Бурмейстар Уладзімір Паўлавіч
Бурмейстар Уладзімір Паўлавіч нарадзіўся 5 ліпеня 1904 года ў Віцебску. Балетмайстар.
У 1920 годзе паступіў у харэаграфічную школу імя М. Лермантава ў Маскве. У 1925–1929 гг. вучыўся ў Цэнтральным тэхнікуме тэатральнага мастацтва (зараз – Расійскі ўніверсітэт тэатральнага мастацтва, Масква). Адначасова працаваў у Тэатры мініяцюр (1927).
З 1930 года – саліст, з 1932 года – балетмайстар Маскоўскага мастацкага балета пад кіраўніцтвам В. У. Крыгер (у 1939 годзе ўвайшоў у склад Музычнага тэатра імя У. І. Неміровіча-Данчанкі, з 1941 года – Маскоўскі музычны тэатр імя К. С. Станіслаўскага і У. І. Неміровіча-Данчанкі).
У 1941–1960 гг. і з 1963 года – галоўны балетмайстар Маскоўскага музычнага тэатра імя К. С. Станіслаўскага і У. І. Неміровіча-Данчанкі.
Сярод партый: Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Б. Асаф'ева), Алека («Цыганы» С. Васіленкі), Нікез («Саперніцы» на музыку П. Л. Гертэля). Ставіў балеты ў тэатрах Лондана, Парыжа і іншых гарадоў.
Уладзімір Паўлавіч Бурмейстар удастоены ганаровых званняў «Заслужаны артыст РСФСР», «Заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР», «Народны артыст РСФСР», «Народны артыст СССР». Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».
Памёр Уладзімір Паўлавіч 5 сакавіка 1971 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Бурмейстар Уладзімір Паўлавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 3 : Беларусы–Варанец. – С. 351.
2. Владимир Бурмейстер : [Фото] // Балет. – 2004. – № 6.– С. 50.