Данілевіч Міхаіл Георгіевіч
Данілевіч Міхаіл Георгіевіч нарадзіўся 08 лістапада 1882 года на хутары каля г. п. Ула Лепельскага павета (цяпер Бешанковіцкі раён), вучоны, медык-інфекцыяніст, прафесар.
У 1910 г. скончыў Ваенна-медыцынскую акадэмію ў Пецярбургу, у 1912 г. – інтэрнатуру ў Выбаргскай дзіцячай бальніцы. Працаваў у Мікалаеўскай дзіцячай бальніцы, старшым урачом інфекцыйных аддзяленняў бальніцы імя Н. Ф. Філатава. Адначасова быў асістэнтам на кафедрах дзіцячых і інфекцыйных хвароб у Петраградскім медыцынскім інстытуце. З 1925 г. загадваў Васілевостраўскай дзіцячай бальніцай і з’яўляўся старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута аховы мацярынства і дзяцінства. Працаваў у 1934–1956 гг. загадчыкам кафедры дзіцячых інфекцый у Ленінградскім педыятрычным медыцынскім інстытуце, у НДІ дзіцячых інфекцый. Удзельнічаў у стварэнні савецкай сістэмы аховы здароўя, будаўніцтве дзіцячых бальніц, амбулаторый. Намаганнямі М. Г. Данілевіча ў Ленінградзе была створана сетка дзіцячых інфекцыйных стацыянараў, якая ўключала ў сябе акрамя клінікі кафедры НДІ дзіцячых інфекцый, шпіталь ім. Н. Ф. Філатава, дзіцячую інфекцыйную бальніцу № 3, дзіцячую інфекцыйную бальніцу ім К. Лібкнехта, дзіцячую інфекцыйную бальніцу № 13, дзіцячую бальніцу Л. Пастера.
Прафесар Данілевіч апублікаваў каля 150 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій, прысвечаных пераважна такім хваробам, як шкарлятына, дыфтэрыя, дызентэрыя. Першы ў расійскай навуцы сфармуляваў паняцце «перакрыжаваныя інфекцыі». Вывучыўшы іх ролю ў дзіцячай смяротнасці, ён прапанаваў сістэму прафілактыкі ўнутрыбальнічных заражэнняў. Быў членам праўлення Ленінградскага таварыства дзіцячых урачоў і таварыства мікрабіёлагаў, эпідэміёлагаў і інфекцыяністаў, арганізатарам Камітэта па дзіцячых кропельных інфекцыях у Ленінградзе. Рашэннем Вучонага савета Санкт-Пецярбургскай педыятрычнай медыцынскай акадэміі кафедры інфекцыйных захворванняў прысвоена імя прафесара Міхаіла Георгіевіча Данілевіча.
Памёр у 1956 годзе.
ЛІТАРАТУРА
1. Брэжскі, В. Урач, вучоны, дойлід аховы здароўя / В. Брэжскі // Зара (Бешанковічы). – 1982. – 11 снеж. – С. 4.
2. Данілевіч Міхаіл Георгіевіч // Імёны, асобы, лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 101–102.
3. Данілевіч Міхаіл Георгіевіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Витебская областная типография, 2007. – С. 60–61.
4. Данілевіч Міхаіл Георгіевіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Бешанковіцкага раёна / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1991. – С. 410–411.
5. Крачкоўскі, А. Родам з Улы / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). – 2000. – 6 студз. – С. 3.
6. Мацкевіч, В. Данілевіч Міхаіл Георгіевіч / В. Мацкевіч // Сузор’е беларускага памежжа: беларусы і народжаныя ў Беларусі ў суседніх краінах : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: А. Адамковіч [і інш.]. – Мінск : Энцыклапедыкс, 2014. – С. 154.