Давыдава Вера Сафронаўна
Давыдава Вера Сафронаўна нарадзілася 22 снежня 1918 года ў в. Шарыпы Гарадоцкага раёна, беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук.
У 1941 годзе скончыла Маскоўскі гісторыка-архіўны інстытут . 3 1941 года пачала працаваць у архіўных установах г. Барнаула.
Удзельніца партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
3 1945 года – начальнік філіяла Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР у г. Гродна. 3 1951 года – начальнік аддзела Архіўнага ўпраўлення Міністэрства ўнутраных спраў БССР, з 1956 года – навуковы супрацоўнік, загадчык сектара партархіва, загадчык сектара Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. У 1974–1989 гг. – навуковы супрацоўнік сацыялагічнай лабараторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Аўтар шэрагу навуковых прац па гісторыі партыйнага падполля на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адна са складальнікаў зборнікаў дакументаў «Рэвалюцыйны рух на Беларусі 1905–1907 гг.» (1955), «Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя на Беларусі» (Т. 1–2, 1957), «Паказанні і запіскі пра польскае паўстанне 1863 г. Аскара Авейдэ» (1961), рэдактар і складальнік зборніка дакументаў «Сялянскі рух на Беларусі пасля адмены прыгоннага права (1861–1862)» (1959).
Памерла Вера Сафронаўна 17 жніўня 2000 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Давыдава Вера Сафронаўна // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Н. А. Бурунова [і інш.] ; уклад. С. І. Садоўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 2004. – С. 711.
2. Давыдава Вера Сафронаўна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1996. – Т. 3 : Гімназіі–Кадэнцыя. – С. 188.
СПАСЫЛКІ