Дамінікоўскі Фёдар Мікалаевіч
Дамінікоўскі Фёдар Мікалаевіч нарадзіўся 24 студзеня 1905 года ў г. Глыбокае. Беларускі гісторык, бібліёграф, прыродазнаўца, грамадскі дзеяч, кандыдат сельскагаспадарчых навук (1935). Скончыў Варонежскі ўніверсітэт (1927). З 1915 г. у Яраслаўлі, дзе ў 1918–1920 гг. працаваў на будоўлі. Удзельнічаў у рабоце беларускага студэнцкага зямляцтва ў Варонежы, яго сакратар. Быў настаўнікам у Арэнбургу. З 1929 г. працаваў у Цэнтры хімічнай лабараторыі Беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі імя Леніна (з 1933 г. у складзе Глебавага інстытута АН БССР), потым у 1934 г. ва Усесаюзным інстытуце сельскай гаспадаркі ў Саратаве. З 1935 г. жыў у Маскве і працаваў у Інстытуце паўночнай зерневай гаспадаркі.
Удзельнік абароны Масквы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З жніўня 1943 г. загадчык кафедры геалогіі і глебазнаўства БДУ, адначасова (з кастрычніка 1944 г.) вучоны сакратар савета ўніверсітэта. Даследваў гісторыю навукі і культуры Беларусі, аўтар больш як 200 артыкулаў біябібліяграфічнага слоўніка «Выдатныя дзеячы беларускай зямлі» (1945–1947 гг., рукапіс захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа АН БССР).
Памёр 8 красавіка 1949 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Біёграфы-летапісцы // Глыбоччына : зямля любімая навечна, дзе Доўгае і Беразвечча... / аўт. тэксту У. І. Бацкалевіч ; фота К. Л. Дробава [ і інш.]. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 51–52.
2. Скалабан, В. Дамінікоўскі Фёдар Мікалаевіч / В. Скалабан // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1996. – Т. 3 : Гімназіі–Кадэнцыя. – С. 204.
3. Скалабан, У. Тодар Мікалаевіч Дамінікоўскі / У. Скалабан // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 411.