Данілаў Аляксандр Мікалаевіч
Данілаў Аляксандр Мікалаевіч нарадзіўся 14 мая 1955 года ў Віцебску. Беларускі вучоны ў галіне сацыялогіі. Доктар сацыялагічных навук, прафесар. Акадэмік Міжнароднай акадэміі навук вышэйшай школы. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
У 1980 годзе скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут. 3 1978 года працаваў у Віцебскім абкаме ЛКСМ Беларусі. 1991–1994 гг. – галоўны спецыяліст (сацыёлаг), загадчык сектара вывучэння грамадскай думкі і прагназавання, загадчык аналітычнага аддзела Упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. У 1994–2000 гг. – загадчык сектара вывучэння грамадскай думкі і прагназавання, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі – начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Адначасова, у 1996–2003 гг. – намеснік старшыні Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. У 1997 годзе А. М. Данілаў – галоўны рэдактар навукова-тэарэтычнага часопіса «Сацыялогія». У 2000–2003 гг. – прафесар, а з 2005 года – загадчык кафедры сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2003–2016 гг. – намеснік старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь.
Даследуе асноўныя кірункі і перспектывы сістэмнай трансфармацыі сучаснага грамадства, праблемы каштоўнасных арыентацый моладзі, методыкі аператыўнага вывучэння грамадскай думкі. Адзін з аўтараў навучальных дапаможнікаў па сацыялогіі, методыцы сацыялагічных даследаванняў, гісторыі сацыялогіі. З'яўляецца намеснікам старшыні Дзяржаўнай камісіі па падрыхтоўцы падручнікаў у галіне гуманітарных і сацыяльных навук.
Аўтар звыш 200 навуковых прац. Асноўныя працы: «Пераходны працэс і моладзь» (1993), «Пераходнае грамадства: праблемы сістэмнай трансфармацыі» (1997, 1998), «Улада і грамадства: пошук новай гармоніі» (1998), «Моладзь крызісных гадоў: ілюзія і новыя спадзяванні» (1999), «Сацыялогія ўлады: тэорыя і практыка глабалізму» (2001) і інш.
Аляксандр Мікалаевіч Данілаў – лаўрэат прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за лепшую навуковую працу, стыпендыят Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за дасягненне высокіх вынікаў у сферы прафесійнай дзейнасці.
ЛІТАРАТУРА
1. Аляксандр Мікалаевіч Данілаў : (да 60-годдзя з дня нараджэння) / Я. М. Бабосаў [і інш.] // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. – 2015. – № 3. – С. 121–122.
2. Данілаў Аляксандр Мікалаевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1998. – Т. 6 : Дадаізм–Застава. – С. 39.
3. Данілаў Аляксандр Мікалаевіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 524.
4. Данилов Александр Николаевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 350.
5. Данилов Александр Николаевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2006. – Т. 3 : Герасименко–Картель. – С. 301.
6. Данилов Александр Николаевич // Ученые-уроженцы Витебщины – для инновационной Беларуси / А. В. Русецкий, Н. К. Толочко. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2007. – С. 50–52.
СПАСЫЛКІ
Национальная академия наук Беларуси – Данилов Александр Николаевич
Белорусский государственный университет. Кафедра Социологии – Данилов Александр Николаевич