі, узоры вышывак, абрысы адзення, арнаменты. Усё часцей ён наладжваў у сваім маёнтку тэатральныя вечарынкі, у якіх прымалі ўдзел палівачоўскія хлопцы і дзяўчаты. Да «дзядзькі Ігната» (так звалі яго навакольныя сяляне) людзі ішлі з вялікай ахвотай – іх вабіла добрае, адкрытае сэрца гэтага чалавека, яго шчырае захапленне песняй і танцам. Буйніцкі добра адчуваў няўтольную патрэбу ў сталым сцэнічным мастацтве. А тут выпадак падштурхнуў яго да рашучага кроку. За вялікую правіннасць (ён аддаў сялянам лішні кавалак панскай зямлі) яго звольнілі са службы. 3 гэтага часу Буйніцкі цалкам аддаўся тэатральнай справе.
У 1907 г. у Палівачах ён арганізаваў аматарскі калектыў, у склад якога ўвайшлі танцоры, спевакі, музыканты, чытальнікі. Быў распрацаваны рэпертуар з беларускіх песень і танцаў, вершаў і невялікіх сцэнак пераважна камедыйнага характару. Выстуленні адбываліся не толькі ў Палівачах, але і ў суседніх вёсках і мястэчках. Чуткі аб «дваровым тэатры» Ігната Буйніцкага разнесліся далёка, і ў лютым 1910 г. калектыў запрасілі прыняць удзел у першай публічнай беларускай вечарынцы, што адбылася ў Вільні. Поспех канцэрта быў незвычайны, што канчаткова пераканала Буйніцкага ў неабходнасці стварэння прафесійнага тэатра. Падтрыманы іншымі прыхільнікамі беларускай культуры, ён узяўся за справу рашуча і мэтанакіравана, і ўжо да лета 1910 г. яму ўдалося сфарміраваць пастаянную трупу і распачаць працяглыя гастролі па Беларусі. У час шматлікіх выступленняў калектыў набыў асноўныя рысы прафесійнага тэатра з пэўнымі эстэтычнымі, грамадзянскімі, этычнымі прынцыпамі і ўвайшоў у гісторыю як Першая беларуская трупа І. Буйніцкага.
Прадстаўляючы розныя творчыя напрамкі, тэатр Буйніцкага зыходзіў з адзінай крыніцы – народнага мастацтва. Фальклорна-этнаграфічныя традыцыі яскрава праяўляліся як пры ўвасабленні п'есы, так і пры выкананні песні і танца. Творчае аблічча Першай беларускай трупы выявілася і ў рэпертуары. Яго склалі п'есы «Па рэвізіі» і «Пашыліся ў дурні» М. Крапіўніцкага, «У зімовы вечар» паводле Э. Ажэшкі, «Сватанне» А. Чэхава, «Міхалка» Далецкіх, «Модны шляхцюк» К. Каганца. Буйніцкі ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва трупай і фінансаваў яе дзейнасць. Быў ён і першым танцорам, выступаў таксама ў хоры, удзельнічаў у драматычных спектаклях. Ігра Буйніцкага вызначалася жыццёвай і бытавой дакладнасцю, глыбокай самабытнасцю, тонкім гумарам.
Першая беларуская трупа выступала ў самых розных месцах – у Вільні, Мінску, у невялікіх мястэчках Беларусі, у Пецярбургу, Варшаве. Усюды яе выступленні праходзілі з вялікім поспехам. Дзейнасць Буйніцкага падтрымлівалі прагрэсіўныя дзеячы беларускай культуры: Я. Купала, Цётка, Ц. Гартны, З. Бядуля і інш. Трупа праіснавала да 1913 г. – з-за палітычнага ўціску і матэрыяльных цяжкасцей яе давялося распусціць. Аднак надзея стварыць новы беларускі тэатр ніколі не пакідала Буйніцкага. Зноў і зноў ён шукаў магчымасці наладзіць тэатральную справу, але першая сусветная вайна не дазволіла рэалізаваць намечаныя планы. Толькі пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. з'явіліся ўмовы для тэатральнай творчасці. Апошні вялікі клопат Буйніцкага – удзел у стварэнні Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Ён быў абраны яго кіраўніком, але па нейкіх прычынах пайшоў служыць на Заходні фронт. Неўзабаве адтуль прыйшла трагічная вестка аб раптоўнай смерці Ігната Буйніцкага. Ці то ад паралічу сэрца, ці то ад тыфу – пэўна не ўстаноўлена.
Памёр акцёр 22 верасня 1917 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Антановіч, К. Фармат Буйніцкага / К. Антановіч // Культура. – 2011. – 27 жн. – С. 14.
2. Буйніцкі І. Ц. // Новыя кнігі. – 2001. – № 5. – С. 5–7.
3. Вечарынка і тэатр у стылі Буйніцкага // Краязнаўчая газета. – 2011. – № 37 (кастр.). – С. 3.
4. Зінкевіч, А. І гарэць той славе... / А. Зінкевіч, У. Барыла // Веснік Глыбоччыны. – 2001. – 29 верас. – С. 1–2.
5. Ігнат Буйніцкі – заснавальнік беларускага тэатра // Мастацкая культура Віцебскага Паазер'я : ад старажытнасці да пачатку ХХ стагоддзя / А. У. Русецкі, Ю. А. Русецкі. – Мінск : БелЭн, 2005. – С. 249–260.
6. Іпатава, В. Натхняе і сёння / В. Іпатава // Краязнаўчая газета. – 2006. – № 3 (жн.). – С. 2–3.
7. Камлёва, Н. Празарокі – радзіма тэатра і яскравых зорак / Н. Камлёва // Витебские вести. – 2016. – 30 июля. – С. 7.
8. Кожан, К. Шляхі Ігната Буйніцкага / К. Кожан // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2011. – 3 верас. – С. 7–8.
9. Команава, Т. Ён быў заснавальнікам беларускага тэатра / Т. Команава // Культура. – 2001. – 29 верас. – 5 кастр. – С. 3.
10. Команава, Т. Самы першы беларускі прадзюсар / Т. Команава // Культура. – 2012. – 1 верас. – С. 14.
11. Марціновіч, А. Важна рэй вадзіў Буйніцкі / А. Марціновіч // Беларуская думка. – 2001. – № 8. – С. 75–83.
12. Няфёд, У. І. Буйніцкі Ігнат Цярэнцьевіч / У. І. Няфёд // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1984. – Т. 1 : Акапэла–Габелен. – C. 500–511.
13. Няфёд, У. Ігнат Буйніцкі – бацька беларускага тэатра: вачыма сучаснікаў і ў памяці нашчадкаў / У. Няфёд. – Мінск : Навука і тэхніка, 1991. – 124 с.
14. Подлипский, А. Основатель белорусского театра / А. Подлипский // Народнае слова. – 2000. – 28 сак. – С. 6.
15. Сауліч, У. Яму апладзіравалі Пецярбург і Варшава / У. Сауліч // Віцебскі рабочы. – 2012. – 1 верас. – С. 6.
16. Чыгрын, С. Верашчака, Лявоніха і хор курсістак: выступленне Ігната Буйніцкага ў Варшаве / С. Чыгрын // Літаратура і мастацтва. – 2011. – 18 лют. – С. 13.
17. Шымуковіч, Ф. Слынныя людзі г. Дзісны і Дзісненскага павету / Ф. Шымуковіч // Вольнае Глыбокае. – 2016. – 7 крас. – С. 11.